Днямі актыў в. Асінаўка і дачных кааператываў, што ў ваколіцах возера, быў створаны некамерцыйны кааператыў “Водны край Асінаўка”. Звяртаюся да ўсіх нераўнадушных людзей з просьбай падтрымаць фінансава наш праект па вяртанні вадаёму прыстойнага выгляду. Грашовыя сродкі можна пералічыць на рахунак у Беларусбанку. Вось нашы рэквізіты: ПК “Водны край Осиновка”, р/с ВУ66АКВВ30150000591850000000 БИК АКВВВУ2Х Беларусбанк.
Мы вельмі спадзяёмся, што знойдуцца ў нашым горадзе і навакольных населеных пунктах нераўнадушныя грамадзяне і мецэнаты, якія ахвяруюць на рахунак кааператыва сродкі, каб мы маглі аплаціць праект і наступныя работы па вяртанні возеру ў Асінаўцы належнага стану.
Мы ўдзячны тым, хто адгукнуўся на нашу просьбу, паспрыяў вырашэнню многіх пытанняў. Вельмі крыўдна было, калі ў асобных кабінетах натыкаліся на непаразуменне і нават непрыязнасць кшталту пытання: “А навошта вам гэта патрэбна?” Каб не было брудных чутак і паклёпу ў наш адрас з боку некаторых асоб, хачу адразу патлумачыць. Па законе возера не належыць прыватызацыі, таму што знаходзіцца ў запасніку горада. Яго нельга нават узяць у арэнду. Таму нашы дзеянні ніякім чынам не звязаны з уласнымі карыслівымі планамі адносна гэтага вадаёма. Пра тое, чаму гэты куток прыхільнікам добраўпарадкавання такі дарагі, я падрабязна напісала ў газету “Светлы шлях”. Чытайце бліжэйшы нумар.
Больш месяца мы з Наталляй Змітровіч абівалі парогі розных устаноў і кабінетаў. Вялікі дзякуй нашаму старшыні райвыканкама Генадзю Васільевічу Харужыку за паразуменне, за прыязнасць, канкрэтныя парады і своечасовую дапамогу. Мы ўдзячны таксама Святлане Салагуб – вядучаму спецыялісту ўпраўлення дзяржаўнай маёмасці, якая адгукнулася на нашу просьбу і дала кваліфікаваную падказку, як выйсці з замкнёнага кола. Гэта па яе парадзе мы стварылі кааператыў і пачалі непасрэдна супрацоўнічаць з інстытутам рыбнай гаспадаркі, экалагічнай інспекцыяй, раённым таварыствам рыбаловаў і паляўнічых. Святлана Анатольеўна дапамагла правільна аформіць дакументы, за што ёй нізкі паклон.
Вельмі хочацца верыць, што на заклік нашай суполкі адгукнуцца смаргонцы і тыя, хто лічыць яе сваёй малой радзімай. Давайце талакой адновім чароўны азёрны куток, каб пакінуць у спадчыну новым пакаленням Смаргоншчыны чысты вадаём, куды вернуцца лебедзі, дзе будзе бяспечна купацца і адпачываць.
Галіна ДОРНІК.