Найти тему

Калі ў Шацілавічах-Светлагорску з’явіўся “іранскі квартал”?

Оглавление

“Іранскі квартал” – гэта двухпавярховы гандлёва-грамадскі цэнтр, які складаўся з двух аўтаномных будынкаў, злучаных пераходнай галерэяй і два двухсекцыйныя жыллёвыя дамы па дзевяць і пяць паверхаў, якія павінны былі з’явіцца ў 2008 годзе на пляцоўцы за домам №7А мікрараёна Шацілкі. Забудоўшчыкам гэтага архітэктурнага комплексу выступіла іранская фірма «Мэта-інтэрнэшнл».

Але ў рэальнасці быў уведзены ў эксплуатаццыю двухпавярховы гандлёва-грамадскі цэнтр, які складаецца з двух аўтаномных будынкаў, толькі ў 2019 годзе. Забудоўшчыкам яго стала прадпрыемства «ГК-інвест».

Праект "іранскага квартала", які ніколі такім не пабудуюць.
Праект "іранскага квартала", які ніколі такім не пабудуюць.

Аб элітным жыллёвым комплексу, які ў народзе празвалі “іранскім кварталам”, у Шацілавічах-Светлагорску загаварылі ў кастрычніку 2005 года. У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Светлагорскага райвыканкома разглядалася пытанне аб будаўніцтве прынцыпіяльна новага жытла – дамоў павышанай камфортнасці [1].

Размова ішла аб забудове дзялянкі зямлі ў мікрараёне Шацілкі за домам №7А з гадзіннікам.

- Цэнтр горада, а гэта Цэнтральная плошча, будынкі, якія размешчаны побач з ёй, Набярэжная плошча – адзіны архітэктурны комплекс, і ўзводзіць тут тыпавое жытло, пагадзіцеся, недарэчна, - паведамляла ў мясцовай газеце “Ранак-плюс” загадчык аддзела архітэктуры і будаўніцтва Светлагорскага райвыканкому Галіна Брэль. – Мы абмяркоўвалі гэта ўжо неаднаразова. Хацелася б бачыць у гэтым месцы штосьці больш цікавае і сучаснае[1].

Галоўны архітэктар Светлагорска Васіль Скурчаеў разлічваў, што ў горадзе знойдуцца два-тры дзясяткі заможных людзей, якія пажадаюць набыць кватэры, якія адпавядаюць самым сучасным стандартам.

- Мы доўгі час жылі ў сваіх “хрушчоўках” і радаваліся гэтаму. Але час мяняецца, мяняецца культура, гэта ў тым ліку тычыцца і ўмоў пражывання. І калі ёсць у горадзе заможныя людзі – бізнесмены альбо тыя, хто добра зарабляе грошы на поўначы Расіі, і яны жадаюць жыць у камфортнай кватэры, чаму б ім не даць такую мажлівасць?[1]. – сказаў ён.

Але як павінны выглядаць кватэры павышанай камфортнасці спецыялісты аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкома не ведалі, але заўважылі, што ўсё будзе залежыць выключна ад пажаданняў і запытаў патэнцыйных забудоўшчыкаў. Вопыт будаўніцтва такога жытла на той час быў толькі ў Мінска. Задача спецыялістаў аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкома высвятліць, ці ёсць у жыхароў Шацілавіч-Светлагорска інтарэс да такого праекта і якім, на іх думку, павінна быць элітнае жытло.

На светлагорскіх форумах у байнэце на той час жартавалі: ідэя пабудовы элітнага жылля прыдумана з мэтай “засвяціць” падпольных светлагорскіх мільянераў.

Пра элітны жыллёвы комплекс зноў загаварылі ў жніўні 2007 года. У мясцовай газеце “Ранак-плюс” быў надрукаваны праект архітэктурнага комплекса, які павінна была пабудаваць іранскае ТАА “Мэта-інтэрнэшнл”.

-2

-3

Эскізы праекта "Іранскага квартала" 2007 год. У дварах ёсць нават басейны.
Эскізы праекта "Іранскага квартала" 2007 год. У дварах ёсць нават басейны.

