На тэрыторыі Светлагоршчыны ў XVII стагоддзі стаяў горад Казімір (па-польску Казімеж), які меў магдэбургскае права. Горад праіснаваў 12 год і загінуў у 1655 годзе падчас вайны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай.
У 2001 годзе доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, сябра Геральдычнай рады пры Прэзідэнце Сяргей Рассадзін быў запрошаны ў Варшаву з навуковым дакладам. У вучонага застаўся вольны час, і ён вырашыў наведаць Галоўны архіў старажытных актаў (Archiwum Główne Akt Dawnych), дзе захоўваецца шмат дакументаў, якія маюць адносіны да тэрыторыі сучаснай Беларусі. У прыватнасці, прафесара зацікавіў Нясвіжскі архіў Радзівілаў, які з 1921 года належыць Польшчы. Праглядаючы «Каталог пергаментаў Нясвіжскага архіва» (Katalog pergaminów Archiwum nieswieskie), навуковец знайшоў цікавы дакумент – прывілей на магдэбургскае права гораду Казіміру, напісаны ў 1643 годзе на польскай мове ад імя каралевы Рэчы Паспалітай Цэцыліі Рэнаты [1].
Дакумент уяўляў з сябе прамакутны аркуш тонкага пергаменту шэравата-белага колеру. На адным баку яго змешчаны тэкст, а пад ім – выява герба горада. Да пергаменту на вітым шнуры была прымацавана пячатка з каралеўскім гербам, легенда якой не чыталася. Першапачатковы чорны колер атраманту ад часу змяніўся на руды. У выніку асобныя словы, літары нельга ўжо прачытаць. У першых радках тэкста гаварылася: «Прывілей гораду Казіміру ў старостве Бабруйскім...» [2]. Гістарычнай навуцы такі горад не быў вядомы.
Доўгі час Бабруйскае староства ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага – першай беларускай дзяржавы. Напрыканцы XVI стагоддзя тэрыторыя сучаснай Беларусі была ў складзе федэратыўнай дзяржавы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага – Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. У першай палове XVII стагоддзя каралём і Вялікім князем стаў Уладзіслаў IV Ваза (1595 — 1648), які ўзяў шлюб з дачкой германскага імператара Фердынанда II Цэцыліяй Рэнатай Габсбург (1611 — 1644). Гісторыя ведае дакладную дату вяселля Цэцыліі і Уладзіслава – 13 верасня 1637 года. А ўжо ў 1639 годзе Бабруйскае староства стала належаць польскай каралеве, якая вырашыла заняцца стварэннем слабады (“свабоднай эканамічнай зоны”) – тэрыторыі, спрыяльнай для вырабу тавараў і гандлю, каб у будучыні на гэтым месцы пабудаваць горад.
У 1643 годзе польская каралева Цэцылія Рэната выдае прывілей гораду Казіміру на магдэбургскае права. Паралельна населены пункт меў назовы Каралеўская Слабада, Казіміраўская Слабада. На думку прафесара Сяргея Рассадзіна, горад быў названы ў гонар сына каралевы Цэцыліі Рэнаты Жыгімонта Казіміра Вазы (1640 – 1647).
Магдэбургскае права – гэта прывілей горада на самакіраванне, які ўпершыню атрымаў у XIII ст. нямецкі горад Магдэбург. Атрыбутамі яго служылі незалежнасць ад цэнтральнай улады, права горада на правядзенне кірмашоў, гараджане самі выбіралі раду на чале з бурмістрам, рада працавала ў адмысловым будынку – ратушы.
На думку прафесара Сяргея Рассадзіна, горад будаваўся як цэнтр рамесніцтва староства і сур’ёзны канкурэнт Бабруйску.
“Казімір, які меў магдэбургскае права, набыў усе атрыбуты самакіравання, – падкрэсліў вучоны, – а Бабруйск на той час такіх правоў не меў і да 1793 года захоўваў статус мястэчка” [3].
У тэксце прывілея рэгламентаваліся правы жыхароў горада Казіміра, у тым ліку на рыбную лоўлю ў рацэ Бярэзіне. Гэты факт дазволіў прафесару Рассадзіну прыйсці да высновы, што горад Казімір стаяў на месцы вёскі Каралёва Слабада (Каралёва Слабада-2) сучаснага Светлагорскага раёна [1, с. 219]. Атрыбутам самакіравання Казіміра становіцца герб, на якім змешчана выява льва з мячом у лапе і зоркай над галавой, побач з ім намаляваны човен. Паводле прафесара Рассадзіна, герб Казіміра нагадвае герб рода Габсбургаў.
