Найти тему
Газэта ARCHE

Першы правал Бабарыкі: Шанцы сабраць 1 мільён подпісаў да 14 чэрвеня мізэрныя

Оглавление

АЛЯКСАНДР КУР’ЯНОВІЧ

Па меры таго, як кампанія па выбарах прэзідэнта набірае абароты, некаторыя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы настойліва праводзяць ідэю аб тым,  што 9 жніўня Беларусь займее новага прэзідэнта.

Ім можа стаць Віктар Бабарыка (на іншых надзеі меншыя)

Менавіта ў такім ключы вытрымана інтэрв’ю з ураджэнцам Гомеля, палітэхнолагам Віталём Шкляравым, апублікаванае 1 чэрвеня пад вельмі паказальнай назвай «Пачаўся зваротны адлік, гэта падзенне», — паліттэхнолаг пра затрыманне Ціханоўскага і небяспечнага для ўлады Бабарыку».

Паслужны спіс спадара Шклярава сапраўды ўражвае: атрымаў доктарскі ступень ва ўніверсітэце Фехты, мае статус запрошанага навуковага супрацоўніка Гарвардскага ўніверсітэта, удзельнічаў у выбарчых кампаніях Ангелы Меркель ды расійскіх апазіцыянераў Дзмітрыя Гудкова і Ксеніі Сабчак.

Аднак падобныя рэгаліі — далёка не падстава згаджацца з усімі сцвярджэннямі паважанага паліттэхнолага. Тым больш ёсць добрая нагода пакрытыкаваць яго за леташняе (кастрычнік 2019 года) інтэрв’ю з падобным фатальна-апакаліптычным загалоўкам «Пры транзыце ўлады чалавек з прозьвішчам Лукашэнка ня мае шанцаў».

Тады спадар Шкляраў сцвярджаў, што ў палітычнай прасторы Беларусі няма чалавека, які б адважыўся кінуць выклік Лукашэнку, што Аляксандр Рыгоравіч — гэта надоўга, і што транзіт вышэйшай улады ў Беларусі магчымы толькі пры пагаршэнні яго стану здароўя.

Аднак варта было праз няпоўны год на палітычнай сцэне з’явіцца Бабарыку ці таму ж Ціханоўскаму, як Віталь Шкляраў пераканаўся, што ў Лукашэнкі шанцаў ужо няма.

Пытанне, чаму ніхто не прадсказаў феномен таго ж Бабарыкі ці Ціханоўскага, мы адрасуем не толькі спадару Шкляраву, і але і ўсім аматарам рабіць гучныя прагнозы і эпатаваць публіку крыклівымі загалоўкамі.

Таксама не пераконвае тэзіс Шклярава, што Бабарыка падобны да Лукашэнкі: у Бабарыку можна разгледзець хутчэй падабенствы з Міхаілам Чыгіром. Калі ж Шкляраў разважае пра Бабарыку як пра патэнцыйнага прэзідэнта, то незразумела, якую ролю ён адводзіць Ціханоўскаму. Паколькі Шкляраў не дапускае думкі, што Ціханоўскі зможа стаць прэзідэнтам краіны («з якім-небудзь Ціханоўскім Пуцін бы не размаўляў, як і з Зяленскім»), мабыць, паводле паліттэхналагічнай логікі, той будзе служыць своеасаблівым таранам, які выкліча хвалю пратэстаў і дапаможа Бабарыку захапіць уладу.

І хаця ў палітыцы няма амаль нічога немагчымага, палітычны сімбіёз Бабарыка-Ціханоўскі ўявіць даволі цяжка. Да таго ж улады хай і неўклюдна, але эфектыўна нейтралізавалі Ціханаўскага (у лепшым для апошняга выпадку — да канца кампаніі).

І пакуль што не бачна, што тыя, хто ўтвараў «кіламетровя чэргі», каб аддаць свой подпіс за блогера, гараць жаданнем ісці вызваляць свайго куміра.

Ды ўвогуле нашыя эксперты (паважаны Васіль Герасімчык, адзін з аглядальнікаў Газеты «ARCHE», увогуле параўнаў Ціханоўскага з Усяславам Чарадзеем, які паставіў на вушы абласныя цэнтры) перабольшваюць фактар масавых пратэстаў. Варта нагадаць, што тыя пратэсты («дармаеды»), якія адбываліся тры гады таму, былі выкліканы не столькі сумнавядомым дэкрэтам, а агульнай эканамічнай сітуацыяй у краіне.

