Найти тему
Наш край

Традыцыі зімовых святаў і абрадаў (на матэрыяле фальклору Жыткавіцкага раёна)

Оглавление

У кожнага народа вёўся свой каляндар, у якім з пакалення ў пакаленне перадаваліся мудрасць, веды, вопыт жыццёвых назіранняў. Мелі такі каляндар і беларусы. Багацейшы духоўны свет нашых продкаў, іх надзвычайны талент, яскравая фантазія адбіліся ў абрадах і звычаях, прыкметах і павер’ях, гульнях і песнях, звязаных з тым ці іншым днём календара.

У дадзеным артыкуле разглядаюцца мясцовыя асаблівасці зімовых святаў і абрадаў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Піліпаўка — перыяд земляробчага календара перад Калядамі, калі палявыя работы завершаны і галоўную ролю набываюць малацьба і жаночая хатняя праца [1, с. 295]: “Піліпаўка начынаецца 28 наябра. Піліпаўка цягнецца не адзін дзень, а до 7 январа… Дак, вот раньшэ піліпаўскімі вечарамі жэншчыны ткалі, пралі, адзежу шылі. А хто маладзейшыя, то збіраліса на вечоркі ў екой-небудзь адной хаці. Там і аставаліса начаваць. У народзі дажэ іе прымаўка: “Піліп дзяцей адзявае”. Ткалі з льна. Маладыя пазбіраюцца і начынаюць: хто пяе, хто гадае.” (Купрацэвіч Я.М., 1956 г.н., в. Пухавічы Жыткавіцкага р-на). У час гадання выкарыстоўвалі традыцыйныя зерневыя культуры, напрыклад ячмень: “А каб узнаць, з кім свадзьбу згуляеце, у дзень светого Ануфрыя, чэрэз адну ноч, сыпалі пад падушку ячмень і гаварылі: “Святы Ануфрэю, я ячмень сею, дай жа ты мне знаць, з кім я буду жыць” (Купрацэвіч Я.М., 1956 г.н., в. Пухавічы Жыткавіцкага р-на).

На гэты час прыпадае і Піліпаўскі, або Перадкалядны, пост, калі не елі скаромнае. У час Піліпаўкі варылі саладуху: “жытнюю муку залівалі кіпятком, давалі трохі постаяць. За гэта ўрэмя яна трошкі падкісала, набывала салодзенькі ўкус. Потым яе варылі і её піталіся” (Уласава М.П., 1928 г.н., в. Кольна Жыткавіцкага р-на). Другім традыцыйным посным блюдам на Жыткаўшчыне была каліна, якую “збіралі, сушылі, а потым ужо варылі і елі”; “Да Каляд людзі посцяць, едзяць толькі рыбу. После Новага года ўжо елі бліны, сыр, масло — умясаед” (Уласава М.П., 1928 г.н., в. Кольна Жыткавіцкага р-на).

У сярэдзіне каляднага посту адзначаюцца тры прысвяткі, якія ідуць адзін за адным, — Варвара, Сава і Мікола Зімовы. На Варвару — пастухі збіралі “варваршчыну” — традыцыйную плату: “На Варвары ходзілі пастухі, шо пасцвілі короў, по хатах ім давалі варэнікі А на Саввы, увечары, куцця Мікольная, вячэра посная. На Міколу ідуць у цэркаў, а прыйдуць, то ў кого е хлопцы ўзрослыя, сабіраюцца по хатам у компаніі. Ім родныя даюць пірог, сала кусок, бутылкуНаймаюць мужыка, который можэ спяваць. Хлопец, которы дружыць з дзеўкаю, заказвае ей песню” (Чыкіда В.С., 1934 г.н., в Запясочча Жыткавіцкага р-на).

