Найти в Дзене
Газэта ARCHE

Пандэмія дазваляе зазірнуць табе ў твой заўтрашні дзень

СЯРГЕЙ ГРУНТОЎ

Пандэмія COVID-19 надзейна стала галоўнай інфармацыйнай падзеяй нашай штодзённасці. Захварэла сама мала паўмільёна чалавека, абмяркоўваюць яе, трэба думаць, сем мільярдаў. Вельмі хутка стала зразумела, што гэта не толькі медыцынская, але і сацыяльная праблема, якая вядзе да дысфункцыі і часовага параліча многіх інстытутаў грамадства, абрывае ці дэфармуе камунікатыўныя сувязі.

І як любая сур’ёзная хвароба вядзе да абвастрэння захворванняў хранічных, так і COVID-19 прымушае нас звярнуць увагу на спадчынныя праблемы нашай цывілізацыі. Праблема ўтрымання балансу паміж бяспекай і свабодай, праблема падатлівасці маральным панікам і чуткам, праблема крохкасці “нармальнасці” нашай штодзённасці і многія іншыя сталі прадметам дыскусій на самых розных пляцоўках.

Сярод іх ёсць тэма, якая артыкулюецца вельмі часта, але амаль не абмяркоўваецца. Гэта тэма старасці.

Хваробу, выкліканую вірусам COVID-19, найскладаней перажыць людзям старога веку, для іх ён найбольш небяспечны. Першае сацыяльнае наступства гэтага – павышэнне маральнай адказнасці маладзейшых пакаленняў. Можна быць носьбітам віруса і нават не адчуць гэтага, але стаць прычынай заражэння і магчымай смерці сваіх блізкіх.

Сказанае можна было б назваць чыста тэарэтычнай выкладкай, каб не навіны з найбольш пацяпелых краін нашай часткі свету на бягучы момант. У Італіі з-за недахопу медперсаналу і апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх дактарам часам даводзіцца выбіраць, каго з двух пацыентаў ратаваць. Перавагу аддаюць мацнейшаму, а пры іншых роўных - маладзейшаму, таму што ў яго больш шансаў выжыць.

Такі сабе біялагічны дэтэрмінізм чыстай вады.

У Гішпаніі, калі армія занялася агульнай дэзінфекцыяй дамоў старых, аказалася, што з шэрагу з іх ужо збег персанал, кінуўшы іх насельнікаў на волю лёсу. Частку з тых, хто памёр у сваіх ложках, там і пакінулі, баючыся заразіцца вірусам.

Само сабой, гэта не азначае нейкай агульнай рэвізіі стаўлення да старых людзей. Італьянскі прыклад звычайна успрымаецца як трагедыя, гішпанскі – як ганебнае выключэнне. Але яны нагадваюць, што культура – тонкае пакрывала, і калі яго швы пачынаюць рвацца, то пад ударам у першую чаргу аказваюцца самыя слабыя.

Сітуацыя, дзе біялагічная катастрофа пераважна закранае асобную сацыяльную групу нагадвае сюжэт фантастычнага рамана. Акрамя таго, на памяць прыходзіць “Дзённік вайны са свіннямі” (1969) Адольфа Б’ёй Касарэса, аргенцінскага празаіка і суаўтара Борхеса. Там канфлікт пакаленняў паказаны даведзеным да абсурду, як прамая вайна маміж моладдзю і старымі. На старых літаральна палююць, таму што яны пануюць над жыццём, валодаюць статусам і грашыма, займаюць добрыя працоўныя месцы, жэняцца з маладзейшымі і гэтак далей. Тыя баяцца выходзіць з дому.

-2

Гэта гратэск і абсурд, але праз яго прамаўляюцца сацыяльныя напружанні, уласцівыя для любога грамадства. Яны згладжваюцца заможнасцю і добрай сістэмай сацыяльнага забеспячэння, але ў выпадку істотнага эканамічнага крызісу непазбежна выйдуць на паверхню ў Еўропе з яе старэючым насельніцтвам.

Тэма старасці прадстаўлена не толькі ў аргенцінскай літаратуры, але і ў беларускім фальклоры. У ім вядомы сюжэт, які тлумачыць, чаму людзі перасталі (як было даўней) забіваць старых. Паводле яго, раней яны падаваліся цалкам пазбаўленымі карысці, толькі дарма хлеб елі, таму іх і забівалі. Пасля карысць знайшлася – у выглядзе мудрасці, якую яны акамулююць і якая можа практычна дапамагчы ў жыцці, таму і перасталі забіваць.

Але тэма старасці раскрываецца ў сітуацыі пандэміі і ў зусім іншым ракурсе, які застаецца дагэтуль незаўважаным і які вельмі важна прамовіць. Усведамленне яго, хай у вельмі стаічным духу, карыснае для кожнага з нас незалежна ад узросту.

Праз агульнаеўрапейскі каранцін, усеагульныя абмежаванні ў мабільнасці і кантактах цэлы кантынент атрымаў магчымасць адчуць сябе старымі людзьмі, якім складана выйсці з кватэры, якім не хапае стасункаў з блізкімі, якім даводзіцца мірыцца з думкамі пра тое, што смерць паблізу.

Наша культура пакідае ў цяні тэму старэння, з якой нам усім давядзецца зжывацца або жыць ужо цяпер. Думаць пра гэта не дужа прыемна. Калі “смерть это то, что бывает с другими”, як піша Бродскі, то старасць – гэта твой заўтрашні дзень, зазірнуць у які стала магчыма дзякуючы пандэміі, якую цяпер перажывае Стары Свет.