Газета ўпершыню ўжыла назву “іранскі квартал”. Сучасны жытловы комплекс павінен быў з’явіцца напрыканцы 2008 года на дзялянцы зямлі за будынкам пракуратуры ў мікрараёне Шацілкі[2]. У “іранскі квартал” уключаліся тры 9-павярховыя дамы, адміністрацыйна-гандлёвы цэнтр і аб’екты інфраструктуры.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара ТАА “Мэта-інтэрнэшнл” Гамбарыпура Музафара, іх буйная будаўнічая кампанія мае 30-гадовы вопыт працы, на рынку Беларусі з’явілася два гады таму (у 2005 годзе). Выканаўцамі замовы выступяць беларускія будаўніцыя фірмы.

З яго слоў, перамовы іранцаў з адміністрацыяй Светлагорскага раёна працягваліся болей года, вынікам якіх стала заключэнне дамовы на распрацоўку эскізнай і праектна-каштарыснай дакументацыі. Кошт праекта складзе 8-10 млн. даляраў ЗША.

Адпаведна праекту, у 9-павярховым доме будзе налічвацца ад 80 да 100 кватэр высокай камфортнасці: нестандартная планіроўка, наяўнасць некалькіх санвузлоў, выкарыстанне пры будаванні самых найноўшых матэрыялаў. Меркавалася пабудова закрытых стаянак для машын. Рынкавы кошт квадратнага метра жылля складзе ад 1000 даляраў ЗША і вышэй.

Намеснік генеральнага дырэктара ТАА “Мэта-інтэрнэшнл” Гамбарыпура Музафара, паведаміў, што рэалізацыя праекта зойме каля 18 месяцаў і будзе выканана ў “ангельскім стылі”[2].

28 верасня 2007 года ў Светлагорскім райвыканкоме адбылася пасяджэнне горадабудаўнічай Рады пры ўдзеле кіраўнікоў раённай адміністрацыі, архітэктурнай службы, Рады старэйшын, прадстаўнікоў грамадскасці Светлагорска і спецыялістаў іранскай ТАА “Мэта-інтэрнэшнл”, на якім абмяркоўваўся праект забудовы мікрараёна Шацілкі за будынкам пракуратуры.

Як высвятлілася, праект атрымаў змены, бо распрацоўшчыкі не ўлічылі абмежаванасць плошчы зямельнай дзялянкі ў 2 гектары, высокага ўзроўню грунтовай вады, наяўнасці вузла сеткі камунікацый. Таму на гэты раз праект складаўся з двух аўтаномных двухпавярховых будынкаў, злучаных пераходнай галерэяй і двух двухсекцыйных жыллёвых дамоў рознай павярховасці (дзевяць і пяць паверхаў). У 9-павярховай секцыі размесціцца 48 кватэр тыпавой камфортнасці, у 5-павярховай – 12 кватэр жытла высокай камфортнасці са свабоднай планіроўкай і вышынёй да столі - 3 метры. На першым паверсе дома размесцяцца памяшканні для арэнды офісаў. Квадратны метр жытла ў 9-павярховых секцыях будзе каштаваць як у звычайных КІЗах і ЖБК, а ў 5-павярховых секцыях кошт квадратнага метра жылля складзе болей за 1000 даляраў ЗША.

У гандлёва-грамадскі цэнтр увойдуць секцыі для гандлю прамысловымі таварамі і асобнае вялікае памяшканне культурна-спартовага альбо забаўляльнага значэння. Агульны кошт праекта не перавысіць 8 млн даляраў ЗША.

У выніку паседжання праект з заўвагамі быў зацверджаны. Будаўнічыя працы іранцы хацелі пачаць ў 2007 годзе. Першы этап будаўніцтва планавалася завяршыць у першым квартале 2009 года. Да гэтага часу будзе пабудаваны гандлёва-грамадскі цэнтр, адзін двухсекцыйны дом, добраўпарадкавана тэрыторыя.

Намеснік генеральнага дырэктара ТАА “Мэта-інтэрнэшнл” Гамбарыпур Музафар назваў рэалізацыю праекта ў Светлагорску пробным шарам у справе наступнага супрацоўніцтва з нашым рэгіёнам[3]. Аднак у заяўленыя тэрміны будаўніцтва так і не пачалося.

