КСУП “Сінькі” актыўна вядуць нарыхтоўку зернесенажу. Пакуль каласавыя культуры даспяваюць на палетках, у аграрыяў ёсць час папаўняць запасы кармоў для буйной рагатай жывёлы.
Працэс нарыхтоўкі зернесенажу прыкладна такі ж, як і нарыхтоўкі травяных кармоў. Кашэнне, падбор і здрабненне, закладка ў траншэю. Розніца ў тым, што з палеткаў убіраюцца не травы, а зерневыя культуры, якія, часцей за ўсё, сеюцца ў сумесі з бабовымі. Так, напрыклад, вясной на полі побач з вёскай Цары аграрыі пасеялі авёс і бабовую культуру віку. Ужо авёс дасягнуў стадыі малочнавасковай спеласці, падчас якой у расліне назапашваецца найбольшая колькасць сахароў і крухмалу. Самы час убіраць!
Як адзначыў намеснік дырэктара КСУП “Сінькі” Мікалай Баранчук, зернесянаж – гэта вельмі спажыўны і лёгказасваяльны корм. Ён спалучае ў сабе якасці канцэнтраваных і грубых кармоў. Жывёлы ахвотна паядаюць яго. Усяго КСУП “Сінькі” плануюць нарыхтаваць каля 1500 тон зернесенажу. Больш за 1000 тон ужо закладзена ў траншэі.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.