Найти тему

Пушчыны-дзекабрысты – мае «землякі»!

Герб Пушчыных.
Герб Пушчыных.

Вось дык пажартавалі!

У 1995 годзе напярэдадні 1 красавіка светлагорская прыватная газета “Ранак-плюс” пажартавала, што продкі амерыканскага прэзідэнта Біла Клінтана1 паходзяць з вёскі Вяжны Светлагорскага раёна. І што вы думаеце: прачытаўшы артыкул, жыхары гэтага населенага пункта ўспомнілі-такі аднавяскоўца, які калісьці з’ехаў у ЗША, ратуючыся ад бальшавікоў. І зрабілі выснову: гэта і быў прадзед Біла Клінтана. Вяжноўцы адразу сцямілі, што іх населены пункт па значнасці стаў калі не пупам зямлі, то вышэй за Менск, Гомель і Светлагорск, разам узятых. Гэта навіна за лічаныя дні абрасла ў Вяжнах і суседніх вёсках новымі падрабязнасцямі і ператварылася ў сапраўдны міт. Нават калі сялянам тлумачылі, што гэта быў газетны жарт, яны гатовы былі схапіцца за грудкі, адстойваючы сваю рацыю.

Менавіта гэта камічная гісторыя ўспамінаецца мне, калі я бачу, як ставяцца ў Светлагорскім раёне да расійскага роду Пушчыных.

Мітатворчасць – у масы Светлагоршчыны!

Спадарства, мітамі поўніцца Светлагорская зямля! Не здзіўлюся, калі заўтра высветліцца, што ў нашым раёне нарадзіліся продкі цара Саламона, а Уладзімір Ленін хаваўся ад царскіх паліцыянтаў не ў Шушанскім, а ў Полашаве (з 1921 года – вёска Міхайлаўка) Парыцкай воласці. І хаваў яго тут блізкі сябар Рыгор Шклоўскі2 родам з Парычаў.

Ці вось яшчэ адна “сапраўдная” гісторыя: Аляксандр Пушкін быў у Парычах у 1824 годзе, калі вяртаўся з паўднёвай спасылкі. Гасціў у свайго ліцэйскага сябра Івана Пушчына. І тлуміце потым голаў, што гэта не прыдумкі.

Я разумею: камусьці вельмі свярбіць бачыць роднасную сувязь паміж Парычамі і родам Пушчыных, асабліва дзекабрыстамі, але факты супярэчаць.

Хто зямляк мне ў “Земляках...”?

З родам Пушчыных на Светлагоршчыне створана некалькі мітаў, і яны моцна зрасліся са свядомасцю некаторых тутэйшых людзей. Вось узялі ды Івана Пушчына разам з братам Міхаілам і яго жонкай Марыяй уключылі ў кнігу “Земляки: история Светлогорска в лицах”3. Смеху варта! Укладальнік кнігі Галіна Захаранка не зрабіла самыя элементарныя рэчы: перад выданнем кнігі не высветліла сэнс слова “землякі”.

Па маіх падліках, толькі 11 чалавек (5,6%) са 195 асоб, прадстаўленых у кнізе, – землякі светлагорцам. А 53 чалавекі (27%) – землякі жыхарам раёна. Астатнія 131 чалавек (67,4%) – “чужынцы”, якія прыехалі з іншых мясцін. Пушчыны – гэта тэма нашай гаворкі.

Калі, спадарыня Галіна Захаранка, Пушчыны – землякі жыхарам Светлагоршчыны, чаму тады вы не ўключылі ў кнігу ўсіх Пушчыных, што жылі на тэрыторыі Парыцкай воласці? Непрыгожа забываць пра адмірала Пятра Пушчына, якому рускі цар падараваў Парычы з 1300 душамі прыгонных сялян - сваіх “землякоў”. Сяляне (продкі сучасных жыхароў Светлагорскага раёна), якія працавалі на паноў Пушчыных як прыгонныя, нават і не здагадваліся, што пан-та іх – “зямляк”!!!