4 кастрычніка 2008 года падчас святкавання Дня горада ў Светлагорск прыехалі прадстаўнікі іранскай кампаніі “Мэта-інтэрнэшнл” і разам з кіраўнікамі Светлагорскага райвыканкома на месцы будучага аб’екта заклалі сімвалічную капсулу з пасланнем нашчадкам і заклалі камень з надпісам: “На гэтым месцы пакладзены пачатак беларуска-іранскаму праекту па будаўніцтву квартала жылых дамоў і гандлёва-грамадскага цэнтра ў мікрараёне Шацілкі 4 кастрычніка 2008 года” [4].

Закладка першага памятнага знака і капсулы. 4 кастрычніка 2008 год.
Закладка першага памятнага знака і капсулы. 4 кастрычніка 2008 год.

Самая першая памятная шыльдачка на месцы будучага "іранскага квартала", якую скрадуць. 2008 год.
Самая першая памятная шыльдачка на месцы будучага "іранскага квартала", якую скрадуць. 2008 год.

Пазней гэту таблічку ці то знімуць, ці то ўкрадуць. А напярэдадні візіту ў траўні 2010 года прадстаўнічай іранскай дэлегацыі таблічку зноў прымацуюць на камень [7].

Другая шыльдачка, якую прымацуюць ў 2010 годзе.
Другая шыльдачка, якую прымацуюць ў 2010 годзе.

Фота аўтара 2011 год.
Фота аўтара 2011 год.

У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Светлагорскага райвыканкома запэўнілі, што на той час ўся дакументацыя была падрыхтавана.

- Фактычна дазвол на будаўніцтва дадзены. Пачатак яго затрымліваецца па арганізацыйным прычынам: заказчыкі не вызначыліся з падрадчыкамі. А гэта дастаткова складанае пытанне, - паведаміла загадчык аддзела архітэктуры і будаўніцтва Светлагорскага райвыканкома Галіна Брэль.

Гарадскія архітэктары выказалі жаданне, каб будавалі новы аб’ект спецыялісты ТАА “Будаўнічы трэст №20” [5].

15-16 кастрычніка 2009 года адбыўся візіт ў Светлагорск Пасла Ірана ў Беларусі Сейед Абдола Хасейні і іранскіх бізнесменаў. У завяршэнні візіту адбылася агульнае пасяджэнне ў райвыканкоме, падчас якога абмяркоўвалася рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па будаўніцтву жытловага комплексу павышанай камфортнасці. Прадстаўнікі ТАА “Мэта-інтэрнэшнл”, якія прысутнічалі на нарадзе, запэўнілі, што будаўніцтва аб’екта пачнецца ў 2010 годзе і завершыцца ў самыя сціснутыя тэрміны[6].

Будаўніцтва аб’екта сапраўды пачалося ў красавіку 2010 года. Былі зрэзаны яблыні на адведзенай пляцоўцы, з’явіўся металёвы плот. На гэтым працы спыніліся[7].

7 траўня 2010 года адбылася чарговае пампезнае мерапрыемства - афіцыйнае адкрыццё будаўніцтва “іранскага квартала”. У цырымоніі прымалі ўдзел Міністр прамысловасці і шахт Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Акбар Мехрабіан і старшыня Гомельскага аблвыканкома Аляксандр Якабсон. Гасцей спачатку сустракаў Гарадскі цэнтр культуры, на якім была вывешана расцяжка са словамі вітання.

- Гэта першы аб’ект, які пачнуць будаваць тут нашы іранскія партнёры, - сказаў Аляксандр Якабсон. – Гэта новы цікавы інвестыцыйны праект коштам больш за 5 млн даляраў ЗША. Плошча будаўніцтва складзе больш за 6000 метраў квадратных. Мы пастараемся стварыць усе ўмовы, каб у іранскага боку не было перашкодаў у гэтай важнай і патрэбнай справе[8].

Міністр прамысловасці і шахт Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Акбар паведаміў, што над праектам, які сёння афіцыйна адкрываецца ў Светлагорску, працуе адна з леппшых іранскіх інвестыцыйных кампаній – “Дзідас Іран”.

