Найти тему
novychas.by

Лукашэнка-1994: «Мне стала дрэнна. У эканоміцы поўны абвал»

Оглавление

Невядома, ці прэзідэнцкая выбарчая кампанія 2020 года стане апошняй для Аляксандра Лукашэнкі, але ёсць нагода прыгадаць самыя першыя выбары прэзідэнта Беларусі, на якіх ён перамог.

Многія аналітыкі і проста выбаршчыкі ва ўзросце 40 з лішкам гадоў цяпер праводзяць паралелі з 1994 годам, калі значная частка беларусаў галасавалі па прынцыпе «хто заўгодна, абы не Кебіч», тагачасны прэм’ер-міністр. Так і цяпер электаральны выбар шмат у каго матываваны проста: «Хто заўгодна, абы не Лукашэнка».

У другім туры выбараў 10 ліпеня 1994 года дэпутат Вярхоўнага Савету, старшыня саўгасу Аляксандр Лукашэнка пераканаўча выйграў у кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча, набраўшы 80% галасоў. Такім чынам ён узяў рэванш у прэм’ера за паразу ў 1989 годзе: яны балатаваліся па адной акрузе на выбарах у Вярхоўны Савет СССР, прычым Кебіч тады атрымаў дэпутацкі мандат з зусім невялікай перавагай у галасах.

Цікава, што дэпутат Вярхоўнага Савету першай паловы 1990-х гадоў ад апазіцыйнага Беларускага Народнага Фронту Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «Дзевяноста чацвёрты» піша, што Лукашэнка перамог нават у першым туры: «Ноч з 23 на 24 чэрвеня, калі падлічваліся вынікі галасавання ў першым туры выбараў, я ў якасці даверанай асобы Зянона Пазьняка правёў у Цэнтральнай выбарчай камісіі, прычым — у кабінеце яе старшыні Аляксандра Абрамовіча. Да яго сцякаліся дадзеныя з абласных камісій, і ўжо гадзіны ў тры ночы быў папярэдні вынік: перамог Аляксандр Лукашэнка, ён атрымаў каля 54-56% галасоў. Другім за ім ішоў Пазьняк, потым — Шушкевіч, а Кебіч быў на чацвёртым месцы».

Ці не вымалёўваецца яшчэ адна паралель з цяперашнім рэйтынгавым кандыдацкім раскладам?

Афіцыйныя вынікі першага туру былі такія: Лукашэнка — 45%, Кебіч — 17%, Пазьняк — 13%, былы спікер парламенту Станіслаў Шушкевіч — 10%... Але апратэстоўваць іх штаб Лукашэнкі не стаў. У сваёй кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» палітолаг і сябра перадвыбарчага штабу Лукашэнкі, а затым кароткі час супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Фядута піша: «Паводле Грамадскай кантрольнай камісіі, Лукашэнка перамагае ўжо ў першым туры, аднак яго штаб не прадпрымае ніякіх дзеянняў, каб аспрэчыць абвешчаныя Цэнтрвыбаркамам вынікі», бо ў выніку іх афіцыйнага абвяржэння «выбары маглі быць прызнаныя несапраўднымі, а наменклатура атрымала б шанец ачуняць ад перапуду і не дапусціць паўторнага вылучэння Лукашэнкі».

Фота газеты "Свабода"
Фота газеты "Свабода"

Згаданая намі паралель у пратэставых настроях выбаршчыкаў на гэтым і сканчаецца. Бо, у адрозненне ад цяперашняй сітуацыі, у 1994 годзе прэзідэнцкія выбары прайшлі цалкам дэмакратычна — прысутнасці супернікаў кандыдата ад улады Кебіча было ў сродках масавай інфармацыі дастаткова. Болей за тое: Лукашэнка не павінен быў стаць кандыдатам у прэзідэнты праз недакладнасці ў дакументах, пададзеных для рэгістрацыі. Напрыклад, у падпісных аркушах за Лукашэнку няправільна было ўказанае месца працы — было пазначана, што ён дэпутат, але яго працоўная пасада называлася інакш: «Дырэктар саўгасу “Гарадзец” Шклоўскага раёна». Акрамя таго, ён не меў пры сабе пашпарту: маўляў, скралі. Але на гэта заплюшчылі вочы, і Лукашэнку зарэгістравалі. Параўнайце такі лаяльны падыход з тым, якія прыдзіркавыя бар’еры ўзводзяцца падчас кожнай выбарчай кампаніі перад апанентамі дзейнага кіраўніка краіны!

«Ніводнага несумленнага кроку ў адносінах да людзей»

Выбарчая кампанія-1994 Лукашэнкі была, бадай, самай паліттэхналагічнай. Да яго харызмы і ўмення ладна гаварыць дадалося ўдалае пазіцыянаванне як незалежнага і народнага кандыдата. І галоўнага барацьбіта з карупцыяй, на якога нават, нібыта, быў здзейснены замах пад горадам Лёзна на Віцебшчыне. Зрэшты, следчыя прыйшлі да высновы, што гэта была самастрэльная інсцэніроўка. Шмат пунктаў надаў Лукашэнку і візіт у Маскву з інтэграцыйным выступам з трыбуны Дзяржаўнай думы. Дарэчы, арганізоўваў той візіт Валерый Цапкала, які адказваў у камандзе кандыдата Лукашэнкі за міжнародны накірунак.