Каляды — цыкл святаў і абрадаў зімовага сонцавароту. Першапачаткова атаясамліваліся з адраджэннем бога Сонца і пачаткам новага жыцця, а ў хрысціянскай традыцыі — з праслаўленнем Хрыста-Збавіцеля [1, с. 183-184]: “Каляды празнуюць з 6 па 22 январа. У етые дні не трэ було нічогарабіць, толькі што ладзіцца па хазяйству” (Купрацэвіч Г.М., 1922 г.н., в. Дуброва Жыткавіцкага р-на); “Калядныя дні працягваліся да 19 январа” (Уласава М.П., 1928 г.н., в. Кольна Жыткавіцкага р-на); “Каляды атмячаліся ў нас 7 студзеня. Іх усе чакалі і стараліся сустрэць добра. Пяклі бліны, рабілі халадзец, хто мог, рабіў каўбасу. Абязацельна куццю варылі” (Няшэвіч В.Д., 1937 г.н., в. Боркі Жыткавіцкага р-на); “Начыналіся к сёмаму январа. У гэты дзень ідом спяваць, калядаваць. Вечарам, сёмага часла, ідом пад вокнамі шчадраваць. Казу вадзілі 13-14 январа. Акрамя таго, вадзілі яшчэ бусла, мядзведзя і сароку.

Васьмога часла насілі Варфаламееўскую звязду. Тут участваў і бацюшка, званы насілі. Званы цяжкія, но насілі іх здаровыя хлопцы. Насілі робленыя яселькі, украшаныя, дзе быў Хрыстос. Перадзявалі ў царкоўную адзежу. Звязду рабілі з картона, выразалі на восем рагоў, там наклейвалі з адной стараны мацер божу з младзенцам, з другой стараны свечку запальвалі і ікону гаспадара.

Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!

На Каляды звязду не насілі. На 9-га рабілі кірмаш. 13-га вечарам заходзіў шчадрэц. Строілі вячэру, рабілі куццюКалядавалі ад 7 да 13 часла” (Панчэня К.Л., 1924 г.н., в. Пагост Жыткавіцкага р-на).

У народнай культуры шырока выкарыстоўваецца найменне куцця ў якасці назвы ўрачыстай вячэры і абавязковай абрадавай стравы: “Куцця — такі торжэственны вечор быў, своею семьёю куццю вечэралі” (Лузая М.У., 1928 г.н., в. Вароніна Жыткавіцкага р-на); “Куццю варылі перэд Міколаю — гэто перва куцця. Варылі хто з чого. Хто з пшаніны, а хто з ячменю. Вячэралі. Вячэра была посная. Колі садзіліса за стол, то звалі мороза: «Мороз, Мороз, ходзі куццю есці. Да не поморозь нашых цяляток, ягняток».

Другая куцця была перад Рожэством, тожэ вячэра посная. Называецца вячэра-сочэльнік. Шчэ на стол ставілі богато місак з едою. Таму гэта куцця называецца «вяліка куцця». Скоромного на столе нічого не було. Энно можна було поліваць алеем. Вячэру пачыналі з малітвы, далей запальвалі на куці свечку і ждалі як ўзыйдзе перша зорка.

Трэцяя куцця була на шчодрэц, перэд Новым годам. Гэтая куцця была скаромная. Подаваласа з маслом. Шчэ на стол клалі мясо, коўбасы, сало. Зато куцця зовецца шчодрою. Дзеўкі гадалі ў той вечор. Бралі куццю, загортвалі ў мужчынскія штаны, клалі под падушку і ждалі, як сужаны прысніцца. За куццёю цягалі сеніну з-под скацерці і глядзелі, екі лён будзе. А шчэ шукалі ці зерне будзе похожэ на жыто, то будзе богаты ўрожай.

Чацвёрта куцця, яе называлі «голодна куцця» була перал Крэшчэннем. Тогды було і першэ водосвяцце і не елі нічого, покуль не нап’юцца. А ўжэ ўвечары ставілі на стол куццю і мало посное еды, а скоромною зусім не елі. Варылі куццю, коб буў добры ўроджай, шановалі хлебныезёрны” (Чыкіда В.С., 1939 г.н., в. Запясочча Жыткавіцкага р-на).

