У інтэрнэце на адным з расійскіх сайтаў апублікаваны вельмі цікавыя і каштоўныя для Светлагорскага раёна два фотаздымкі пад назвай “Помнік Леніну ў Парычах Гомельскай вобласці перад знішчэннем нацыстамі”. Дата зробленага фота пазначана аўтарам публікацыі – 1941 год.
Карыстальнік расійскага сайта ЭтоРетро.ру пад нікам korostenec апублікаваў фотаздымкі знішчэння нацыстамі помніка Леніна ў Парычах падчас Другой сусветнай вайны [1]. З’явіліся яны на сайце адносна нядаўна: 22 верасня 2018 года.
На першым фота мы бачым даваенны помнік Леніну на гэтак званай Майскай (Гандлёвай) плошчы. На заднім фоне відаць два дамы. Злева ад Леніна стаіць электрычны драўляны слуп без дрота.
На адваротным баку фота па-нямецку напісана «Lenin in Parichi» (Ленін у Парычах) і «Parichi». Акрамя таго на фота ёсць архіўны нумар захавання – J373 і назва горада ці акругі Leipzig (Лейпцыг) у Саксоніі (Германія), а зверху напісана Foto-Kholl (фота-хол).
На другім фота мы бачым момант зруйнавання помніка Леніну. Постаць Леніна нахілена. На ім вісяць два трасы, прычым адзін нацягнуты. Вакол помніка стаіць прыкладна 18 жаўнераў арміі Вермахта, магчыма некалькі мясцовых жыхароў-мужчын (кепска відаць). Трое жаўнераў распранутыя да белых кашуль з падцяжкамі на штанах. Большая частка ў шэрай форме. Адзін з жаўнераў справа стаіць спіной у чорнай форме – верагодна танкіст. Пераважная большасць жаўнераў – без галаўных убораў. Толькі двое – у пілотках. Каля драўлянага слупа верагодна стаяць два афіцэры Вермахта. На заднем плане відаць вялікі дом і край другога дома. Электрычны слуп без правадоў, яшчэ адзін слуп справа - магчыма для асвятлення помніка. За помнікам відаць пасаджаныя маладыя дрэвы парка.
На адваротным баку фота стаіць пячатка, на якой пазначаны аўтар – Karl Kunick (Карл Кунік), месца захоўвання фота – Markkleeberg b.Leipzig (горад Марклеберг, акруга Лейпцыг, Саксонія, Германія), адрас – Hindenburgst, 25a (вуліца Гінденбурга, 25a).
Гінденбург - нямецкі вайсковы і палітычны дзеяч. У Першай сусветнай вайне: галоўнакамандуючы на Усходнім фронце супраць Расіі (1914—1916), начальнік Генеральнага штаба (1916—1919). Прускі генерал-фельдмаршал (2 лістапада 1914). Рэйхспрэзідэнт Германіі (1925—1934). Першы і адзіны ў гісторыі Германіі чалавек, абраны кіраўніком дзяржавы на ўсенародных выбарах).
Далей пазначана адзінка захоўвання: Film (фільм) 46, Bild (здымак) 33.
На фота таксама прысутнічае надпіс па-нямецку асадкай, напэўна больш позні. Першыя два словы Lenin Denkmal перакладаюцца як Леніну помнік. Далей - неразборліва.
У кнізе “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць” змешчана інфармацыя, што помнік Леніну ў Парычах быў пастаўлены ў 1937 годзе “напярэдадні 20-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Вялікую Айчынную вайну разбураны нямецка-фашысцкімі акупантамі. У 1957 годзе пастаўлены новы помнік – скульптура У.І.Леніна”[2], [3] .
Дарэчы, калі параўнаць парыцкія помнікі Леніну даваенны і пасляваенны, то ёсць істотнае адрозненне. У даваенным помніку Ленін правую руку трымаў у кішэні, а левую – за спіной. У пасляваенным помніку Ленін трымаецца правай рукой за крысо паліто, а ў левай руцэ трымае кепку.
Парычы былі акупаваны нацыстамі 21 ліпеня 1941 года, вызвалены – 26 чэрвеня 1944 года[3]. Верагодна, што помнік Леніна ў Парычах быў знішчаны нацыстамі ў ліпені 1941 года.
Віктар Раманцоў. 06.01.2020
Публікуецца ўпершыню. Перадрук цалкам без згоды аўтара забаронены. Дазваляецца толькі часткова цытаваць. Спасылка на цытаванне - абавязковая.
Крыніцы:
1. Памятник Ленину в Паричах Гомельской области перед уничтожением нацистами (4 фото). EtoRetro.ru Старые фотографии городов. [Электронны рэсурс]. — Доступ праз Інтэрнэт: https://www.etoretro.ru/pic199999.htm Дата доступу: 06.01.2020.
2. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. — Мінск: БелСЭ, 1985. — C.342.
3. Парычы // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мн: Беларусь, 2003. – У 2-х кн. – Кн. 2 – С. 721.
Таксама чытайце: