Знаходкі ў вёсцы Паганцы Светлагорскага раёна, колішняй Парыцкай воласці Бабруйскага павету Мінскай губерні, адшуканыя пры раскопках падмурку печкі і на падвор’і.
У чэрвені 2017 года пасля працяглых дажджоў на лецішчы ў вёсцы Паганцы (вуліца Перамогі д.12, раней дом належыў Івану Анісімавічу Шчэрбіну, 1932 года нараджэння - дзеду маёй жонкі) размыла зямлю, з-пад якой адкрылася цэглавая кладка. Яна знаходзілася пад навесам у двары. Каб будаўнічыя матэрыялы не ляжалі ў зямлі, не прападала бясплатная цэгла, я вырашыў распачаць раскопкі. У выніку выявіў падмурак печкі, які быў пабудаваны з кавалкаў цаглін.
Спачатку раскопкі вёў без фіксацыі на відэа. Але пасля таго, як пачалі трапляцца цагліны з таўром, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць, вырашыў фільмаваць. Вінікам відэаздымкаў, перыяд якіх адбыўся з 23 ліпеня па 20 жніўня 2017 года па выходных днях (пераважна субота-нядзеля), стаў 25-серыйны дакументальны фільм «Зведаная зямля». Назваў таксама, як і сваю першую кнігу.
Пераважная частка знаходак - фрагментаў цаглін - датуецца канцом ХІХ пачаткам ХХ стагоддзя.
Для лепшага разумення пытання прывяду некалькі ключавых момантаў і дат. Тэрыторыя сучаснага Светлагорскага раёна да 1793 года знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай – канфедэратыўнай дзяржавы Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага. У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай яна была далучана да Расійскай імперыі.
Абавязковае таўраванне цэглы было замацавана ўказам імператара Расійскай імперыі Мікалаем І 24 студзеня 1847 года «Аб захадах для трывалага і правільнага вырабу цэглы» («О мерах для прочной и правильной выделки кирпича» (ПСЗ-2. Т. 22. No 20848. С. 86–92).
Спачатку спецыяльнай камісіяй былі распрацаваны «Правілы аб аднастайным і трывалым вырабу цэглы, якія павінны выкарыстоўвацца як ў С.-Пецярбурзе, так і ў іншых месцах Расіі, на дзяржаўных і прыватных заводах» («Правила для единообразной и прочной выделки кирпича, долженствующего употребляться как в С.-Петербурге, так и в других местах России, на казенных и частных заводах»), якія потым былі замацаваны вышэйназваным указам, а таксама былі дадаткам да пазнейшага дакумента - «Статуту аб прамысловасці фабрычнай і завадской» выдання 1857 года («Устав о промышленности фабричной и заводской» (СЗРИ. Т. XI. Ч. II. Тетр. 3. С. 74–79). Паводле правілаў на кожнай цагліне павінна быць абавязкова змешчана таўро завода для абазначэння вытворцы на той выпадак, калі падчас будаўніцтва або з цягам часу будзе выяўлена няякасная цэгла і нядобрасумленны пастаўшчык мог быць прыцягнуты да адказнасці.
Згодна правілаў, уладальнікі заводаў на кожнай зробленай цагліне павінны былі ставіць сваё таўро, якое выціскалі на сырцы пры яго фармаванні або сушцы. Таўро былі анімалістычныя (падобныя на лапы жывёл), абрэвіятурныя (ініцыялы уладальнікаў) і рэдка - лікавыя (год вырабу). Спачаткуў большасці вытворцаў таўро складалася з ініцыялаў.
Статут аб прамысловасці 1893 г. устанавіў, што таварны знак павінен мець імя і імя па бацьку («хаця б ініцыяламі»), прозвішча ўладальніка прадпрыемства, а таксама яго месцазнаходжанне.
Яшчэ адна акалічнасць. Пры гадавым прыбытку вытворцы цэглаў у 2 тысячы рублёў і болей, яго прадпрыемства і прозвішча трапляла ў даведнікі. Сёння мы не можам знайсці і індыфікаваць вытворцаў і месца вытворчасці цэглы, якое давала прыбытак меней за 2 тысячы рублёў у год. Адзінай крыніцай для нас з’яўляюцца самі цэглы з таўром, на якіх ёсць дадзеныя вытворцаў.
У выніку раскопак подмурку печкі і пошукаў на подвор’і атрымалася адшукаць каля 40 цаглін і іх фрагментаў.
Віктар Раманцоў.
4.05.2018
Перадрук без згоды аўтара забаронены. Дазваляецца частковае цытаванне. Спасылка на аўтара і матэрыял пры цытаванні абавязковыя.
Першакрыніца: https://dobramir333.livejournal.com/29492.html
Працяг ёсць.
Таўраваная цэгла ў Светлагорскім раёне. Цагліны з таўром ИМЕНІЕ БЕЛИЦА.
Чытайце таксама:
Под кодом «Цэгла». Съездили в усадьбу, зафоткали уникальную коллекцию и рассказываем про кирпичных магнатов
Сенсацыйнае адкрыццё. Парыцкая цагельня была пабудавана ў другой палове ХІХ стагоддзя
На сядзібе Пушчыных у Парычах выяўлены рэшткі двух будынкаў другой паловы ХІХ стагоддзя
Сенсацыя! Знойдзены апошні ўладар Парыцкай цагельні
У Светлагорскім раёне знойдзены цагліны – равесніцы паўстання Кастуся Каліноўскага