- Спадзяюся ён будзе рэалізаваны ў тэрмін”, - падкрэсліў ён [8].

На цырымоніі адкрыцця “іранскага квартала” прысутнічалі пасол Ірана ў Беларусі Сейед Абдола Хосейні, генеральны дырэктар інвестыцыйнай кампаніі “Дзідас Іран” Хасан Амірзадэ, намеснік міністра прамысловасці Беларусі Віталь Прыма, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкома Баляслаў Пірштук, старшыня Светлагорскага райвыканкома Сяргей Максіменка.

- Для мяне гонар працаваць для такіх дабразычлівых людзей, - паведаміў генеральны дырэктар інвестыцыйнай кампаніі “Дзідас Іран” Хасан Амірзадэ, - сёння мы адкрываем ужо другі праект у Беларусі, і да канца года плануем пачаць трэці – у Мінску. Наша кампанія існуе ўжо 32 гады, актыўна працуючы ў розных галінах будаўніцтва як у Іране, так і ў іншых краінах: ААЭ, Арменіі, Алжыры, Казахстане. Мы будзем адказна ставіцца да гэтага праекта і зробім усе да канца[8].

Старшыня Светлагорскага райвыканкома Сяргей Максіменка запрасіў гасцей адкрыць “іранскі квартал” у 2011 годзе – на 50-годзе атрымання Светлагорскам статуса горада.

Госці адправіліся ў мікрараён Шацілкі, дзе перарэзалі чырвоную стужку і заклалі другі памятны знак з мармуру, на якім на дзвюх мовах, іранскай і расійскай, было напісана: “У гонар адкрыцця праекта будаўніцтва гандлёвага і жытловага комплексу “Дзідас Персія” ў горадзе Светлагорску ў прысутнасці Е.П. г-на А.А.Мехрабіана, паважанага Міністра прамысловасці і шахт Ісламскай Рэспублікі Іран, Е.П. г-н А.М. Радзевіча, паважанага Міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь і пасла Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь 7 траўня 2010” [7].

Другая шыльда мармуравая ў гонар "іранскага квартала". Фота аўтара. 2010 год.
Другая шыльда мармуравая ў гонар "іранскага квартала". Фота аўтара. 2010 год.

Два памятныя знакі  ў гонар"іранскага квартала". 2010 год Фота аўтара.
Два памятныя знакі ў гонар"іранскага квартала". 2010 год Фота аўтара.
-11
2010 год. Дзень горада.
2010 год. Дзень горада.

Візіт гасцей суправаджаўся шэрагам казусных сітуацый. У гэты дзень выдалася ветранае надвор’е. Стэнд, на якім быў намаляваны план гандлёвага і жытловага комплексу “Дзідас Персія”, раптам упаў. Часу для прымацавання яго не было, таму прыставілі работніка, які падпіраў яго плячом. На пляцоўку быў прыгнаны экскаватар і самасвал. Экскаватар зачэрпнуў зямлю і паклаў у кузаў. Калі картэж іранскага міністра з’ехаў у бок Гомеля, самасвал высыпаў зямлю назад, а экскаватар яе зараўняў[7].

-13
7 траўня 2010 год. Афіцыйнае адкрыццё будаўніцтва "Іранскага квартала".
7 траўня 2010 год. Афіцыйнае адкрыццё будаўніцтва "Іранскага квартала".

На той час было вырашана спачатку выканаць вялікія работы па пераносу газаправода, цеплатрасы, электракабеля. Генеральным падрадчыкам выступала мінская фірма “УніверсалПраектКанструкцыя”, а субпадрадчыкамі – светлагорскія будаўнікі, у тым ліку і ТАА “Будаўнічы трэст №20”. Усе работы планавалася рабіць у тры этапы. На першым да чэрвеня 2011 года павінен быць пабудаваны двухпавярховы гандлёва-грамадскі цэнтр. Аднак дакументыцыя яшчэ праходзіла экспертызу[8].

-15
-16
Апаганеныя памятныя знакі "Іранскага квартала". 2011 год.
Апаганеныя памятныя знакі "Іранскага квартала". 2011 год.

