Першае пісьмовае згадванне Парыч датуецца 1616 годам.
Упершыню Парычы згадваюцца пад датай 13 чэрвеня 1616 года ў кнізе на польскай мове Józefа Wolffа “Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne / ułożone i wydane przez Józefa Wolffa, w drukarni: F. Suszczyńskiego, Petersburg 1885”[1] са спасылкай на Літоўскую метрыку [2] і звязаны з прозвішчамі Пятра Трызны, яго дачцы Петранэлі Трызненкі Пацавай і зяцем Самуэлям Пацам.
Літоўская метрыка (лац.: matricula канцылярская кніга) — збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) вялікакняжацкай канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага XV–XVIII стст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, соймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню.
У кніжцы гаворыцца, што Пятро Трызна перадаў 13 чэрвеня 1616 года зяцю Самуэлю Пацу ва ўсласнасць дзевяць вёсак Бабруйскага староства: Byskowicze (Быковічы), Szaciłowicze (Шацілавічы – сучасны Светлагорск), Dużycze (Здудзічы), Polanie (Паляны), Łarzewicze (Лашэвічы), Berwince, Parycze (Паричи), Kożyrzewicze (Казырэвічы) и Siekierzyce (Сякерычы).
Адшукаў гэтыя звесткі светлагорскі краязнаўца Аляксандр Петухоў, калі працаваў магістрантам гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і аспірантам кафедры гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. [3]
У артыкуле “Бабруйскае староства” вікіпедыі ў раздзеле “Адміністрацыйнае дзяленне” гаворыцца, што Парыцкі маёнтак з вёскамі Парычы, Кнышэвічы, Сякерычы, Чэрнін, Лагвінавічы, Паганцы, Здудзічы, Чырковічы, Шацілавічы належалі Петранэлі Трызненке Пацаў, жонцы Самуэля Паца. [4]
Па інфармацыі Алеся Петухова, Самуэль Пац (1590 — 8 студзеня 1627) валодаў Парыцкім дваром з 1616 па 1627 год.
З 1639 г. Бабруйскае староства і Парыцкі двор пераходзіць ва ўладанне каралевы Рэчы Паспалітай Цэцыліі Рэнаты жонкі караля Уладзіслава IV Вазы. Парычы згадваюцца як сяло, цэнтр дзяржаўнага «двара» (маёнтка) у Бабруйскім старостве Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, Рэч Паспалітая (польск.: Parycze).
28-29 чэрвеня 1649 года галоўнакамандуючы ВКЛ, гетман Вялікага Княства Літоўскага Януш Радзівіл (1612–1655), выступаючы з войскам супраць казакаў, пасланых Багданам Хмяльніцкім на тэрыторыю княства, спыняўся ў Парычах на начлег. Гэты эпізод апісаны ў кнізе польскага гісторыка Вітальда Бярнацкага (Witold Biernacki) пад назвай “Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеянні ў Літве ў 1648–1649 гг.”: “28 чэрвеня князь Януш Радзівіл дайшоў да Казімеравай Слабады, дзе стаяла харугва (рота) драгунаў лікам 100 жаўнераў на чале з капітанам Маенам… Каб везці артылерыю па вузкіх балоцістых дарогах, патрабавала намаганняў коней і людзей. Вылучаныя дадаткова жаўнеры ішлі спераду, каб пры неабходнасці пашырыць ці выраўняць дарогу, засыпаць фашынай выбоіны, і збоку ці ззаду, каб падштурхнуць лафеты ці вазы, якія загразлі ў балоцістых каляінах. На ноч Януш Радзівіл спыніўся ў вёсцы Парычы на рацэ Бярэзіне, у двары, што належыў літоўскаму харужаму Яну Пацу… 29 чэрвеня Радзівіл выехаў з Парычаў, спыніўся на абед у Дудзічах. …На начлег князь затрымаўся ў Чарковічах” [5].
Паводле вопісу 1684 г. Парычы — цэнтр войтаўства ў тым самым старостве.
З 1793 г., пасля II-га падзелу Рэчы Паспалітай — у Расійскай імперыі, цэнтр воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні (у 1795—1796 гг. называлася Мінскім наместніцтвам). З 5 красавіка 1797 г. з’яўляліся ўладаннем адмірала Пятра Пушчына і яго нашчадкаў. Дзейнічаў храм, які ў 1798 г. быў пераведзены з грэка-каталіцтва ў праваслаўе. У 1800 г. у мястэчку Парычы — 111 сялян і 18 шляхціцаў.
