У кожнага народа, у тым ліку і ў беларусаў, ёсць свае міфы.
Міф пра забарону назвы “Беларусь” у часы Расійскай імперыі – у ліку найбольш устойлівых. Яго паўтарае ў адной са сваіх апошніх перадач гісторык Алесь Краўцэвіч.
Пра яго піша вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў у артыкуле, змешчаным 5 красавіка на сайце газеты “Новы час”, удакладняючы, што забарона адбылася ў 1840 годзе. Тым жа самым годам датуе гэтую "забарону" рускамоўная версія Вікіпедыі ды Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, дадаючы, што адбылося гэта 18 чэрвеня.
Аднак, насамрэч, ніякай заканадаўчай забароны ўжывання назвы “Беларусь”, як і “Літва” не існавала.
З’яўленне міфа
У 1940 годзе ў Мінску быў выдадзены зборнік дакументаў, укладальнікі якога, супрацоўнікі інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, у лік сваіх задач залічылі, між іншым, адлюстраванне русіфікацыі, “наваднення Беларусі рускімі чыноўнікамі і папамі… аж да забароны назвы “Беларусь” і “Літва” (Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Том ІІ (1772-1903 гг.). Пад рэд. Н.М. Нікольскага, Д.А. Дудкова, І.Ф. Лочмеля, С. VIII). Пацверджаннем таму выступаў дакумент, надрукаваны праз 100 гадоў пасля свайго з’яўлення, і якому ўкладальнікі зборніка далі назву “Забарона царом Нікалаем І ужываць назвы Беларусь і Літва”.
Пры гэтым укладальнікі не бачылі ніякай супярэчнасці ў тым, што ўжо ў наступным па чарзе прадстаўленым дакуменце, датаваным 30 снежня 1842 года, узгадвалася Беларуская навучальная акруга. Акрамя таго ў зборніку былі апублікаваныя “Палажэнні 19 лютага 1861 года”, дзе ішла гаворка “аб пазямельным уладкаванні сялян у губернях Вялікарасійскіх, Наварасійскіх і Беларускіх…” (с. 400).
У 1979 годзе “Забарона…” была перадрукавана ў новым зборніку дакументаў па гісторыі Беларусі – “Белоруссия в эпоху феодализма” (4 т.). Новы зборнік – новая назва. Цяпер гэта “Указ Сената о запрещении употребления терминов Белоруссия и Литва”, які адсюль патрапіў і ў падручнікі па гісторыі БССР.
Пасля з’яўлення незалежнай Беларусі ўзгадка пра забарону самой яе назвы ў часы Расійскай імперыі набыла яскравую антырасійскую афарбоўку.
Найбольш адыёзнае і супярэчлівае трактаванне гэтай падзеі прысутнічае ў творах Міхаіла Галдзянкова і Вадзіма Дзеружынскага.
Так галоўны рэдактар газеты “Секретные исследования” ў кнізе “Тайны беларуской истории” (Мінск, 2009) нават напісаў асобны раздзел пад назваю “Запрет термина «Беларусь»”.
Пры гэтым далей пішацца, што назву "Белоруссия" забараніў не Мікалай І, а Аляксандр ІІ .
Кропка адліку
18 ліпеня 1840 года ў Расійскай імперыі з’явіўся сенацкі ўказ “Аб найменні губерняў Беларускіх і Літоўскіх кожную асобна Віцебскаю, Магілёўскай, Віленскаю і Гродзенскаю”. Менавіта пад такой назвай ён змешчаны ў XV томе “Поўнага збора законаў Расійскай імперыі” за 1840 год.
З арыгінальнага дакумента вынікае, што імператар Мікалай І загадаў замест абагульняючых назваў “Беларускія і Літоўскія губерні” ўжываць найменне кожнай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі пааасобку, а г.зн. Віцебскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай.
Было гэта зроблена для пазбаўлення ад блытаніны, якая ўзнікала ў дачыненні да дадзенага рэгіёна, перш за ўсё – Мінскай губерні, якую проста маглі “забываць” пазначыць у афіцыйных дакументах, прапісаўшы толькі “Беларускія і Літоўскія губерні”.
Але ні пра якую заканадаўчую забарону гэтых назваў, ці тым больш “Беларусь” і “Літва”, альбо “беларускі” і “літоўскі” тут гаворка не ішла. Як і пра тое, што гэты рэгіён мусіць называцца “Паўночна-Заходнім краем”.
Назвы “Беларускія губерні” або “Беларуска-Літоўскія” працягвалі трапляць ва ўрадавыя дакументы, як тое сведчыць указ таго ж 1840 года, датаваны 3 снежня.
Гісторыкі Яўген і Наталля Новік, Ігар Качалаў у падручніку “История Беларуси. С древнейших времен до 2010 г.” увогуле адзначаюць: “Можна назваць больш 10 урадавых распараджэнняў, выдадзеных у 40-80-я гады ХІХ ст., у якіх выкарыстоўваецца назва Беларускія і Літоўскія губерні” (с. 191). Яны ж адзначаюць існаванне 7-га гусарскага Беларускага палка ў складзе войска Расійскай імперыі.
У заканадаўчых актах прысутнічаюць шматлікія згадкі пра пераводы, прызначэнні і звальненні афіцэраў Беларускага гусарскага палка, а адпаведна і найменніка “беларускі”.
Акрамя таго, у разнастайных урадавых дакументах маюцца звесткі пра дабраўпарадкаванне Беларускага тракта, які вёў з Пецярбурга ў Вільню. Напрыклад, пад 1845 годзе ён узгадваецца ў зборніку заканадаўчых актаў.
Найбольш істотна ж для падтрымання існавання назвы “Беларусь”, а тым больш як фактара пашырэння тэрыторыі, замацаванай за ёй, было заснаванне у 1829 годзе Беларускай навучальнай акругі, створанай з Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У 1831 годзе ў яе склад увайшла яшчэ Мінская, а ў маі 1832 года далучаныя Віленская і Гродзенская губерні, а таксама Беластоцкая вобласць. Такім чынам, Беларуская навучальная акруга ахапіла ўсю тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Беларусь. Менавіта ў склад гэтай акругі ўваходзіла Свіслацкая гімназія, у якой навучаўся Кастусь Каліноўскі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў. Яго імя пазначана сярод вучняў Беларускай навучальнай акругі за 1847-1848 навучальны год, дзе ён запісаны як “Калиновский Константин Семенов сын”.
Назва “Беларусь” прадстаўлена і ў назвах працаў гісторыкаў Міхала Без-Карніловіча (“Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением других сведений к ней же относящихся”, 1855) і Восіпа Турчыновіча (“Обозрении истории Белоруссии с древнейших времен”, 1857).
Такім чынам, відавочна, што нават прыведзеныя прыклады дазваляюць паказаць, што назва “Беларусь”, “беларускі” працягвала выкарыстоўвацца і пасля 1840 года.
Арыгінал: https://gazeta.arche.by/article/372.html