Чаму не ўключаны ў кнігу “Землякі...” сыны Пятра Пушчына Іван і Павел, якія пасля смерці бацькі сталі ўладальнікамі Парычаў і Стужак? Пра яго дачку Еўдакію таксама забылі. Я разумею, што яна атрымала ў спадчыну маёнтак Качай-Балота. Зараз гэта, здаецца, вёска “Рассвет” у Калінкавіцкім раёне. Але ж яна наша “зямлячка”! Бо нядобра сястру аддзяляць ад родных братоў толькі таму, што з цягам часу мяняліся межы валасцей і раёнаў. А колькі Пушчыных было пасля Міхаіла, пахаванага разам з жонкай у Парычах? Чаму іх у кнізе няма, яны хіба не нашы “землякі”? Кнігу ў такім фармаце варта было б назваць “Гісторыя Светлагоршчыны ў асобах”.

Зрэшты, за кнігу шчырае дзякуй: іх вельмі мала друкуецца пра раён.

Іван Пушчын з арэолам правадыра

Адкрываю кнігу “Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі” і прачытваю главу “Пушчыны”4. І тут асноўная ўвага надаецца нашым “землякам” Івану і Міхаілу Пушчыным. Пра Міхаіла зразумела чаму: ён пэўны час жыў у Парычах, памёр і пахаваны тут. Дарэчы, нарадзіўся ён у Пецярбурзе на набярэжнай Мойцы ў доме дзеда адмірала Пятра Іванавіча Пушчына. А вось якое дачыненне да Парычаў мае яго брат дзекабрыст Іван Пушчын? Не паверыце! Аніякага! У “Памяці...” я не знайшоў ніводнага факта знаходжання ў Парычах Івана Пушчына. Толькі ў адной газеце сустрэў артыкул, дзе ёсць узгадка, што Іван Пушчын гасціў у Парычах у 1824 годзе. Але гэта яшчэ трэба даказаць, бо крыніца не заслугоўвае даверу. Ну хочацца светлагорцу думаць, што такі вялікі дзекабрыст звязаны з нашай мясцовасцю! А думаць і пісаць, як хочацца, - не забароніш!

Асабіста мне гэта вельмі нагадвае сітуацыю вакол правадыра сусветнага пралетарыяту Уладзіміра Леніна. Прасіла-прасіла Надзея Канстанцінаўна Крупская не рабіць з яго пасля смерці ікону, але марна.

Памятаю: у 1980-х за савецкім часам у Брэсце на чыгуначным вакзале вісела шыльда з надпісам, што у пэўным годзе праз гэту станцыю на цягніку праязджаў Уладзімір Ленін на нейкую там канферэнцыю. На гэты конт мы жартавалі, што лагічней было б у кожнай прыбіральні, куды вялікі правадыр заходзіў патрэбу справіць, павесіць адпаведную шыльду. Дарэчы, Леніна, Свярдлова, Калініна ў Светлагорску і Парычах не было, а вуліцы ёсць. Бачыце, якая пашана! Дзякуй богу, ніхто не дадумаўся іх залічыць у нашых землякоў. А вось дзекабрыстам Пушчыным на Светлагоршчыне пашанцавала болей.

Пад цяжкаю імперскаю рукою

Якой падзеі мы абавязаны з’яўленню ў нашых краях Пушчыных? У кнізе “Памяць...” аб гэтым даволі красамоўна напісана: “У 1772 годзе ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй да Расійскай імперыі адышла частка Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. Аб гэтай падзеі Кацярына ІІ аб’явіла імяннымі ўказамі ад 1, 12 і 21 верасня 1772 года. Імператрыца патрабавала, каб насельніцтва далучаных тэрыторый прысягнула на вернасць Расійскай імперыі. У першую чаргу гэта павінны былі зрабіць буйныя землеўладальнікі. Паўсюдна вывешваліся публічныя плакаты, у якіх было напісана: “Если кто из дворянства или другого состояния, владеющие недвижимыми имениями, небрежа о собственном своём благополучии, не захочет присягать, тому дозволяется на продажу недвижимого своего имения и добровольный выезд вне границ в 3-месячный срок, по прошествии которого все остающиеся имения его секвестровано (канфіскавана – заўв. мая.) и в казну взято быть имеют”5. Як гэта назваць: прымусовае высяленне карэннага насельніцтва альбо генацыд?

У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расійскай імперыі ўвайшоў увесь Рэчыцкі павет. У тым ліку і тэрыторыя сучаснай Светлагоршчыны.

