Знаўцы сцвярджаюць: калі б не было на зямлі жанчыны, то не было б ні фарбаў, ні гукаў, ні слоў. А гэта значыць, што не было б жывапісу, музыкі, паэзіі.
Жанчына – маці, жонка, сястра, дачка, сяброўка – суправаджае мужчыну на працягу ўсяго жыцця. Пад яе цудадзейным святлом ачышчаюцца мужчынскія душы і сэрцы. А калі мужчына горача, па-сапраўднаму кахае, то нават кароткае інтымнае імгненне прыносіць яму радасць і шчасце, напаўняе дабрынёй і высакароднасцю яго памкненні і ўчынкі.
З Міжнародным жаночым днём, дарагія жанчыны, нашы беларускія красуні –матулі і бабулі, сёстры і жонкі,дачушкі і ўнучкі, сяброўкі і паплечніцы!
Сардэчна віншую ўсіх, хто выпісвае і чытае вядомае выданне нашай краіны – «Эканамічную газету», для каго яна стала дарадцам і памочнікам у штодзённай працы!
Няхай поўняцца вашы сэрцы радасцю вясновага абуджэння прыроды, шчасцем кахання і мацярынства, стваральнай энергіяй дзеля сямейнага дабрабыту і росквіту роднай Беларусі!
Высокай арбіты вашым марам і памкненням!Натхнення і плёну ў працы, прыемных клопатаў і неспадзяваных удач, аптымізму і светлага настрою на зямных сцяжынах!
З нагоды свята 8 Сакавіка прапаную вашай ўвазе вершы на вечную тэму, напісаныя мною ў розныя гады.
Міс Вясна
Партрэт незнаёмкі
Між стракатай квецені,
Па праспекце шумным
Мне насустрач, весела
Крочыць прыгажуня.
Басаножкі белыя,
Каблукі – на пядзю.
Маладая, смелая
Радасць у паглядзе.
Звонкаю рапсодыяй
Цокаюць абцасы.
Слухайце мелодыю –
Не марнуйце часу!
Цок-цок-цок… Гарэзліва
І цнатліва-важна…
Ножкі загарэлыя
Як тут не заўважыш!
Як пярынка, лёгкая.
Хуткая, што вецер.
Некаму алёкае
У мабільным свеце.
На плячы аголеным
Гойдаецца сумка.
Цела разняволена,
І гарцуюць думкі.
Кветачка вясновая –
Модніца-паненка.
Мабыць, з крамы, новая,
Зыркая сукенка.
А ніжэй сукенкі,
Па апошняй модзе,
Круглыя каленкі –
Лепшыя ў прыродзе!
Вочы васільковыя –
Як валошкі ў полі.
Доўгія, шаўковыя
Валасы – на долю.
Завіткі над лобікам –
Там схаваны чары.
Нос – задраным ромбікам
На ружовым твары.
У бародцы ямачка.
Завушніцы-кольцы –
Падарунак мамачкі? –
Золатам на сонцы.
Губы – вішні спелыя,
Вось-вось пырснуць сокам,
Ды яшчэ нясмелыя –
Час той недалёка…
Грудзі, нібы купінкі
На лужку прырэчным.
А для шыі куплены
Пацеркі-чарэшні.
Хітраю трапецыяй
Між грудзей акенца.
Там жыве, трапечацца
Маладое сэрца.
Тоненькімі дужкамі
Броўкі над вачыма.
Вейкі ветрык гушкае –
Адпачні, дзяўчына.
Ды – відаць – спяшаецца,
І не мае часу:
Пэўна, вырашаецца
Сёння яе шчасце.
Хлопцы заварожаны,
Не адводзяць вочы.
Бачу: устрывожаны,
Уздыхаюць моўчкі.
Уздыхайце, грэшнікі, –
Аніякіх шанцаў:
На спатканне першае
Крочыць Міс-мінчанка.
Так што, не хвалюйцеся:
Іншага кахае.
На суседняй вуліцы
Ён яе чакае…
…Цокаюць і цокаюць
Каблучкі-абцасы.
І губамі цмокаюць
Хлопцы ўследкі шчасцю.
Адгукніся, каханая…
Дзе зімуеш, каханая?
Можа, холадна, любая,
Твайму сэрцу, скаванаму
Маразамі і гурбамі?
Як жывецца-вяснуецца,
Мая родная, мілая?
Па якіх сцежках-вуліцах
Ходзіш ты? Ці шчаслівая?
З кім, каханая, летуеш
Пад высокімі зорамі?
Хто, якімі букетамі
Цябе ў святы адорвае?
Што ў дні восені слотныя
У душы тваёй дзеецца?
Ці жывеш бесклапотна ты
І нічым не абдзелена?
Ці з грымотамі-бедамі,
Як і я, сутыкнулася?..
...Анічога не ведаю -
Хоць бы раз адгукнулася!..
Подробнее на сайте Экономической газеты:
https://neg.by/novosti/otkrytj/zyamnyya-zork-z-mzhnarodnym-zhanochym-dnem