Найти в Дзене
BOOKvajed

Лепшыя беларускія кнігі, прачытаныя мной у 2019 г.

У апошнія гады ў Беларусі выйшла мноства цікавых выданняў, але найлепшых, на жаль, на дзясятку ў мяне не набралася.
Ну а сёлета ў планах чытаць і перачытваць больш беларускай класікі.

Марыя Мартысевіч "Сарматыя" (Янушкевіч, 2018 г.)

-2

Сёлета гэтая эпісталярная паэма сабрала літаратурныя ўзнагароды: прэмія Арсенневай, Кніга году. Мабыць, не трэба доўга тлумачыць, якую вялікую міфалагічную ролю адыгрывае для беларуса паняцце “сарматызм”. Ці то праўда, ці то міф, але ж шляхта ВКЛ сапраўды лічыла сябе нашчадкамі сарматаў. І ў кнізе Марыя ўдала абыгрывае гэта паняцце. Яе гераіня, Алаіза, піша 30 вершаваных лістоў, у якіх, не выбіраючы выразаў, апісвае сармацкія звычаі і прызнаецца ў каханні да аднаго сармата.
Мне спадабаўся хуліганскі стыль Марыі, дзе яна рыфмуе беларускія і ангельскія словы і ўдала працуе з гукапісам. І нават нецэнзурныя выразы, якія сустракаюцца ў некаторых вершах, гучаць тут абсалютна натуральна, дадаючы вершам жывасць і сапраўднасць.
Калі цікавіцеся паэзіяй — гэтае выданне немагчыма абмінуць.

Валер Гапееў "Пазл"(Галіяфы, 2018 г.)

-3

Найлепшая беларуская кніга, прачытаная мной сёлета, і найлепшая кніга Гапеева (паводле майго сціплага меркавання). Кніга паказвае, як розныя фрагменты жыцця звязваюцца паміж сабой і вызначаюць наш далейшы лёс.

Макс Шчур "Кінараман" (Логвінаў, 2019 г.)

-4

Новы раман Макса Шчура — глыток свежага паветра для ўсіх аматараў інтэлектуальнай літаратуры і класікі сусветнага кінематографа.

Трошкі мастацкая, трошкі нон-фікшн, але ў суме вытанчаная і інтэлектуальная кніга пра сусветны кінематограф і не толькі.

Сяргей Календа "Часам панкі паміраюць" (Логвінаў, 2019 г.)

-5

Сёлетні лаўрэат новай намінацыі ў Прэміі Гедройца — Выбар Алексіевіч.
Не найлепшая кніга аднаго з маіх любімых беларускіх аўтараў, але цікавае і ў чымсці эксперыментальнае выданне. Як і ў іншых кнігах Сяргея тут зачароўвае гранічная шчырасць аўтара ў стасунках з чытачом.

Альгерд Бахарэвіч "Мае дзевяностыя" (Янушкевіч, 2018 г.)

-6

Пачынаючы гэтую кнігу я нават не магла падумаць, што Альгерд стане для мяне такім адкрыццём. Столькі яго твораў прачытана, але як чалавек ён раскрыўся толькі цяпер. І гэта было прыемнае знаёмства, бо я не чакала, што ў вялікай колькасці момантаў у кнізе буду пазнаваць сябе. Хоць у дзевяностыя я толькі нарадзілася, але гэты твор і пра мае дзевяностыя.

Другая найлепшая кніга гэтага года.

Аліна Длатоўская "Арнаменты" (Янушкевіч, 2019 г.)

-7

Другая кніга маладой беларускай пісьменніцы, гарадское фэнтэзі з мінскім каларытам.
Кніга блізкая мне яшчэ і таму, што я яе рэдагавала😊

Андрэй Адамовіч "Песня пра Цімура" (Янушкевіч, 2019 г.)

-8

Па колькасці абмеркаванняў і супрацьлеглых водгукаў гэта, мабыць, найгучнейшая кніга года. І я ў лагеры яе прыхільнікаў. Сатырычная, смешная, але разам з тым глыбокая гісторыя.

Андрэй Хадановіч "Школа травы" (Кнігазбор, 2019 г.)

-9

Нават не сумнявалася, што новы зборнік вершаў Хадановіча сёлета трапіць у мой топ.
І цытата года:

"Расце трава — і табе расці,
і цуды рабіць — табе".