Найти в Дзене

Што вы ведаеце пра Валынскі тракт?

Валынскі тракт – старадаўняя дарога, якая праходзіла па тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна ў напрамку з Жлобіна на Мазыр. Валынскі тракт вядомы з ХVIII стагоддзя.

Валынскі тракт на мапе Рэчы Паспалітай ХVIII ст.
Валынскі тракт на мапе Рэчы Паспалітай ХVIII ст.

Пра існаванне Валынскага тракта на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна можна прачытаць у кнізе “Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі”: “У мінулым стагоддзі праз тэрыторыю сучаснага Светлагорскага раёна праходзілі дзве значныя дарогі. Каля Якімавай Слабады Бярэзіну перасякала паштовая дарога. Яна ішла з Оршы і Магілёва. Тут, каля Якімавай Слабады, дарога дзялілася на дзве. Адна мела назву Валынскага тракту. Па лясістай, балоцістай і маланаселенай мясцовасці ішла на Мазыр і далей на Жытомір. Яна перасякала мноства дробных рачулак і безназоўных ручаёў, якія ў час веснавых і асенніх разліваў нярэдка затаплялі дарогу”[1].

Мяне зацікавіла пытанне, ці згадваецца Валынскі тракт ў суседніх раёнах? І вось, што атрымалася адшукаць.

У мозырскай газеце “Народны голас” ад 25 лютага 1998 года аўтар Міхась Копач згадаў Валынскі тракт у сувязі з паўстаннем 18301831 гадоў супраць расейскай акупацыі земляў колішняй Рэчы Паспалітай. Чытаем: “6 чэрвеня 1831 г. атрад паўстанцаў польскай шляхты пад кіраўніцтвам мазырскага памешчыка Фелікса Каневіча захапіў на Валынскім тракце паштовыя станцыі ў Міхалках, Караліне і Кузьмічах. Тут яны раззброілі групу вайскоўцаў расійскай арміі, узялі яе ў палон. Папоўніўшы атрад за кошт каралінскіх шляхцічаў, 11 чэрвеня Каневіч спрабаваў весці наступ на Мазыр, але пасля кароткага і жорсткага сутыкнення з рэгулярнымі войскамі паўстанцы былі разбіты і вымушаны адступіць на адну з сваіх баз...» [2].

Далейшы пошук звестак пра Валынскі тракт мяне прывёў на інфармацыйны партал “Правда Гомель” абластной газеты “Гомельская праўда”. У артыкуле Аляксея Герасіменкі “Ельскі край вачыма гасцей: ёсць на што паглядзець і чаму здзіўляцца” чытаем: “Па тэрыторыі раёна праходзіў Валынскі тракт (у простых людзей Екацярынінскі). Пралягаў ён праз Санюкі, Ельск, Вішанькі, Чэрцень, Кузьмічы, Скароднае. Валынскі тракт быў адзіным прамым шляхам з паўднёвых губерняў у Пецярбург. Па тракце пастаянна перавозілі пошту, ездзілі чыноўнікі. Вядома, што ў красавіку 1828 года па гэтым тракце ў Паўднёвую Ўкраіну ехаў імператар Мікалай I. Праязджаў тут і вялікі палкаводзец Кутузаў, уладанні якога знаходзіліся на Жытоміршчыне. Магчыма, з Бесарабіі праз гэтыя месцы ехаў Пушкін” [3].

На сайце Ельскага лесгаса Валынскі тракт ўключаны ў экалагічны маршрут “Жывапісныя вобразы Ельшчыны”, які абавязкова патрэбна наведаць валацугам. Чытаем апісанне турыстычнага аб’екта: “З канца 18 стагоддзя праз тэрыторыю Ельшчыны пачалася пракладка Валынскага ваенна-камунікацыйнага (па народнаму – Кацярынінскі) тракту, які пралёг праз Ельск (Каралін), Санюкі, Вішанькі, Чарцень, Кузьмічы, Скароднае і далей на поўдзень. У Ельску, Кузьмічах і Скародным знаходзіліся паштовыя станцыі, былі пабудаваныя карчмы і начлежныя дамы. У Ельску (Караліне), Вішаньках, Кузьмічах, Саннюках і Скародным існавалі казённыя этапныя пункты (камеры для адпачынку арыштантаў)” [4].

Інфармацыю пра Валынскі тракт змясціла на сваім сайце Ельская раённая бібліятэка ў нарысе “Старэйшы населены пункт”, распавядаючы пра вёску Скароднае. Чытаем: “Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мазырскі павет, у тым ліку і Скароднае, у складзе Мінскай губерні адышлі да Расійскай дзяржавы. З гэтага часу пачалася праца па асваенні краю. Былі складзеныя падрабязныя геаграфічныя карты, прызначаная руская адміністрацыя. Для сувязі далучаных зямель са сталіцай быў тэрмінова пабудаваны праз лес, балоты і рэкі паштовы і ваенна-камунікацыйны тракт з украінскіх губерняў на Санкт-Пецярбург праз Мазыр, Оўруч. Паштовыя станцыі з усім абслугоўваннем і коньмі, начлегам і харчаваннем размясціліся на адлегласці 15-20 вёрст у Мазыры, Міхалках, Караліне, Кузьмічах, Скародным і далей ужо на Валыні.

