Найти тему

Калі на тэрыторыі Cветлагорскага раёна з’явілася свабодная эканамічная зона?

Першая свабодная эканамічная зона на тэрыторыі раёна з’явілася ў 1643 годзе і была звязана з горадам Казімірам, які меў магдэбургскае права.

17 траўня 2011 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №193 на тэрыторыі Светлагорскага раёна створана свабодная эканамічная зона ў складзе СЭЗ “Гомель-Ратон”.

Свабодная эканамічная зона "Гомель-Ратон" у раёне Светлагорска. Фота з сайта СЭЗ "Гомель-Ратон". 2019 год.
Свабодная эканамічная зона "Гомель-Ратон" у раёне Светлагорска. Фота з сайта СЭЗ "Гомель-Ратон". 2019 год.

Светлагорскі раён мае глыбокія гістарычныя карані ў плане стварэння свабоднай эканамічнай зоны. Першая “слабада” з’явілася тут у 1643 годзе дзякуючы каралеве Рэчы Паспалітай Цэцыліі Рэнаце Габсбург (1611 — 1644), якая выдала прывілей гораду Казіміру на магдэбургскае права [1]. Горад размяшчаўся на месцы сучаснай вёскі Каралёва Слабада-2 Светлагорскага раёна. Магдэбургскае права стварала спрыяльныя ўмовы для вытворчасці і гандлю: зніжаліся падаткі, ладзіліся кірмашы, у мясцовасці ўводзілася самакіраванне. Аб тым, што жыхары Казіміра атрымалі падаткавыя зніжкі, сведчыць слова “слабада” ў назове населенага пункта - Каралёва Слабада-2 (Каралеўская Слабада, Казіміраўская Слабада).

Адшуканыя дакументы і праведзеныя археалагічныя раскопкі сведчаць, што ў Казіміры мясцовыя майстры займаліся вырабам шклу, керамічнага посуду, кафлі, ловам рыбы ў Бярэзіне.

Горад Казімір ствараўся як буйны цэнтр рамесніцтва і гандлю і па маштабах мог стаць як сучасны Бабруйск, калі б не вайна паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай (1654-1667 гг.) [2]. Казімір быў спалены войскамі Івана Залатарэнкі ў 1655 годзе, якія служылі маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу (1629 — 1676). Горад з магдэбургскім правам як свабодная эканамічная зона праіснаваў усяго 12 год.

Відавочна, што жыхары вёскі Якімава Слабада калісьці атрымалі падаткавыя зніжкі. “Слабада” ўводзілася падчас няўраджайных гадоў альбо ў якасці прывілея за пэўныя заслугі.

Наступнага разу мэтазгоднасць стварэння свабоднай эканамічнай зоны жыхарамі Светлагорскага раёна абмяркоўвалася праз тры стагоддзі, калі Беларусь стала ўнітарнай, незалежнай дзяржавай.

У 1991 годзе старшыня раённай Рады народных дэпутатаў В. І. Кладкевіч запрасіў прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і палітычных партый (саюза аграрнікаў, раённай Рады Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”, мясцовай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, экалагічнага савета, савета ветэранаў вайны і працы і іншых) абмеркаваць праект стварэння на Гомельшчыне вольнай эканамічнай зоны. Сябра мясцовай Рады Беларускага народнага фронту і Рады ТБМ імя Ф. Скарыны Т.В. Маслюкоў выказаўся за стварэнне такой зоны з папраўкай, каб у праект унеслі артыкул аб забороне будаўніцтва экалагічна шкодных прадпрыемстваў. Старшыня саюза аграрнікаў В.А. Некрашэвіч выступіў супраць:

- Сёння наўрад ці магчыма такая зона. Хутчэй за ўсё гэта простая дэкларатыўнасць. У праекце, напрыклад, запісана, што кіраваць зонай будзе адміністрацыйны савет, а чаму не Савет народных дэпутатаў? Навошта, у рэшце рэшт, ствараць новую бюракратычную структуру?

Дэпутат абластнога Савета дэпутатаў, старшыня экалагічнага савета Я.П. Фінк вырашыў, што на маючай адбыцца ў Гомелі сесіі ён будзе галасаваць супраць стварэння вольнай эканамічнай зоны.

