За апошнія 60 год жыхарам Светлагорскага (Парыцкага) раёна тройчы пашанцавала мець ва ўладзе свайго чалавека - ураджэнца тутэйшай зямлі. Яшчэ ніколі на чале Светлагорскага раёна на стаяў чалавек родам з гэтага горада.
З 1965 па 1982 год старшынём Светлагорскага гарвыканкама быў Міхаіл Ільіч Мітраховіч родам з вёскі Казлоўка Парыцкага раёна. Працягласць займанай пасады – 17 год. Па мерках гісторыі гэта зусім мала, а па савецкіх мерках – вялікі час. Нікому з кіраўнікоў горада і раёна не пашанцавала столькі быць ва ўладзе. Хаця, з іншага боку, за 17 год не падвысіцца па лесвіцы чыноўніка можа толькі кіраўнік, які мае вялікі аўтарытэт у сваёй мясцовасці, але не мае ніякіх знаёмстваў, “валасатай рукі” ва ўладзе Гомельскай вобласці, іншых абласцей, Мінску.
Амаль усё сваё жыццё Міхась Мітраховіч прысвяціў роднай Парыччыне-Светлагоршчыне. Толькі аднойчы КПСС адправіла яго працаваць у Чачэрскі раён. Але ненадоўга.
У Міхаіла Мітраховіча шмат узнагарод: ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), ордэн «Знак Пашаны» (1974), ордэн «Знак Пашаны» (1981), медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.» (1946), медаль «Ветэран працы» (1986), дзве Ганаровыя граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. За вялікі ўклад у заснаванне і развіццё горада Міхаілу Мітраховічу ў 1998 годзе было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г. Светлагорска”
Другім нашым земляком, якому атрымалася пакіраваць Светлагоршчынай, быў Кірыл Давыдавіч Мазур родам з вёскі Мыслаў Рог (зараз Палескі сельсавет). У адрозненні ад Міхаіла Мітраховіча ён быў старшынём Светлагорскага райвыканкама. Але кар’ера кіраўніка нашага раёна Кірылы Давідавіча Мазура цягнулася нядоўга: з 1983 па 1985 год. Раней, з 1960 па 1983 год, наш зямляк працаваў на кіруючых пасадах у гаспадарчых, партыйных (КПСС) органах Рагачоўскага, Веткаўскага і Калінкавіцкага раёнаў. Завяршыў сваю працоўную кар’еру ён у Рэчыцкім райвыканкаме.
Апошні, хто з нашых землякоў кіраваў Светлагорскім райвыканкамам, стаў Аляксандр Міхайлавіч Дудко родам з вёскі Чэрнін (зараз Мікалаеўскі сельсавет). І яго час ва ўладзе раёна быў невялікі – таксама два гады: з 2000 па 2002.
– Менавіта гэта зямля дала мне дарогу ў жыццё, – пад час прызначэння на сваю пасаду казаў Аляксандр Дудко, агітуючы мясцовых дэпутатаў прагаласаваць за яго кандыдатуру.
Перад тым ён пабыў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-склікання (1995), Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь (1996). Узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь і Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Калі б наша краіна была, як сказана ў артыкуле першым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дэмакратычнай дзяржавай, то жыхары Светлагоршчыны раённага галаву абіралі б на выбарах. І я з упэўненасцю магу казаць, што ніякіх Шостакаў, Максіменак, ды што там казаць, Якабсонаў з Пірштукамі тут і духу не было.
Жыхары Шацілкаўшчыны-Светлагоршчыны, маючы права свабоднага выбару, ведаючы, што іх голас мае дзейснае значэнне і не будзе сфальсіфікаваны падкантрольнай камісіяй выбарчага участка, адчуваючы адказнасць за развіццё рэгіёна, жаданне самім нешта мяняць і бачучы, што іх дзеянні рэальна ўплываюць на жыццё раёна, абіралі б кіраўніка родам з Шацілак-Светлагорска альбо раёна - тутэйшага чалавека. З такога прасцей спытаць. Ён тут вырас і ведае праблемы свайго рэгіёну. І пыталі б шацілкаўцы-светлагорцы з абранага галавы раёна з усёй строгасцю. А ён (кіраўнік раёна), ведаючы, што адказны перад сваімі выбаршчыкамі-землякамі, рабіў бы ўсё для развіцця Светлагоршчыны, каб быць абраным на наступны тэрмін. Хацелася б паглядзець на такі час і на такога кіраўніка! Хаця б аднойчы!