Такім чынам, непасрэдна на Каляды адзначаюць тры куцці: напярэдадні Раства (перадкалядная), Новага года (васільеўская, шчодрая) і Вадохрышчаў (вадзяная, галодная) [1, с. 215]: “Іе тры каляды ці тры куцці. Першая куцця була 6 январа Увечары трэба усёй сям’і сесці каля стала. На ету куццю можна есці ўсё, кроме мяса і каўбасаў”(Купрацэвіч Г.М., 1922 г.н., в. Дуброва Жыткавіцкага р-на); “Першая куцця называлася беднай і варылася на вадзе. Другая куцця — багатая. Тады ўжо варылі яе на масле, елі мяса, сало. Трэцяя куцця — галодная” (Уласава М.П., 1928 г.н., в. Кольна Жыткавіцкага р-на).

Другую куццю “называлі яшчэ і стары Новы год. Празнавалі 14 январа”. У адрозненне ад першай, “у еты раз яе запраўлялі малаком ці маслам. У еты вечар елі ўсё, што було і што хацелі. Трэ було абязацельна папробуваць куцці. Дзяўчаты гадалі, дзеці калядавалі па хатах, пелі песні — шчадравалі” (Купрацэвіч Г.М., 1922 г.н., в. Дуброва Жыткавіцкага р-на); “З 13 на 14-га то быў шчадрэц. Варылі ў гэты дзень багатую куццю, туды кідалі мяса і масла” (Клімовіч М.С., 1936 г.н., в. Семурадцы Жыткавіцкага р-на); “Навагоднюю куццю, па-другому называюць Васілле. Адзначаюць адзінакава, як і калядную. У гэты дзень вячэраюць з «куццёю». Яна называецца «другая куцця». Вечарам хлопцы ходзяць па дзярэўні з казою і «шчадруюць»” (Мышкавец В.Я., 1912 г.н., в. Сякерычы Петрыкаўскага р-на); “Іўжо на шчадрэц обязацельно варылі “багатую” куццю. А чаго яна была багатая? А таму што масла туды кідалі, ужо м’ясо падкідалі, яна была ўжо не посная, яна была ўжо жырная, ужо можна было есці такую куццю. Пеклі бліны, бо трэба было дзеўкам гадаць на бліны. Ну, і на куццю гадала дзеўка. Як зварыцца куцця, да яна хоча пагадаць за каго замуж выйдзе, то яна цэлы вечар ні з кім не гаворыць. Бярэ яна штаны палатняныя бацькавыя ці братовыя. У штаны лажыла ложку кашы-куцці, лажыла пад падушку і лажыласа спаць, і чытала малітву “Отчэ наш”, і прасіла ў Бога, каб прысніўса той, за каго яна пойдзе замуж” (Клімовіч М.С., 1936 г.н., в. Сямурадцы Жыткавіцкага р-на); “З 13 на 14 студзеня — Багатая Куцця. Вараць куццю, гатовяць розныя мясныя стравы. Снімаюць скацерць, ложаць сноп, ну чуць менш, жыта, паверх накрываюць скацерцю і малоцяць кулакамі — еслі находзяць зерне — будзе багаты ўраджай. Потым усе накладваюць у міскі куццю і наліваюць малаком” (Смоляр К.М., 1944 г.н., г. Жыткавічы, раней пражывала ў в. Бярозаўка Мазырскага р-на); “Вечар варожб або Васілева куцця. У вечар 31 снежня збіралася ўся блізкая радня на сумесны банкет. На Васілеву куццю першай абрадавай стравай быў аўсяны кісель, густая куцця з макам” (Кахновіч Ф.М., в. Загарбацце Жыткавіцкага р-на).

Напярэдадні Вадохрышча “недзі 18 январа спраўлялі трэцюю галодную куццю. Як і першую, “яе елі нішчымнай, іўсе стравы елі таксама нішчымнымі”, бо верылі, што “калі не з’ясі скаромнага, дык увесь год не будзе балець жывот. У еты вечар маладыя гулялі, спявалі песні. Хазяйка пасля паследняй куцці прыбірала сена, што ляжала дзве недзелі на стале і давала худобе, бо яна засцерагала яе ад хвароб” (Купрацэвіч Г.М., 1922 г.н., в. Дуброва Жыткавіцкага р-на); “Сена, што было на покуці і на стале, аддавалі жывёле: каб здаровай была і вялася” (Уласава М.П., 1928 г.н., в. Кольна Жыткавіцкага р-на).

Працяг артыкула чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.