У 1819 г. замест ранейшага храма быў пабудаваны новы, асвечаны ў імя Святога Духа (метрычныя кнігі захоўваліся з 1801 г.); у 1863 г. ўзведзена таксама царква ў імя Св. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны пры Парыцкім жаночым вучылішчы духоўнага ведамства (будынкі не захаваліся).
З 25 сакавіка 1918 года Парычы — у абвешчанай Беларускай Народнай Рэспубліцы; з 1 студзеня 1919 — у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, з 27 лютага 1919 — у Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. З 31 ліпеня 1920 — зноў у адноўленай БССР, якая ўваходзіла з 30 снежня 1922 да 26 снежня 1991 ў СССР, з 19 верасня 1991 — Рэспубліка Беларусь.
У 1921 г. Мінская губерня была скасавана, а яе паветы (у тым ліку Бабруйскі) сталі ўваходзіць непасрэдна ў БССР. 20 жніўня 1924 года воласці (у тым ліку Парыцкая) і паветы скасаваны.
З 24 ліпеня 1924 г. мястэчка Парычы — цэнтр утворанага раёна, які ўваходзіць у Бабруйскую акругу (існавала да 26 ліпеня 1930 года), а затым: з 20 лютага 1938 года — у Палескую, з 20 красавіка 1944 — у Бабруйскую, з 8 студзеня 1954 — у Гомельскую вобласць.
27 верасня 1938 г. мястэчкі як тып населеных пунктаў былі скасаваны; м. Парычы ператворана ў гарадскі пасёлак.
9 чэрвеня 1960 г. цэнтр раёна перанесены ў г. п. Шацілкі; 29 ліпеня 1961 года гар. п. Шацілкі пераўтвораны ў горад Светлагорск, Парыцкі раён перайменаваны ў Светлагорскі [6].
Віктар Раманцоў. 18.12.2019 год.
Публікуецца ўпершыню. Перадрук толькі са згоды аўтара. Дазваляецца часткова цытаваць Спасылка на аўтара і матэрыял пры цытаванні абавязковая.
Крыніцы:
1. J. Wolff, Pacowie: materyjały historyczno-genealogiczne / ułożone i wydane przez Józefa Wolffa, w drukarni: F. Suszczyńskiego. — Petersburg 1885. — s. 89. Спасылка ў інтэрнэце: https://books.google.by/books?id=mtBhAAAAcAAJ&printsec=frontcover&hl=ru&source=gbs_ge_summary_r&cad=0#v=onepage&q&f=false
2. М. Lit. Ks. Zap 93 dok. 39.
3. Липский А. 1 июля Паричи отметили 450-летие. На самом ли деле посёлку столько лет? Частное предприятие «Ранак-реклама» [Электронны рэсурс]. — Доступ праз Інтэрнэт: https://www.ranak.me/2018/07/04/1-iula-parici-otmetili-450-letie-na-samom-li-dele-poselku-stolko-let/ — Дата доступу: 17.12.2019.
4. Бабруйскае староства. Вікіпедыя. Свабодная энцыклапедыя. [Электронны рэсурс]. — Доступ праз Інтэрнэт: https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D0%B0%D0%B1%D1%80%D1%83%D0%B9%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B5_%D1%81%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D1%81%D1%82%D0%B2%D0%B0 — Дата доступу: 17.12.2019.
5. Бярнацкі В. Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеянні ў Літве ў 1648–1649 гг. // АRCHE. Пачатак. – 2008. – № 1–2. – С. 149.
6. Парычы. Вікіпедыя. Свабодная энцыклапедыя. [Электронны рэсурс]. — Доступ праз Інтэрнэт: https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D0%B0%D1%80%D1%8B%D1%87%D1%8B — Дата доступу: 17.12.2019.
Таксама чытайце:
Як выглядалі Парычы і парычане ў 1912 годзе
ПАРЫЦКІ РЭГІЁН ПА МАТЭРЫЯЛАХ ФАМІЛЬНАГА ФОНДУ ПУШЧЫНЫХ У ІРЛІ РАН: ДА ГІСТОРЫІ СТВАРЭННЯ ФОНДУ
Знатные кирпичи из гофмановской печи
https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/znatnye-kirpichi-iz-gofmanovskoi-pechi-5e11d34942b03d00afa4a3d3