Найти тему
novychas.by

Па старонках «Вожыка». Як у БССР Новы год адзначалі

«Новы Час» распачынае новую рубрыку «Па старонках "Вожыка"». Тут мы пакажам вам побыт савецкіх беларусаў праз прызму карыкатур тагачаснага вядучага беларускага сатырычнага часопіса «Вожык». І першая тэма, вядома ж, Новы год.

Людзі ў БССР доўгі час былі закладнікамі «чырвоных» дат. Новы год, як свята, знаходзіўся ў цені Дня стварэння Беларускай ССР (1 студзеня 1919 года) і дня нараджэння Сталіна (18 снежня 1878 года). Таму вокладкі снежаньскіх нумароў «Вожыка» ўпрыгожвалі карцінкі з любімым правадыром або з працоўнымі на маршы. Толькі з канца 50-х святочная мішура ў пераднавагоднім выпуску «Вожыка» паступова выцясняе афіцыёз. Зрэшты, Новы год усё роўна заставаўся ўпісаны ў лінію партыі аж да крушэння Саюза. Напрыклад, пераднавагодні «Вожык» 1988-га года завастрыў тэму засілля бюракратыі — адна з фішак палітыкі Гарбачова.

-2

Праўда, думаецца, тэма бюракратаў напярэдадні Новага года не так моцна займала насельніцтва як вечная для СССР праблема дэфіцыту. Лічылася ганебным сустракаць Новы год без мандарынаў на стале, каўбасы, шэрагу гатункаў алкаголю і г.д. Усё гэта даводзілася здабываць у вялізных чэргах. У каталог дэфіцытных тавараў прыкладна ў 70-я трапілі і навагоднія ялінкі. Паўстала практыка незаконнай вырубкі лясоў, што знайшло сваё адлюстраванне ў малюнках «Вожыка».

-3

Сёння шмат хто бурчыць наконт таго, што цяперашнія навагоднія святы страцілі атмасферу, уласцівую ім у савецкія часы. Часткова з гэтым можна пагадзіцца. Пасля свістапляскі, звязанай з выкананнем гадавога плана ў снежні, у Новы год усе адрываліся не на жарт. Тэма выканання гадавога плана любым чынам традыцыйна прысутнічала на старонках выдання.

-4

Кураж навагодніх святаў быў сапраўдным падарункам для ананімшчыкаў і паклёпнікаў. Гэта забытая сёння катэгорыя грамадзян, якія ў ананімных лістах паведамлялі ў адпаведныя органы аб тым, што іх суседзі і службоўцы вядуць амаральны або антысавецкі лад жыцця. Дасюль прырода гэтай сацыяльнай з'явы спрэчная, паколькі, як лічыць частка гісторыкаў, многія ананімшчыкі звярталі ўвагу грамадства на трансфармацыю чыноўнікаў і апаратчыкаў у асобную касту. Так ці інакш, савецкая прэса, у тым ліку «Вожык», вяла з ананімшчыкамі бязлітасную бітву без перапынку на Новы год.

-5

Назіраючы за эвалюцыяй «вожыкаўскіх» навагодніх карыкатур можна прапанаваць цікавы тэзіс. Новы год з характэрным яму спажывецкім ажыятажам стаў сапраўднай ілюстрацыяй недасканаласці мадэлі савецкай планавай гаспадаркі. Інакш бы навагоднія карыкатуры не закраналі такі шырокі спектр праблемаў — ад недахопу прадуктаў да аднолькавасці цацак. У гэтым плане Новы год з яго хібамі мог быць дадатковым аргументам для прыхільнікаў рэформаў. Безумоўна, гэта толькі версія, спраўдзіць якую можна, у тым ліку працягнуўшы экскурс у свет «вожыкаўскіх» карыкатур.

Аўтар Алег Новікаў. Гэты і іншыя артыкулы чытайце на нашым сайце novychas.by