ВАСІЛЬ ГЕРАСІМЧЫК Перад беларусамі цягам найбліжэйшых месяцаў будзе разгортвацца відовішча, падчас якога палітыкі, якія спаборнічаюць за пасаду прэзідэнта, будуць акрэсліваць сваё стаўленне не толькі да сучаснасці, але і да мінулага. Бачанне гісторыі – выдатны індыкатар палітычных поглядаў асобы, якая прэтэндуе на пасаду прэзідэнта, бо, як яшчэ ў 1974 годзе пісаў гісторык Тэадор Шнайдэр: “…гістарычная свядомасць выходзіць за межы выключнай цікавасці да таго, што адбылося ў мінулым і стала гісторыяй. Яна таксама прадугледжвае выкарыстанне набытых ведаў у якасці элемента ў фармаванні ідэй і дзеянняў, якія вызначаць будучыню”. Выказвацца на тэмы гісторыі ўжо пачалі Валерый Цапкала і Віктар Бабарыка -- колішні дыпламат падчас сваёй прэс-канферэнцыі, а колішні банкір – у ходзе праграмы “Ідэя Х” на “Еўрарадыё. Цапкала з Бабарыкам – прадстаўнікі не толькі адной генерацыі, але і падобныя ў поглядах на гісторыю краіны, прэзідэнтам якой кожны з іх імкнецца стаць (ці робіць выгляд, што імкнецца).