У 2006 годзе ў вёсцы Каралёва Слабада-2 былі праведзены першыя археалагічныя раскопкі. Знойдзены манеты, каваныя цвікі, фрагменты керамічнай кафлі, слюды, якая служыла шыбай, шклянога посуду, якім карысталіся выключна ў гарадах. Пазней была адшукана апора ратушы альбо касцёла. Гэтыя артэфакты пацвердзілі версію прафесара Сяргея Рассадзіна аб тым, што менавіта на гэтым месцы стаяў горад Казімір [4].
Да 2006 года ніхто з вучоных не звяртаў увагу на данясенне Івана Залатарэнкі ад 9 сакавіка 1655 года маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу, у якім згадваецца горад Каралеўская Слабада: «По отпущении послов наших до в. ц. вел. на другой день вернулся наш подъезд счастливо, который посылали мы есмя до Бобруйска и до Королевской слободы, где за милостью Бога всемогущего и великого князя Алексея Алексеевича, государя нашего, товарство нашие, прошедшее до тех городов оных взяли, в которых врагов и недругов в. ц. вел. пребывало, и тех всех, что было служилого люду, поляков и немец, под меч пустили, а города ободва без остатку попалили, чтоб не было при чом держатися ворогам и недругам в. ц. вел. и которые языки 3 на том подъезде взяты, на имя Доминика Пацу да Станислава Щуку и третьяго товарища…
Дан с табору Быхова Нового лета от Р.Х. 1655 месяца марта в 9 день.
В. ц. вел. верный и желательный слуга и подданный Иван Никифорович, гетман наказной Войска в. ц. вел. Запорожского» [5].
На меркаванне Сяргея Рассадзіна, азначэнне “горад” у дачыненні да Каралеўскай Слабады пацвярджае, што гаворка ідзе менавіта пра Казімір.
У 2009 годзе светлагорскі краязнаўца, літаратар Вадзім Болбас знайшоў яшчэ адну згадку аб часе разбурэння горада Казіміра – у працы польскага гісторыка Конрада Бабятынскага “Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654 – 1655 гг.)”. Гэты твор быў змешчаны ў мінскім часопісе “АRCHE Пачатак” №7-8 за 2008 год [6].
“Конрад Бабятынскі выкарыстоўвае мемуары, якія напісаў Мацей Форбек-Летаў, лекар караля Рэчы Паспалітай. Сярод іншага лекар піша, што войскі Залатарэнкі спалілі Бабруйск і Каралеўскую Слабаду 22 сакавіка 1655 года. Відавочна, што і тут пад назвай Каралеўская Слабада гаворка ідзе аб Казіміры” [7], – лічыць Вадзім Болбас.
У Рэчы Паспалітай падчас тых падзеяў ужо карысталіся Грыгарыянскім календаром, а Залатарэнка падаваў даты паводле Юліянскага, які выкарыстоўваўся ў Масковіі. У ХVII ст. яго розніца з грыгарыянскім стылем складала 10 дзён. Такім чынам, горад Казімір (разам з Бабруйскам) быў спалены на пачатку сакавіка альбо 22 сакавіка 1655 года на загад рускага цара Аляксея Міхайлавіча падчас вайны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай (1654-1667 гг.). Казімір праіснаваў усяго 12 год, таму і не паспеў трапіць на мапы.
Пры археалагічных раскопках Казіміра былі знойдзеныя наканечнікі татарскіх стрэлаў [8], свінцовыя кулі і шкілеты непахаваных людзей, забітых халоднай зброяй [9].