Уявіце! Калі раённы галава робіць рамонт плошчаў, дарожак, тэрыторыі каля палацаў, карыстаючыся паслугамі фірмаў з суседніх раёнаў, абласцей, таму што дырэктарамі іх працуюць кум-брат-сват, будзь ласкавы, валі адсюль. За такія справы ў дэмакратычных краінах ён бы не ўтрымаўся ва ўладзе і дня.
Раённы галава як патрыёт сваёй Радзімы пакідае бюджэтныя грошы тут: аддае рамантаваць будынкі, тэрыторыі, дарогі ў першую чаргу мясцовым фірмам, прадпрыймальнікам.
Раённы галава, абраны народам, не на словах, а на справе зацікаўлены ў развіцці інфраструктуры. А шацілкаўцы-светлагорцы бачаць рэальныя перамены да лепшага.
Гэта вам не заяўлены летась заробак шацілкаўцаў-светлагорцаў у 508 даляраў у месяц. Толькі тупы не зразумее, што насамрэч гэта сярэдняе арыфметычнае суммы высокіх заробкаў начальнікаў – па 10-15 млн. і нізкіх заробкаў рабочых – па 2-5 млн. Не лічбамі трэба хваліцца (яны патрэбны для начальства ў Гомелі і Мінску), а рэальнымі зменамі. Спытаеце: якімі?
Гэта, калі ў горадзе ўсё будуецца хутка: гіпермаркеты, гандлёвыя дамы (не па 15 год), лядовы палац (ці пабудуюць яго калі?), “іранскі квартал” (будуецца ўжо 5 год). Напрыклад, як суперстар “Родная старонка”.
Гэта, калі ў горадзе з’яўляецца парк, агромністая дзіцячая пляцоўка, пляцоўка для катання на роліках і скейтбордах.
Гэта, калі з горада да прамысловай зоны з’яўляецца роварная заасфальтаваная дарожка.
Гэта, калі ў горадзе штомесяц кладзецца дробная плітка ўзамен той, што разваліліся, бо служыла ўжо 40 год, з часоў СССР. І мы бачым як, нарэшце, знік развалены асфальт за домам № 47 у мікрараёне “Першамайскі”, як, нарэшце, замянілі працёртыя да арматуры пліты ад “Маладзіка” да “Еўраопта”, як рэканструявалі сквер каля магазіна “Васілёк” у бок гімназіі ў мікрараёне “Моладзевы” і гэтак далей.
Гэта, калі абнаўляюцца скверы, на якіх абавязкова з’яўляюцц прыгожыя ліхтары, не горш, чым каля райвыканкама, і лавачкі са сметніцамі не забываюць ставіць.
Гэта, калі ў горадзе ёсць прыстойныя патрэбнікі ў кожным мікрараёне – твар горада для гасцей, а не смярдзючыя мачой на рынку “Моладзевы”, “Першамайскі”, набярэжнай, вакзале.
Гэта, калі рэальна адчуваеш, што твайго заробку хапае не толькі на ежу і камунальныя плацяжы.
Гэта, калі магчыма ўсё, таму што гараджане праз абраную ўладу вырашаюць любыя пытанні. І калі патрэбна – арганізуюць фінансавую добраахвотную дапамогу. Адным словам, адчуваюць гаспадарамі на сваёй зямлі.
Гэта, калі…мы не рабы, рабы не мы!
Віктар РАМАНЦОЎ. https://dobramir333.livejournal.com/27033.html
19.03.2015 год.