У верасні 2010 года пачалося будаўніцтва “іранскага квартала” мінскай фірмай “ГрупРэмБуд”. Быў закладзены толькі падмурак будынка, пракладзены сеткі водаправода, каналізацыі, ацяплення, элекразабеспячэння, сувязі і на гэтым працы спыніліся. Будаўніцтва вялося без поўнага пакета праектна-каштарыснай дакументацыі. Ён быў не патрэбны для закладкі падмурку[9].

11 траўня 2011 год.
11 траўня 2011 год.

Прайшло яшчэ два гады. У жніўні 2012 года на адным з пасяджэнняў райвыканкома намеснік старшыні Александр Магазіншчыкаў заявіў, што напрыканцы года плануецца ў адным з будынкаў гандлёва-грамадскага цэнтра ЗТАА “Мэта-Інтэрнэшнл” размясціць адразу два супермаркеты сеткі “Еўраопт” па продажы харчовых і нехарчовых тавараў. На той момант каробкі двух будынкаў ужо былі ўзведены[10].

2012 год. Фота Захара Сівака.
2012 год. Фота Захара Сівака.

Аднак будаўніцтва “іранскага квартала” заглохла да 2014 года.

У кастрычніку 2014 года галоўны інжынер замежнага прадпрыемства “Мэта-інтэрнэшнл” Аляксандр Масціч паведаміў, што будаўніцтва “іранскага квартала” аднавілася.

– Пасля ізноў праведзеных тэндэрных таргоў былі выбраны новыя падрадныя арганізацыі, – паведаміў ён. – У ролі генеральнага падрадчыка выступае ТАА “Неабікс”. Дзве светлагорскія арганізацыі – “Тэхнацэнтр-плюс” і “Светлагорскпрактык” – вядуць работы адпаведна па наладцы пажарнай сігналізацыі і мантажу сістэмы ацяплення. Магілёўская арганізація “Ліфт сіці” мантуе ліфты.

У першым корпусе, які знаходзіцца бліжэй да ракі Бярэзіна, памяшканні першага паверха і падвала запланавана аддаць супермаркету сеткі “Еўраопт” (ТАА “Еўрагандль”). А другі паверх здаць у арэнду прадпрыймальнікам, як варыянт: адкрыць краму для іранскіх тавараў. А другі корпус планавалася аддаць мясцовым прадпрыймальнікам. На пытанне чаму так доўга будуецца “іранскі квартал”, Аляксандр Масціч адказаў, што ў іранцаў былі праблемы з фінансаваннем, сказаўся і сусветны крызіс.

– Але магу вас запэўніць, што кіраўніцтва імкнецца хутчэй завяршыць будаўніцтва, – паведаміў ён. – У найбліжэйшыя дні чакаецца чарговы транш грашовых сродкаў.

Па яго словах, другі корпус гандлёва-грамадскага цэнтра павінен быць дабудаваны ў лістападзе 2014 года, па тэрміну Дзяржнагляду – да 31 снежня 2014 года[11]. Пра жыллё гаворка не велася.

На думку загадчыка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Светлагорскага райвыканкома Галіны Брэль, перспектыва будаўніцтва жытла ў “іранскім квартале” дзеючым інвестарам сумніўная. Заявак на той момант ад іранскай арганізацыі на арэнду дзялянкі пад будаўніцтва жылых дамоў не паступала.

– Тры секцыі жылых будынкаў меркавалася пабудаваць у гэтым раёне, але мяркуючы па актыўнасці будаўніцтва, які перайшоў у разрад доўгабуда, я з вялікім сумневам ставўлюся да перспектывы будаўніцтва жылля ў “іранскім квартале”, прынамсі, замежным прадпрыемствам “Мэта-Інтэрнэшнл”, – падкрэсліла Галіна Брэль.

Акрамя таго, з прычыны заключэння ЗТАА «Мэта-Інтэрнэшнл» дамовы з ТАА “Еўрагандаль” на стварэнне супермаркета, прынцыпова змяняўся генплан дадзенага аб’екта.

– Неабходна ўнесці карэкціроўку ў праект на прадмет стварэння гаспадарчай пагрузачна-разгрузнай і разваротнай пляцовак, якія забяспечаць рух буйнагабарытнага грузавога транспарту. Гэта, у сваю чаргу, сур'ёзна паўплывае на планіровачнае рашэнне жылой забудовы[11], – адзначыла яна.