Пісьмовыя звесткі пра Казімір таксама маюцца ў кнізе польскага гісторыка Вітальда Бярнацкага "Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеянні ў Літве ў 1648 – 1649 гг." (2006), якую ў 2008 годзе ў перакладзе на беларускую мову надрукаваў часопіс “АRCHE Пачатак” №1-2. У ёй апавядаецца, як гетман Вялікага Княства Літоўскага Януш Радзівіл (1612—1655) вёў баявыя дзеянні супраць казакаў, пасланых Багданам Хмяльніцкім на тэрыторыю княства. Сярод населеных пунктаў, дзе спыняўся галоўнакамандуючы ВКЛ з войскам, згадваецца Казімірава Слабада (такая назва да канца XVIII cтагоддзя ўжывалася мясцовым насельніцтвам паралельна з Каралеўскай Слабадой, узнікла пад уплывам назвы горада – Казімір) [1, с. 220; 10]: “28 чэрвеня князь Януш Радзівіл дайшоў да Казімеравай Слабады, дзе стаяла харугва (рота) драгунаў лікам 100 жаўнераў на чале з капітанам Маенам. …Каб везці артылерыю па вузкіх балоцістых дарогах, патрабавала намаганняў коней і людзей. Вылучаныя дадаткова жаўнеры ішлі спераду, каб пры неабходнасці пашырыць ці выраўняць дарогу, засыпаць фашынай выбоіны, і збоку ці ззаду, каб падштурхнуць лафеты ці вазы, якія загразлі ў балоцістых каляінах. На ноч Януш Радзівіл спыніўся ў вёсцы Парычы на рацэ Бярэзіне, у двары, што належаў літоўскаму харужаму Яну Пацу. …29 чэрвеня Радзівіл выехаў з Парычаў, спыніўся на абед у Дудзічах. …На начлег князь затрымаўся ў Чарковічах” [11].
Сёння тэрытарыяльным прадаўжальнікам у рангу горада і пераемнікам славутага мінулага Казіміра з’яўляецца горад Светлагорск Гомельскай вобласці.
“Я ўпэўнены, што сярод сённяшніх светлагорцаў ёсць нашчадкі жыхароў горада Казіміра, – гаворыць Сяргей Рассадзін. – Паўнапраўным спадчыннікам Казімежа XVII стагоддзя з’яўляецца Светлагорск. Гэта не патрэбна нікому даказваць” [2].
У 2001 годзе крыху зменены герб горада Казіміра быў нададзены гарадскому пасёлку Парычы Светлагорскага раёна, які знаходзіцца за колькі кіламетраў ад вёскі Каралёва Слабада ніжэй па цячэнні ракі Бярэзіны [12].
Віктар Раманцоў.
Перадрук без згоды аўтара забаронены. Дазваляецца частковае цытаванне. Спасылка на аўтара і матэрыял пры цытаванні абавязковыя.
Крыніцы:
1. Рассадин С.Е. Гербовый привилей 1643 г. на магдебургию г. Казимежу в старостве Бобруйском // Беларускi археаграфiчны штогоднiк. Мн. 2001. Вып. 2. С. 215-223.
2. Романцов В. Казимир: возвращение затерянного города // Ранак-плюс. 2006. № 35. С. 4.
3. Романцов В. Он мог стать конкурентом Бобруйска // Ранак-плюс. 2007. № 15. С. 4.
4. Романцов В. Город Казимир найден! // Ранак-плюс. 2006. № 36. С. 4; Хомицевич Д. Королевский город // Светлагорскія навіны. 2007. 12 красавіка. C. 1.
5. Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов: в 3-х т. – Минск : изд-во АН БССР, 1959–1961. – Т. 2. – 1960. – С. 120.
6. Конрад Бабятынскі. Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654 - 1655 гг.) // АRCHE Пачатак. 2008. № 7-8. С. 188–365.
7. Маслюкоў Т. Пасланне з апошняга невядомага горада Еўропы. Беларускія рэгіянальная навіны [Электронны рэсурс]. 2009. 14 красавіка. Доступ праз Інтэрнэт: http://regionby.org/2009/04/17/paslanne-z-aposhnyaga-nevyadomaga-gorada-europy/. Дата доступу: 23.09.2010.
8. Романцоў В. Сяргей Рассадзін: “Не дайце знішчыць спадчыну Казімежа” // Ранак-плюс. 2007. №3. С. 4.
9. Лазюк В. Раскопали историю // Советская Белоруссия. 2007. 14 июля. С. 4; Романцов В. Сергей Рассадин: “Заселение Светлогорска началось в VI веке» // Ранак-плюс. 2007. № 29. С. 4.
10. Раманцоў В. Як Казімірава Слабада стала Каралеўскай // Гомельская праўда. 2008. 10 ліпеня. С. 7; Раманцоў В. Януш Радзівіл быў у Казіміры // Ранак-плюс. 2008. № 26. С. 3.
11. Бярнацкі В. Паўстаньне Хмяльніцкага: Ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648-1649 гг. // АRCHE Пачатак. 2008. №1—2. С. 149.
12. Рассадзiн С.Я., Мiхальчанка А. М. Гербы i сцягi гарадоў i раёнаў Беларусi. Мн. 2005. С. 90.
Першакрыніца:
Віктар Раманцоў. Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. – С. 29 – 34.
Чытайце таксама: