Найти в Дзене

У якой далёкай краіне пачулі Радыё “Ранак”?

У 2007 годзе радыёаматар Юка Сойні з горада Курыка (Фінляндыя) пачуў пазыўныя светлагорскага Радыё “Ранак”, якое транслюецца ў FM-дыяпазоне.

22 чэрвеня 2007 года інжынер па камунікацыях, 44-гадовы Юка Сойні з горада Курыка (Фінляндыя), калекцыянер радыёсігналаў з розных краінаў свету, пачуў пазыўныя светлагорскага Радыё “Ранак”, якое транслюецца на частаце 88,4 у дыяпазоне FM. Аб гэтым фінскі інжынер паведаміў у сваім лісце, даслаўшы яго электроннай поштай на адрас ТДА “Ранак”. Сігнал быў прыняты пры дапамозе стэрэацюнера Sony-ST-505ЕЕ (з сістэмай RDS), самаробнай 8-элементнай антэны “хвалявы канал” з вертыкальнай і гарызантальнай палярызацыяй.

Фінскі радыёаматар Юка Сойні патлумачыў пачуты сігнал светлагорскай станцыі наступным чынам: “Прычына гэтаму – спарадычнае Е-праходжанне. Менавіта дзякуючы яму было магчыма прымаць ваш сігнал далёка за межамі зоны ахопу. Звычайна, калі ў зямной атмасферы няма хваляванняў, сігнал праходзіць скрозь яе і выходзіць у космас. Але калі раптам у пласце Е-іанасферы ўзнікае вобласць павышанай іанізыцыі, сігнал адбіваецца ад яго і вяртаецца да зямной паверхні на адлегласці 1200-3000 кіламетраў ад перадавальніка. Як правіла, гэта адбываецца штогод у перыяд з траўня па верасень. Дакладнага тлумачэння паходжанню іанасферных хваляванняў пакуль няма” [1].

Інжынер з горада Курыка паведаміў, што пошукам пазыўных розных радыёстанцый, сігнал якіх распаўсюджваецца далёка за межы іх дзеяння, займаецца з 1978 года. Самым значным сваім поспехам Юка Сойні назваў злоўленыя ім сігналы амерыканскай радыёстанцыі на сярэдніх хвалях, італьянскай – на ўльтракароткіх хвалях, брытанцаў – у абодвух дыяпазонах. У яго калекцыі ёсць шмат якіх злоўленых сігналаў з Расійскай Федэрацыі ў FM-дыяпазоне. Радыёаматар падкрэсліў, што ўпершыню пачуў радыёстанцыю з Беларусі, Радыё “Ранак”, і папрасіў пісьмовага пацверджання.

“Вялікі дзякуй, пачуць вас у эфіры было вельмі цікава”, – завершыў свой электронны ліст фінскі інжынер Юка Сойні з горада Курыка (Фінляндыя).

Светлагорскае Радыё “Ранак” (заснавальнік ТДА “Ранак-плюс”, дырэктар Ігар Кашлікаў) адкрылася 7 траўня 2006 года [2]. Вяшчае на частаце 88,4 у дыяпазоне FM. Радыёхвалі такога кшталту маюць малы радыус распаўсюджання: звычайна не болей ста кіламетраў [3].

Крыніцы:

1. Найдёнава И. Радио “Ранак” услышали в Финляндии // Ранак плюс. 2007. № 27. С. 1.

2. Сивак А. “Радио “Ранак” – наше радио // Ранак плюс. 2006. № 19. С. 1.

3. Ловите настроение на волне 88,4 FM! // Ранак плюс. 2006. № 18. С. 1, 3.

Публікуецца па кнізе: Віктар Раманцоў. Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. С. 225-226.