- Я не бачу ў праекце таго, якое месца адведзена ва ўсім гэтым Светлагорску і раёну. Нам трэба больш клапаціцца аб вырашэнні ўласных праблем, - зазначыў ён [3].

Але ж свабодная эканамічная зона на тэрыторыі раёна з’явіцца - праз 20 год.

23 траўня 2011 года набыў сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №193 “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 сакавіка 1998 г. № 93” ад 17 траўня 2011 года, па якому ў межы свабоднай эканамічнай зоны “Гомель-Ратон” была ўключана зямельная дзялянка плошчай 967,7011 га, размешчаная ў г. Светлагорску і Светлагорскім раёне. Яна знаходзілася ў межах:

· з поўначы абмежавана дарогай Н5001 Светлагорск-Якімава Слабада-Селішчы;

· з усходу – землямі вёскі Якімава Слабада і Адкрытага акцыянернага таварыства “СветлагорскХімвалакно”;

· з поўдня – землямі Баравікоўскага лясніцтва дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Светлагорскі лясгас”, Камунальнага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Баравікі”, Светлагорскага аграпрамысловага ўпраўлення рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта”, вул. Завадской, землямі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Светлагорскі лясгас”;

· з захаду – землямі Адкрытага акцыянернага таварыства “СветлагорскХімвалакно” да вул. Свердлава, далей на ўсходні накірунак вул. Свердлава да перакрыжавання з вул. Завадской, потым на поўнач вул. Завадской да перакрыжавання з вул. Савецкай [4].

На дадзенай тэрыторыі змяшчалася 28 суб’ектаў гаспадарання: ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат”, ААТ “СветлагорскХімвалакно”, ААТ “Светлагорскі трэст №20”, ААТ “Светлагорскі аграсервіс”, КСУП “Светлагорская гародніная фабрыка” і іншыя [5].

На 2 студзеня 2012 года рэзідэнтамі СЭЗ «Гомель-Ратон» са Светлагоршчыны з’яўляліся ААТ “СветлагорскХімвалакно” з праектам “Дыверсіфікацыя вытворчасці экспартаарыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі”, ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат” з праектам “Будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай белёнай цэлюлозы”, ААТ “Светлагорскі завод кардоннай пакоўкі” з праектам “Стварэнне вытворчасці па вырабе кардоннай пакоўкі і этыкетачнай прадукцыі”.

На 2019 год рэзідэнтамі СЭЗ «Гомель-Ратон» са Светлагоршчыны з’яўляліся ААТ “СветлагорскХімвалакно” і ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат” [6].

Віктар Раманцоў.

Публікуецца ўпершыню. Спасылка на аўтара і матэрыял абавязковая.

Крыніцы:

1. Рассадин С.Е. Гербовый привилей 1643 г. на магдебургию г. Казимежу в старостве Бобруйском // Беларускi археаграфiчны штогоднiк. Мн. 2001. Вып. 2. С. 215-223; Романцов В. Казимир: возвращение затерянного города // Ранак-плюс. 2006. № 35. С. 4.

2. Романцов В. Он мог стать конкурентом Бобруйска // Ранак-плюс. 2007. № 15. С. 4.

3. Катляроў І., Паседзька М. Вольная зона? А чамуб і не! // Светлагорскія навіны. 1991. 28 лістапада.

4. Указ Президента Республики Беларусь от 17 мая 2011 г. № 193 “О внесении изменения и дополнений в Указ Президента Республики Беларусь от 2 марта 1998 г. №93”. Свободная экономічная зона "Гомель-Ратон" [Электронны рэсурс]. Доступ праз Інтэрнэт: http://www.gomelraton.com/docs/193.pdf Дата доступу: 17.02.2012.

5. Андрей Липский. Новый статус светлогорской промзоны // Ранак-плюс. 2011. №26. С. 3.

6. Свабодная эканамічная зона “Гомель-Ратон”. Рэзідэнты [Электронны рэсурс]. Доступ праз Інтэрнэт: http://gomelraton.com/residents/?NAME=&COUNTRY%5B%5D=RQUd1w4E. Дата доступу: 17.11.2019.