У выніку археалагічных раскопак у вёсцы Каралёва Слабада-2 Светлагорскага раёна знойдзены артэфакты, якія дазваляюць сцвярджаць, што менавіта тут у сярэдзіне XVII стагоддзя знаходзіўся горад Казімір.
Пісьмовае згадванне аб гэтым населеным пункце ўтрымліваецца ў дакуменце за 1643 год, што захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (Archiwum Główne Akt Dawnych). Адшукаў яго ў 2001 годзе доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей Рассадзін.
Першыя раскопкі па пошуку Казіміра, якія прайшлі з 22 па 26 жніўня, мелі выведвальныя мэты. Перад экспедыцыяй была задача — пацвердзіць або абвергнуць наяўнасць гарадскога пасялення. Акрамя кіраўніка экспедыцыі прафесара Сяргея Рассадзіна, у ёй удзельнічалі пяць добраахвотнікаў з раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Гэта краязнаўца Вадзім Болбас, гісторык Тэльман Маслюкоў, тры навучэнцы 9—10 класа СШ № 8 Анастасія і Алена Каваленка, Наталля Зыкун.
Старшыня раённай грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Тэльман Маслюкоў распавёў, па-першае, раскопкі паказалі, што сапраўды ў магчымым месцазнаходжанні горада ёсць культурны пласт зямлі. Па-другое, знойдзеныя артэфакты сведчаць, што ён утварыўся менавіта ў XVII стагоддзі, бо большасць знаходак належыць да гэтага часу. Некаторыя з іх паказваюць на наяўнасць тут гарадскога паселішча. Гэта фрагменты керамічных кафляў, якімі аздаблялі гарадскія печы, лушчака, які выкарыстоўвалі на вокнах: шкло ў XVII стагоддзі было вельмі дарагім. На наяўнасць горада ўказвае знойдзеная манета: у сельскай мясцовасці грашыма не карысталіся, таму што меў месца натуральны абмен.
“Гэта гаворыць аб тым, што на гэтым месцы вёўся інтэнсіўны гандаль”, — лічыць Маслюкоў.
Здабычай першай экспедыцыі стала вялікая колькасць каваных цвікоў: у сельскай мясцовасці ў XVII стагоддзі яны звычайна не сустракаюцца. У лік рэдкіх знаходак трапіў фрагмент курыльнай люлькі. А адна знаходка - гэта крамянёвая ножападобная пласціна эпохі бронзавага веку (не пазней 2 тысячагоддзя да нашай эры).
“Як яна апынулася там — сказаць цяжка, — гаворыць гісторык. — Магчыма, была прынесена на гэта месца выпадкова. Магчыма, яе знайшлі людзі і трымалі ў хаце. Нашы продкі такім рэчам прыпісвалі сакральнае значэнне. У народзе яны зваліся “перуновымі стрэламі”. Людзі верылі, што яны ўтварыліся пры ўдары маланкі”.
Тут неабходна адзначыць, што каля вёскі Каралёва Слабада-2 ёсць селішча, якое адносіцца да эпохі палеаліту (каменнага веку). Відаць, людзі ў XVII стагоддзі там і знайшлі гэтую крамянёвую пласціну.
Самай блізкай да нас па часе знаходкай на месцы горада Казіміра сталі цагліны з надпісамі “Розенбергъ. Бобруйскъ”, якія адносяцца да пачатку XX стагоддзя. Паходжанне іх Маслюкоў патлумачыў так: у другой палове XIX - пачатку XX стагоддзя ў Бабруйску існавала больш за дзесяць мануфактур па вытворчасці цэглы. Адной з найбуйнейшых была мануфактура купца Г. І. Розенберга, якая праіснавала з 1875 па 1917 год. Яна знаходзілася ў прадмесці Бабруйска на так званым Бярэзінскім фарштаце. Гэта акурат каля дарогі, што ідзе ў кірунку Парычаў. Натуральна, што людзі з Каралеўскай Слабады куплялі цэглу для будаўніцтва падмуркаў хат і печаў менавіта на гэтым прадпрыемстве.
Па ініцыятыве старшыні райвыканкама Баляслава Пірштука другая па ліку экспедыцыя ў вёсцы Каралёва Слабада-2 пачнецца ўжо ў пачатку верасня. Мяркуецца, што прадоўжыцца яна тры тыдні. Прымаць удзел у ёй будуць студэнты Светлагорскага тэхнікума і актывісты раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
Выцягнуць прафесара Сяргея Рассадзіна ў 2006 годзе на археалагічныя раскопкі ў Каралеўскую Слабаду вымусілі мясцовыя актывісты-краязнаўцы: Тэльман Маслюкоў і аўтар гэтых радкоў. Сам вучоны быў вельмі загружаны навуковай працай (рыхтаваў кнігу аб паходжанні славянства), апошні раз займаўся раскопкамі ў 1993 годзе.
“Калі б не ініцыятыва саміх светлагорцаў, сам бы не пачаў гэтую працу”, — удакладніў Рассадзін.
У 2005 годзе аўтар гэтых радкоў знайшоў у інтэрнэце артыкул аб горадзе Казіміры [1], і прапанаваў гісторыку Тэльману Маслюкову адшукаць горад археалагічным шляхам. Той падзяліўся навіной з археолагам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Наталляй Дубіцкай, якая курыруе даследаванні на тэрыторыі нашага раёна. Яны пабывалі на выведцы ў вёсцы Каралёва Слабада-2. Наталля Дубіцкая параіла падключыць да справы Сяргея Рассадзіна як аўтара знойдзенага дакумента аб Казіміры. У пачатку 2006 года ў вёску Каралёва Слабада-2 былі зроблены дзве археалагічныя выведкі пры ўдзеле Сяргея Рассадзіна, які ўпэўніўся, што на месцы вёскі сапраўды мог знаходзіцца горад. І пагадзіўся правесці археалагічныя раскопкі.
Віктар Раманцоў. 2006 г.
Матэрыял удакладзены, дапоўнены. Публікуецца ў такім выглядзе ўпершыню. Спасылка на аўтара і матэрыял абавязковая.
Крыніцы:
1. Корбут В. Львиная доля герба. Повесть о городе–фениксе // Советская Белоруссия. – 2005. – 21 мая. Доступ праз інтэрнэт: http://www.sb.by/?area=content&articleID=43709. Дата доступу: 09.02.2014.
Першакрыніца публікацыі:
Виктор Романцов. Город Казимир найден! // Ранак-плюс. — 2006. — №36. — С. 4.
Публікацыя щ ЖЖ: https://dobramir333.livejournal.com/15316.html
Чытайце таксама:
Ці існавалі на тэрыторыі Шацілавіччыны-Светлагоршчыны гарады з магдэбургскім правам?
Ён мог стаць канкурэнтам Бабруйска
https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/en-mog-stac-kankurentam-babruiska-5e36f2481045fb5f11058ff4