У 2015 годзе частку зямельнай дзялянкі, дзе меркавалася пабудаваць жыллёвы комплекс “іранскага квартала” аддалі пад забудову тыпавога дома Светлагорскаму ДБК. Аднак жадаючых прыняць удзел у будаўніцтве жытла было так мала, што прадпрыемства звярнулася ў Гомельскі аблвыканком за бюджэтнымі асігнаваннямі[12]. У выніку дом быў пабудаваны ў 2017 годзе і складаецца з большасці арэндных кватэр.

"Іранскі квартал" 2017 год. Фота "СН".
"Іранскі квартал" 2017 год. Фота "СН".

12 снежня 2017 года намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкома Аляксандр Магазіншчыкаў у прямым эфіры “Радыё Ранак” наконт лёсу доўгабуда заявіў, што ў 2017 годзе гандлёва-грамадскі цэнтр “іранскага кварталу” будзе адчынены.

– Праблемы былі звязаны з тым, што кампанія, якая будавала аб’ект, узяла вялікія сумы крэдытаў у банке… Аб’ект будзе дабудоўвацца ў наступным годзе ўжо за сродкі банка[12], – паведаміў ён.

Наступны тэрмін сдачы “іранскага квартала” – 22 верасня 2018 года. Пра гэта паведаміў вядучы інжынер УП “ГК-інвест” Аляксандр Масціч. З яго слоў стала вядома, што генпадрадчыкам будаўніцтва выступае мінскае ТАА “СУ-135”, супрацоўнікі якога з 1 ліпеня 2018 года прыступілі да працы. На аб’екце працавалі ад 10 да 15 чалавек, задачай якіх з’яўлялася падрыхтоўка ўнутраных памяшканняў і інфраструктуры гандлёва-грамадскага цэнтра да ўводу ў эксплуатацыю. Абодва будынкі “іранскага квартала” знаходзіліся ў высокай ступені гатоўнасці. У малым будынку, размешчаным бліжэй да цэнтра Светлагорска, засталося завяршыць агульнабудаўнічыя работы па аздабленні памяшканняў. У вялікім будынку, што знаходзіцца бліжэй да набярэжнай, аб’ём працы значны - усталяваць неабходнае для будучых арандатараў дапаможнае абсталяванне, завяршыць мантаж сістэм выцяжной вентыляцыі, пажарнай бяспекі і аховы. Аб’ект падключаны да электрасеткі, ёсць інтэрнэт, працуюць сістэмы ацяплення і водазабеспячэння.

Аляксандр Масціч паведаміў цікавыя падрабязнасці будаўніцтва “іранскага квартала”. Аказалася, гандлёва-грамадскі цэнтр быў гатовы да эксплуатацыі яшчэ тры гады таму: планавалася яго ўрачыста адкрыць 9 траўня 2015 года. Аднак не было выканаўчай дакументацыі, таму што ЗТАА “Мэта-Інтэрнэшнл” абанкруцілася і яго маёмасць перайшла “ГК-банку” (асноўным акцыянерам Банка гандлёвы капітал з’яўляецца “Банк Тэджарат” Ісламскай Рэспублікі Іран з долей 99,89%.), які фінансаваў будаўнічыя працы. Было створана даччынае прадпрыемства “ГК-інвест” (“Гандлёвы капітал-інвест”), каб завяршыць будаўніцтва “іранскага квартала”.

З 2011 года асноўным арандатарам памяшканняў гандлёва-грамадскага цэнтра выступала ТАА “Еўрагандаль”, аднак за тры гады, якія пайшлі на переафармленне нерухомасці новым уладаром, шмат што змянілася. ТАА “Еўрагандаль” адмовіўся размяшчаць свае гандлёвыя плошчы ў “іранскім квартале”, бо выбраў ліміт метража арэндаваных памяшканняў.

Па словах Аляксандра Масціча, у якасці арандатара ў двух карпусах гандлёва-грамадскага цэнтра чакаюць, у першую чаргу, светлагорскіх прадпрыймальнікаў[13].

