На сайце Светлагорскага райвыканкома змешчаны раздзел “Светлогорский район: историческая справка”, у якім ёсць звесткі, якія ўтрымліваюць недакладнасці і памылкі. А ў адным цытаванні, якое тычыцца XVI cт., землі Светлагоршчыны паспрабавалі ўключыць у Гомельскую воласць, якую у сваю чаргу ўзгадалі ў сувязі з захопленнем Маскоўскай дзяржавай.
Годам раней, двадцаццю пазней
Спачатку прывядзем колькі сказаў з даведкі “Светлогорский район: историческая справка”, змешчанай на сайце Светлагорскага райвыканкама, з фактычнымі памылкамі. Так цытата “В 1772 году в результате раздела Речи Посполитой между Австрией, Пруссией и Россией земли Гомельщины отошли к Российской империи” з’яўляецца памылковый. Землі у межах сучаснай Гомельшчыны (і Светлагоршчыны) цалкам былі анексаваны Расейскай імперыяй толькі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай - 23 студзеня 1793 года.
Прывожу крыніцы найбольш блізкія для светлагорскага чытача: Рабянок П. Шляхам двух стагоддзяў / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн.1. Мн. 2000. С. 49.
Таксама глядзіце мапу падзелаў Рэчы Паспалітай, узятую з вікіпедыі (напрыканцы тэкста).
Цытата “В 1797 году деревня полностью сгорела, а спустя год российский император Павел І подарил отстроенный Паричский двор адмиралу Петру Ивановичу Пущину, со знаменитым родом которого в дальнейшем неразрывно связана более чем вековая история Парич” таксама ўтрымлівае недакладнасць. Павел І падараваў Парыцкую воласць Пятру Пушчыну “не спустя год”, а 5 красавіка 1797 года.
Крыніца: Дакументы сведчаць / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн.1. Мн. 2000. С. 59.
Але больш за ўсё мяне здзівіла наступная цытата: “С 1500 по 1537 г.г. Гомельская волость входит в состав Московского государства”. Чаму яна з’явілася ў гістарычнай даведцы Светлагорскага раёна? Светлагоршчына ў складзе Гомельскай вобласці апынулася толькі 8 студзеня 1954 года. У XVI cт. землі сучаснай Светлагоршчыны ўваходзілі ў Рэчыцкі павет Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Мінскага, а не Гомельскага! Гэта цытата тычыцца гісторыі Гомельшчыны і ўласна горада Гомеля, а не Светлагоршчыны і Светлагорска.
Каб адказаць на пытанне, я адправіўся шукаць адпаведную літаратуру.
Здрадніцтва не загана?
У якасці крыніцы я абраў публікацыю “Темушев В. Н. Формирование территории Гомейской волости в составе Великого княжества Литовского (до конца XV в.) // Памяць стагоддзяў на карце Айчыны: зборнік навуковых прац у гонар 70-годдзя Міхаіла Фёдаравіча Спірыдонава / Нацыянальная акадэмія навук, Інстытут гісторыі. - Мінск: Беларуская навука, 2007”. (С.16-73), якая змешчана ў інтэрнэце.
У ёй я знайшоў звесткі, што напрыканцы XV ст. паміж Вялікім княствам Літоўскім (у мінулым беларуская дзяржавай) і Вялікім княствам Маскоўскім ішлі войны за тэрыторыю: "За кароткі час, у выніку двух войнаў (1486 / 87-1494 і 1500-1503 гг.) Вялікае княства Літоўскае страціла велізарныя тэрыторыі, а межы маскоўскіх уладанняў наблізіліся да тых раёнах, якія ў цяперашні час складаюць частку тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".
Цяпер пройдземся канкрэтна па датах, якія згаданы ў “Исторической справке Светлогорского района”. Першая дата 1500 г, другая - 1537 г. Цытую: "Так, у 1500 г. разам з уласна Гомейскай воласцю (часам які называўся паветам) аскепкі некалькіх суседніх валасцей ўвайшлі ў склад Вялікага княства Маскоўскага і склалі асобную адміністрацыйную адзінку - павет. Гомейскі павет, такім чынам, склаўся з часткі Стрэшынскага, Горвальскага і Чачэрскага паветаў (усе на тэрыторыі сучаснай Беларусі) і ўсіх гомельскіх паселішчаў. Ён праіснаваў да 1535 г., калі ў выніку паходу літоўскага гетмана Юрыя Мікалаевіча Радзівіла 16 Ліпеня Гомей быў узяты і вернуты ў склад ВКЛ. Канчаткова горад быў прызнаны на баку ВКЛ па перамір'ю 1537 г. ".
