У вёсцы Каралёва Слабада-2 Светлагорскага раёна пачаліся археалагічныя раскопкі. Па дадзеных беларускіх навукоўцаў, менавіта тут у XVII стагоддзі знаходзіўся горад Казімір (па-польску Казімеж), які валодаў магдебурскім правам. Калі здагадкі археолагаў пацвердзяцца знойдзенымі артэфактамі, то гэта стане сенсацыяй для Беларусі.
Кіруе раскопкамі доктар гістарычных навук прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, сябра Геральдычнай рады пры прэзідэнце Сяргей Рассадзін. Гэта ён у 2001 годзе ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве адшукаў прывілей, выдадзены ў XVII стагоддзі ад імя каралевы Рэчы Паспалітай Цэцыліі Рэнаты гораду Казіміру (па-польску - Казімежу) Бабруйскага староства, размешчанаму на рацэ Бярэзіна. Пошук навукоўцам меркаванага месцазнаходжання горада прывёў яго да вёскі Каралёва Слабада Светлагорскага раёна. Аб тым, што менавіта тут мог размяшчацца горад Казімір, названы так у гонар сына каралевы прынца Зыгмунта-Казіміра Вечаслававіча, красамоўна гаварыў назоў населенага пункта - слова “каралеўская”.
“Вось гэтыя акалічнасці і прывялі мяне ў ваш раён, - падкрэсліў доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін. - Гэта пошук згаданага ў гістарычным дакуменце горада”.
Па словах навукоўца, мэта археалагічнай экспедыцыі - знайсці пацверджанне гарадскога статусу Казіміра і яго месцазнаходжання. Ужо пры аглядзе аднаго з сялянскіх гародаў былі знойдзены аскепкі нямецкага шклу і посуду XVII стагоддзя.
“Вядома, мы маем пэўную сенсацыю, - падкрэсліў вучоны. - Я разумею ўсю важнасць гэтага адкрыцця. Няма больш у Беларусі невядомых гарадоў XVII стагоддзя. І гэта павінна стаць фактам грамадскай свядомасці”.
Дапамагаць прафесару Сяргею Рассадзіну ў раскопках будуць актывісты Светлагорскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Мяркуецца зрабіць тры раскопа два на два метры. Усе знойдзеныя матэрыялы паступяць у фонды Музея гісторыі горада Светлагорска. А пошукі горада XVII стагоддзя будуць працягнутыя і стануць больш маштабныя.
Віктар Раманцоў
2006 г.
Першакрыніца:
На Светлогорщине найден старинный город // Ранак-плюс. - 2006. - №34. - С. 1.