Унікальнае месца з асаблівай атмасферай. Пераступаеш парог раённага Дома рамёстваў, што ў Залессі, – і адразу трапляеш у свет, дзе ціха і спакойна. І гэта нядзіўна: музы не церпяць мітусні, прыгажосць не ствараецца з наскоку. Спачатку яна перажываецца ў душы, а пасля нараджаецца ў руках. Дарэчы, памяшканне Дома рамёстваў было пабудавана напачатку ХХ стагоддзя. Да вайны ў ім жыў фармацэўт і аптэкар па прозвішчы Блусь. У савецкі час тут размяшчаўся дзіцячы садок, пасля бібліятэка. На працягу апошніх 15 гадоў – Дом рамёстваў. Знешні выгляд памяшкання адразу прыцягвае ўвагу тых, хто ўпершыню ў Залессі. А калі трапляеш унутр – здаецца, час спыняецца… Назад у мінулае Загадчыца Дома рамёстваў Таццяна Зеновіч праводзіць невялікую экскурсію. На этнаграфічнай экспазіцыі “Адкуль нашы карані” - унікальныя старадаўнія рэчы, сабраныя не толькі па Смаргоншчыне, але і ў іншых кутках Беларусі. Вышываныя набожнікі, тканыя дываны, вышываныя ручнікі і абрусы, адзенне, ходнікі, разнастайныя прылады працы