“Верставы слуп” у Светлагорску знаходзіцца ў цэнтры горада на будынку раённага вузла паштовай сувязі. Ён быў усталяваны ў 2001 годзе.
Светлагорскі “верставы слуп” – невялікая чатырохкутная металёвая дошка, якая была замацаваная ў траўні 2001 года на фасадзе будынка Светлагорскага раённага вузла паштовай сувязі, што па вуліцы Леніна, 34. Ніякага ўрачыстага мерапрыемства з нагоды з’яўлення ў горадзе свайго “верставога слупа” не ладзілі, хоць падзея гэта для горада даволі значная [1].
На светлагорскім “верставым слупе” маюцца надпісы на беларускай мове. На самым версе дошкі напісана: “да Гомеля – 113 км”, унізе: “да Мінска – 230 км”. Цэнтр дошкі аздабляе выява кола, у верхняй частцы якога змешчана назва нашай краіны: “Рэспубліка Беларусь”, крыху ніжэй напісана: “Камітэт па аўтамабільных дарогах”. Унізе ў коле змешчаны надпіс: “Месца адліку кіламетражу аўтамабільных дарог”. У цэнтры кола знаходзіцца знак беларускіх дарог.
Раней у кожным горадзе Расійскай Імперыі быў свой верставы слуп, ад якога вёўся адлік адлегласці да галоўнага губернскага горада і сталіцы. Беларускія “верставыя слупы” захоўваюць гэтую традыцыю. Дом №34 па вуліцы Леніна ў Светлагорску з’яўляецца месцам адліку адлегласці да сталіцы Беларусі і абласнога цэнтра [2]. “Верставыя слупы” ў розных краінах сведчаць пра моц улады і клопат пра добрыя дарогі.
Віктар Раманцоў.
Крыніцы:
1. Левашов М. У нас появился свой верстовой столб // Регион-вести. – 2001. – № 20. – С. 1.
2. Свой “верстовой столб” // Светлагорскія навіны. – 2001. – 13 чэрвеня. – С. 3.
Першакрыніца:
Віктар Раманцоў. Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. – С. 35 – 36.