Аднак насуперак пэўным спадзяванням яны не прывялі да змены ўлады.

Нельга згадзіцца са спадаром Шкляравым і наконт таго, што ўлада не мае перадвыбарнай стратэгіі. Яе крокі сведчаць пра адваротнае. Напрыклад, наведваючы ў мінулую пятніцу МТЗ, Лукашэнка выбраў момант, каб адкрыць агонь па штабах.

А калі апаненты Лукашэнкі чакалі з яго вуснаў кампліментаў і пажаданняў поспеху, а не выразаў накшталт «шелудивый», дык што сказаць пра такіх апанентаў.

Артыкул Ігара Марзалюка, сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком КДБ, інтэрнэт-допісы спартсменаў, — усе гэта элементы цэльнай дзяржаўна-прапагандысцкай кампаніі.

Віталь Шкляраў называе вертыкальшчыкаў і сілавікоў «бяздарнымі і тупаватымі».

Але ці не яны забяспечылі ў цэлым беспраблемнае доўгае кіраванне Лукашэнкі?

Спадар Шкляраў перажывае з той нагоды, што Лукашэнка не ўдзельнічае ў тэледэбатах, не дапускае да выбараў Ціханоўскага.

Дык Лукашэнка не рабіў гэтага ніколі. Чаму ён павінен рабіць зараз?

Зусім дзіўна выглядае меркаванне Шклярава, паводле якога Бабарыка здольны стаць прэзідэнтам Беларусі таму, што нібыта зможа дамовіцца з Пуціным.

І ў пачатку гэтага ж інтэрв’ю cпадар Шкляраў называе пуцінскі рэжым таталітарнай дзяржавай. І гэта пры тым, што для любога палітычнага назіральніка цяпер відавочна, што дамовіцца (выбіць прэферэнцыі і пад.) з Крамлём можна коштам далейшага абмежавання суверэнітэта.

Сам Бабарыка спачатку пацвердзіў такое меркаванне Шклярава, заявіўшы ў інтэрв’ю «Московскому комсомольцу» пра пра магчымасць увядзення супольнай валюты з Расіяй, але пасля дэзавуіраваў гэтую заяву.

Не выказаўся Бабарыка выразна і ў пытанні прызнання Беларуссю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. 

А вось маштаб сваіх амбіцый ён агучыў, заявіўшы, што хоча сабраць мільён подпісаў. Кампанія па іх зборы, як вядома, працягнецца да 14 чэрвеня ўключна. І хаця Бабарыка сцвярджае, што яго ініцыятыўная група сабрала амаль 100 тыс., на асабістым сайце фігуруе лічба ў 85 тыс.

https://babariko.by/
https://babariko.by/

А розніца паміж 85 і 100, згадзіцеся, істотная.

І нават калі Бабарыка мае 100 тыс. подпісаў (а прайшло ўжо амаль два тыдні), як за астатні час ён збіраецца сабраць 900 тыс. подпісаў?

Хутчэй за ўсё, Віктар Дзмітрыевіч дагэтуль знаходзіцца пад уражаннем ад колькасці членаў сваёй ініцыятыўнай групы, забываючыся, аднак, што колькасць і якасць — не адно і тое ж. Трэба ўлічваць і фактар ЦВК: Дэкларацыя Бабарыкі аб сумленных выбарах для Лідзіі Ярмошынай не больш,чым фількіна грамата.

З’яўленне сёлета на палітычнай сцэне Бабарыкі альбо Ціханоўскага адлюстроўвае рэзкі рост у беларускім грамадстве запыту на рэформы і перамены. Мы будзем рады любому поспеху гэтых палітыкаў. Але любыя іх дасягненні будуць немагчымыя без умення ставіць і дасягаць рэалістычныя мэты, прафесійна расстаўляць акцэнты, эфектыўна размяркоўваць рэсурсы.

А ад незалежных экспертаў мы чакаем прагнозы з апорай на рэальную сітуацыю, а не хваласпевы ці скрыгатанні зубамі на адрас патэнцыйных канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах 9 жніўня.