Новы, так званы Валынскі тракт быў адзіным у гэтым маланаселеным рэгіёне. Таму ўтрыманне шляху і паштовых станцый знаходзілася пад кантролем ваенна-дарожнай службы, афіцэры якой пастаянна пражывалі ў г. Мазыры” [5].

У ельскай газеце “Народны голас” я адшукаў яшчэ адну згадку пра Валынскі тракт. Аўтар Ірына Дарына, апісваючы гісторыю вёскі Скароднае, сцвярджае, што праз вёску праходзіў Валынскі тракт (у народзе яго называлі Екацярынінскім шляхам). Гэта дарога, якая ішла з Санк-Пецярбурга ў паўднёвыя губерні Расійскай імперыі, была пабудавана па загадзе імператрыйцы Кацярыны ІІ напрыканцы ХVIII — пачатку XIX стагоддзя [6].

Нагадаем, што Валынь (укр.: Волинь, польск. Wołyń) - гістарычная вобласць на паўночным захадзе сучаснай Украіны ў басейне паўднёвых прытокаў Прыпяці і вярхоўяў Заходняга Буга.

Такім чынам, Валынскі тракт вядомы з ХVІІІ стагоддзя як дарога для сувязі Санкт-Пецярбурга з Кіевам у Расейскай імперыі.

Сённяшнім правапераемнікам Валынскага тракту ў горадзе Светлагорску з’яўляецца вуліца, якая носіць назву Калініна.

Віктар Раманцоў.

Публікуецца ўпершыню. Спасылка на аўтара і матэрыял абавязковая.

Крыніцы:

1. Грабянчук І. Прыродна-геаграфічныя асаблівасці Светлагоршчыны ХІХ ст./ Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — У 2-х кн. Кн.1. — Мн. 2000. — С. 63.

2. Цытата па: Здание бывшей мужской гимназии (XVIII век — XIX век). MLife - портал города Мозырь. [Электронны рэсурс]. — Доступ праз Інтэрнэт: https://mlife.by/news/istoriya-mozyrya/6460/ — Дата доступу: 19.11.2019.

3. Герасименко А. Ельский край глазами гостей: есть что посмотреть и чему удивиться. «Правда Гомель» — информационный портал газеты «Гомельская праўда». [Электронны рэсурс]. — Доступ праз Інтэрнэт: https://gp.by/category/news/society/news176433.html — Дата доступу: 19.11.2019.

4. Ельский лесхоз. Государственное лесохозяйственное учреждение. Экологическая тропа. Живописные образы Ельщины. [Электронны рэсурс]. — Доступ праз Інтэрнэт: http://elsk-leshoz.by/images/hunt/000122_467056_tropa.pdf — Дата доступу: 19.11.2019.

5. Старейший населённый пункт. Ельская районная библиотека. [Электронны рэсурс]. — Доступ праз Інтэрнэт: http://bib-elsk.by/amage/istelsk/skorodnoe1.htm http://bib-elsk.by/amage/istelsk/skorodnoe2.htm — Дата доступу: 19.11.2019.

Апублікавана па: Старейший населенный пункт/учащиеся Скороднянской ГОСШ // Народны голас. – 2007. – 10 лютага.

6. Ирина Дарина. Через Скородное проезжали Пушки, Кутузов и Николай І//Народны голас. – 2016. – 10 лютага. – С.6.

Мапа Расейскай імперыі ХIX ст.
Мапа Расейскай імперыі ХIX ст.
Мапа Расейскай імперыі ХIX ст.
Мапа Расейскай імперыі ХIX ст.
Мапа Расейскай імперыі ХIX ст.
Мапа Расейскай імперыі ХIX ст.
Мапа Расейскай імперыі ХIX ст.
Мапа Расейскай імперыі ХIX ст.
Сторонка з кнігі "памяць".
Сторонка з кнігі "памяць".

Ирина Дарина. Через Скородное проезжали Пушки, Кутузов и Николай І//Народны голас. – 2016. – 10 лютага. – С.6.
Ирина Дарина. Через Скородное проезжали Пушки, Кутузов и Николай І//Народны голас. – 2016. – 10 лютага. – С.6.

Яшчэ пра валынскі тракт чытаем тут: https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/valynsk-trakt-viadomy-z-xvii-st-5d7a86356d29c13cef8cb70f