Onliner.by Фота: Марыя Амеліна. 2019 год.
Onliner.by Фота: Марыя Амеліна. 2019 год.

І вось, нарэшце, 9 лістапада 2018 года два будынкі гандлёва-грамадскага цэнтра “іранскага квартала” былі ўведзены ў эксплуатацыю[14]. 29 сакавіка 2019 года ў “іранскім квартале” адчынілася першая крама – Fix Price, а 4 кастрычніка 2019 года пачала працу другая крама – супермаркет “Санта”.

Гісторыя будаўніцтва "іранскага квартала" працягвалася з 2005 па 2019 год.

Віктар Раманцоў.

Публікуецца ўпершыню. Перадрук без згоды аўтара забаронены. Дазваляецца частковае цытаванне. Спасылка на аўтара і матэрыял пры цытаванні абавязковыя.

Крыніцы:

1. Ирина Сапоненко. В Светлогорске будут строить элитное жильё?/Ранак-плюс. – 2005. – №42, . – 19 октября. – С.1,3.

2. Ирина Сапоненко. “Иранский квартал” в центре Светлогорска?//Ранак-плюс. – 2007. – №31. – 1августа. – С.1,3.

3. Ирина Сапоненко. Иранскому кварталу – быть!//Ранак-плюс. – 2007. – №40. – 3 октября. – С.1,3.

4. Павел Лобач. «Иранский квартал» строят минчане?// Светлогорский бизнес. – 2010. – №41. – 13 октября. – С. 2. Доступ праз Інтэрнэт: http://sv-biznes.info/mestNovosti/916/function.file-get-contents Дата доступу: 23.12.2019.

5. Виктор Романцов. Капсула под «иранский квартал»//Ранак-плюс. – 2008. – №42. – 15 октября. – С.3.

6.Андрей Григорьев. Иранские делегаты в Светлогорске»//Ранак-плюс. – 2009. – №42. – 21 октября. – С.1.

7. Павел Лобач. Когда начнут строить “Дидас Персию”?// Светлогорский бизнес. – 2010. – №19. – 12 мая. – С.1,2. Доступ праз інтэрнэт: http://sv-biznes.info/mestNovosti/233/ Дата доступу: 25.12.2019.

8. Андрей Липский. Через год здесь будет «Дидас»//Ранак-плюс. – 2010. – №19. – 12 мая. – С.3; Как в Светлогорске начинали строить «иранский квартал»// Ranak. YouTube. Сэрвіс хостынгу відэаматэрыяла. Доступ праз інтэрнэт: https://www.youtube.com/watch?time_continue=81&v=hlG_e27xcOY&feature=emb_logo Дата доступу: 11.01.2020.

9. Андрей Липский. «Дидас» строят по плану//Ранак-плюс. – 2011. – №2. – 12 января. – С.2.

10. Андрей Липский. Магазинов станет больше//Ранак-плюс. – 2012. – №33. – 15 августа. – С.3.

11. Юлия Довлетова. От слов к делу: строительство “иранского квартала”//Ранак-плюс. – 2014. – №42. – 15 октября. – С.2.

12. Андрей Липский. “Думаю, в 2017 году мы этот об’ект откроем…”//Ранак-плюс. – 2016. – №51. – 21 декабря. – С.2.

13. Андрей Липский. “Иранский квартал” готовят к сдаче в День города?//Ранак-плюс. – 2018. – №29. – 18 июля. – С.2.

14. Андрей Липский. Продовольственный супермаркет на Набережной//Ранак-плюс. – 2018. – №48. – 28 ноября. – С.2.

Чытайце таксама:

Ці ёсць у Шацілавічах-Светлагорску свой “Біг Бэн”?

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/c-esc-u-shaclavchahsvetlagorsku-svoi-bg-ben-5dd95bef16376423cc9565ae

Ці збіраліся ў Шацілавічах-Светлагорску пабудаваць Дом Рады?

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/c-zbralsia--shaclavchahsvetlagorsku-pabudavac-dom-rady-5df282983d5f6900addcdd2d

“Залатое стагоддзе” і “постсавецкасць” Светлагорска

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/zalatoe-stagoddze--postsaveckasc-svetlagorska-5d12758eeb090d00ae2fdf04