Тлумачу больш зразумелай мовай. Кавалак Гомельскай (Гомейскай) воласці быў нахабна захоплены Масковіяй у ВКЛ (у мінулым беларускай дзяржавы) на пэўны час (37 год), а аўтары гістарычнай даведкі Светлагорскага раёна звяртаюць на гэта ўвагу, як значны факт Светлагоршчыны. І гэта не проста прагін перад маскавітамі-захопнікамі! Гэта перакананне чытача, што жыхары Светлагоршчыны цягнуліся ў абдымкі “старэйшага брата” і, трэба разумець, жадалі з 16 ст далучыцца да Масковіі? Пры СССР такія ідэалагічныя ўкіды прайшлі бы на “ўра”. Але не сёння, калі Беларусь – гэта незалежная краіна і гістарычна яна ніколі не імкнулася пабратацца з маскавітамі. Такім рэчам сёння ёсць дакладныя тэрміны.
Прагін пад маскавітаў
А калі не быць галаслоўным, прыводзім звесткі, як гэта адбылася ў падрабязнасцях. Гомельская гісторыя 1500 года звязана з іменем князя Семёна Іванавіча Мажайскага, дакладней з яго здрадніцтвам. У 1454 годзе яго бацька Іван Андрэевіч Мажайскі з сям’ёю збег ад маскоўскага цара Васілія II Цёмнага і атрымаў ад вялікага князя літоўскага гарады Старадуб і Гомей. Князь Іван Андрэевіч кіраваў асобным княствам, да якога быў яшчэ далучаны ў 1465 годзе Бранск, да сваёй смерці (паміж 1471-1483 гг.), перад якой падзяліў свае ўладанні паміж двума сынамі - Андрэем і Сямёнам ".
І вось сын Сямён вырас і зрабіў адваротны крок: "Разам з іншымі князямі (Васілём Іванавічам Шэмячычам і Сямёнам Іванавічам Бельскім) Сямён Іванавіч ўступіў у таемнае пагадненне з маскоўскім вялікім князем Іванам III, і ўжо ў красавіку 1500 заявіў у Маскве пра сваё рашэнне перайсці ў маскоўскую службу. Умовамі здрады былі абяцанні вялікага князя маскоўскага пакінуць за старадубскім князем ўсе тэрыторыі, якімі ён валодаў, выдзеліць яму новыя ўладанні, а таксама замацаваць за ім магчымыя захопы. Пасля ўзяцця 3 мая 1500 г. баярынам Якавам Захар'іным Бранска, князі Сямён Старадубскі і Васіль Шэмячыч адкрыта прысягнулі Івану III і са сваімі вотчынамі перайшлі на яго службу. Пры гэтым Старадубскі князь прыхапіў яшчэ Любеч, і, відавочна, шэраг паветаў з суседніх з Гом’ем валасцей".
Выснова аўтара: "Такім чынам, Гомей, які знаходзіўся з 1454 па 1500 г. у складзе Старадубскага княства пад вярхоўнай уладай вялікага князя літоўскага, уступіў у новы перыяд сваёй гісторыі, апынуўшыся на час пад вярхоўнай уладай вялікіх князёў маскоўскіх".
Ну дык чым, спадарства, выхваляемся? Тым, як Мажайскія перабегалі на наш бок, а потым адзін з іх - Сямён - здрадзіў – падаўся назад на бок маскавітаў за выгодамі і пацягнуў у Масковію нашы беларускія землі? Вам гэта нічога не нагадвае?
Будзем спадзявацца, што цытата пра Гомельскую воласць у складзе “Маскоўскай дзяржавы” - гэта проста непаразуменне. Узялі яе з сайта пад час СССР і бяздумна ўставілі ў гістарычную даведку Светлагорскага раёна, не разумеючы глыбока яе сэнсу, не зазірнуўшы ў падрабязнасці. Так і вісіць яна 25 год. Будзем верыць, што гэта прыкрая памылка будзе выпраўлена ў найбліжэйшы час. Цытату варта выкінуць. Бо калі ісці логікай аўтараў гістарычнай даведкі, то можна дадаць туды і наступныя цытаты: “У 1570-1576 гадах Гомель узят войскамі Івана Жахлівага”.
А ў гэты час 25 лютага 1576 года наш зямляк шляхціц Ждан Манкевіч (уладальнік Шацілінскага Вострава, з якога пачаўся Светлагорск) згадваецца ў лісце караля і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя чачэрскаму старасце Крыштафу Зяновічу — аб тым, што шляхта Рэчыцкага павета павінна несці службу ў замку г. Чачэрска, і не прыцягвацца да іншых павіннасцей. Нашы беларусы баранілі сваю зямлю ад маскоўцаў.
Яшчэ цытата: “У 1595-1596 г.г горад Гомель заваяваны казакамі Севярына Налівайкі”. Вось гэта цытата таксама падыйдзе: ”У 1654-1667 гадах горад Гомель знаходзіўся пад уладай казакаў Івана Залатарэнкі, які служыў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу”.
Думаеце, гістарычнная даведка патрэбна для ўслаўлення здрадніцтва, “подзвігаў” бандытаў і арміі суседняй дзяржавы? Ну-ну.
Віктар Раманцоў. 05.03.2015