«Новы Час» вывучыў, што казаў і абяцаў Аляксандр Лукашэнка ў сваёй перадвыбарчай праграме, а таксама ў першыя дні і месяцы пасля таго, як заступіў на пасаду прэзідэнта. Пачнем з таго, што сітуацыя ў эканоміцы сапраўды была складаная. Хаця, канешне, Лукашэнка цяпер згушчае фарбы, кажучы, што мукі было ў Мінску на тры дні, ці што хадзілі ледзьве не ў лапцях. Аднак у перадвыбарным 1993 годзе ў параўнанні з папярэднім 1992-м нацыянальны даход склаў 90%, інфляцыя — 1700%.

-3

На эканамічным заняпадзе і акцэнтаваў увагу Лукашэнка напярэдадні выбараў. Тэзісы яго праграмы як кандыдата называліся пафасна-месійна — «Адвесці народ ад бездані». Сітуацыя ў Беларусі апісвалася так: «Мы стаім над безданню сістэмнага крызісу дзяржавы. Нават пасля Вялікай Айчыннай вайны такога не было... Квітнеюць спекуляцыя, гвалт, размываюцца маральныя асновы грамадства, сумленнасць і прыстойнасць становяцца катэгорыямі трэцяга гатунку. Злачыннасць замахнулася не толькі на бяспеку грамадзян, але і на саму дзяржаву. Карупцыя паралізавала работу ўлады. Па-жывому разрэзаны традыцыйныя сувязі братэрскіх народаў». Асноўнымі мэтамі новай улады, паводле кандыдата Лукашэнка, павінны былі стаць: спыненне росту цэн і збяднення насельніцтва, рух ад развалу да стабільнасці, барацьба з карупцыяй, аднаўленне знішчаных сувязяў — у першую чаргу з Расіяй ды Украінай.

Адметна, што ў першых сваіх інтэрв’ю адразу пасля трыумфу на выбарах Лукашэнка прызнаваўся, што страціў сон і спакой: «Эйфарыя перамогі прайшла на працягу адной раніцы»; «Мне стала дрэнна. У эканоміцы поўны абвал».

Пасля прысягі на сесіі Вярхоўнага Савету Лукашэнка ў сваім выступе абяцаў узяцца за праграму выхаду з крызісу. Пры гэтым ён завіў, што «прэзідэнт і ўрад не зробяць ніводнага непралічанага і несумленнага кроку ў адносінах да людзей», «ніякага вяртання да камандна-адміністратыўных метадаў кіравання эканомікай не будзе», «мы дасягнем згоды з рознымі палітычнымі сіламі».

Як Лукашэнка адкручваў цэны

Увосень Лукашэнка прадставіў праграму рынкавых рэформаў. Яе нават збольшага ўхваліў Ценявы ўрад апазіцыі. Але Лукашэнка відавочна вагаўся паміж гэтымі самымі рэформамі і страхам незадаволенасці людзей ад іх негатыўнага эфекту. Паміж Адміністрацыяй прэзідэнта і ўрадам пачаліся супярэчнасці што да эканамічнай палітыкі. У лістападзе грымнуў скандал. Калі Лукашэнка быў у ад’ездзе, прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір распарадзіўся падняць кошты дзеля падтрымкі вытворцаў. Лукашэнка вярнуўся і загадаў адкруціць лічбы на цэнніках назад, а тых, хто адмовіцца гэта зрабіць — «зняць з пасадаў і арыштаваць». Падобная рыторыка стала фірмовым стылем яго кіравання на гады.

-4

Крыху адкручаныя на той загад назад кошты хутка не толькі вярнуліся на старыя пазіцыі, але і паляцелі ўгару. Увогуле, у першыя месяцы кіравання Лукашэнкі паляпшэння ў эканоміцы абсалютна не наставала. Наадварот, расла інфляцыя і курс долара. У тым самым лістападзе 94-га прэса пісала, што больш за палову насельніцтва Беларусі жыве за рысай беднасці!

У снежні ў адстаўку падаў віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар, адзін з «маладых ваўкоў» сярод беларускіх палітыкаў, што паспрыялі прыходу Лукашэнкі да ўлады. Ганчар, у прыватнасці, крытыкаваў згаданае адкручванне мэтазгодна ўзнятых дзеля аздараўлення эканомікі коштаў і тое, што працу Саўміну падмяніла сабой блізкае атачэнне Аляксандра Лукашэнкі. Наўпрост ён называў і прозвішчы — кіраўніка справамі прэзідэнта Івана Ціцянкова і сакратара Савету бяспекі Віктара Шэймана. Апрача гэтага, Ганчар заявіў, што чакае, каб Лукашэнка нарэшце перайшоў ад словаў да справаў.

Між тым, Лукашэнка якраз увосень 1994 года, — а не прайшло і паўгода ад пачатку прэзідэнцтва, — пачаў прасіць у парламента дадатковых паўнамоцтваў для рэалізацыі свайго курсу па выхадзе з эканамічнага крызісу. У тым ліку каб прымаць указы у абыход законаў. Тады ж было заяўлена пра неабходнасць стварэння «вертыкалі» выканаўчай улады.

Дэмакратычна абраны на прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка вельмі хутка пачаў мацаць уладу «цвёрдай рукой». Але тады яшчэ многія пасміхаліся і прагназавалі, што яго кіраванне працягнецца гады з два...

Аўтар Павел Кірылаў, https://novychas.by/poviaz/lukaszenka-1994-mne-stala-drenna-u-ekanomicy-po