Калі казаць проста, Беларусь, якая на той час уваходзіла ў федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую, была анексавана Расіяй і ўключана ў яе склад. Беларускую ўладу скасавалі, усе навучальныя ўстановы з цягам часу зачынілі, у тым ліку і вышэйшыя. Беларускай шяхце патрабавалася не толькі даць прысягу на вернасць расійскай імператрыцы, але і пацвердзіць сваё высокае званне, інакш яны таксама станавіліся прыгоннымі. Гэта называлася “разборамі шляхты”. Многія не здолелі гэтага зрабіць. “Большасць насельніцтва нашага краю з’яўлялася прыгоннымі”6.

А як, паважаныя землякі, гэтую падзею назваць загадаеце? Да нас прыйшлі чужынцы, каб распараджацца нашымі рэсурсамі і душамі. Нашы землі нахабна падзялілі, а людзей — нашых землякоў — размеркавалі паміж расійскімі панамі, нязгодныя збеглі за мяжу. Пачалася палітыка русіфікацыі і насаджэння расійскай культуры.

“В вечное и потомственное владение...”

А вось як з’явіліся Пушчыны на тэрыторыі сучаснай Светлагоршчыны. 5 красавіка 1797 года расійскі імператар Павел І у дзень сваёй каранацыі падараваў частку Бабруйскага староства (у тым ліку Парыцкую воласць) прыдворнаму вяльможу, рускаму адміралу і інтэнданту часоў Катярыны ІІ Андрэеўскаму кавалеру Пятру Іванавічу Пушчыну (1723—1812). Як гаварылася ў дакуменце, рускі адмірал атрымаў «в вечное и потомственное владение»1300 прыгонных сялян7. Адпаведна “Вопісу ўладанняў адмірала Пятра Пушчына”, які датуецца 1800 годам, у вечнае і спадчыннае карыстанне яму дасталіся 28 населеных пунктаў Парыцкай воласці, 19 з іх размешчаны ў межах тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна8.

Аб якім такім “зямляцтве” Пушчыных можа ісці гаворка, спадарства? Нашых продкаў як быдла падзяліў расійскі царызм і аддаў ва ўласнасць панам-чужынцам, а мы ўсё кажам: “Землякі, землякі!”. Пушчыны ўключыліся ў палітыку русіфікацыі нашага краю, якая праводзілася праз праваслаўныя цэрквы (папоў, вядома, прысылалі з Расійскай імперыі), навучальныя установы, дзе служба і выкладанне прадметаў вяліся на рускай мове.

У 1817—1819 гадах Іван Пятровіч Пушчын (бацька братоў Івана ("дзекабрыста" і Міхаіла) у Парычах пабудаваў царкву імя Сашэсця Святога Духа.

“Так, пасля смерці адмірала сядзіба перайшла ў спадчыну яго сыну генерал-лейтэнанту і сенатару Івану Пятровічу Пушчыну, - піша журналістка газеты “Беларусь сегодня” Віялета Дралюк. - І першае, што ён зрабіў, - замест старой трухлявай цэркаўкі пабудаваў праваслаўны храм у імя Святога Духа. Будынак быў драўляным, стаяў на каменным падмурку. Калі паглядзець на яго зверху, то ён нагадваў даўгаваты крыж. У “будаўнічым” учынку Івана Пятровіча была не толькі набожнасць, але і імкненне “русіфікаваць” (“обрусить”) насельніцтва”9.

У 1840 годзе ўказам расійскага імператара Мікалая I былі забаронены назвы “Беларусь”, “Беларускія губерні” ў справаводстве. У 1860 годзе жонка Міхаіла Пушчына Марыя Якаўлеўна адкрыла Парыцкую жаночую вучэльню. Дзеткі нашых землякоў-беларусаў атрымлівалі расійскую адукацыю і, напэўна, у нашай мясцовасці з гэтага часу ў іх пачаў замацоўвацца комплекс непаўнавартасці ўласнае мовы, грэбаванне ёю і прыклейванне ярлычка “мужыцкая”. Калі адукацыя вядзецца па-руску, а па-беларуску размаўляюць толькі сяляне паміж сабою, інакш і не можа быць.

Мушу выказаць падзяку Пушчыным, што далі магчымасць атрымаць хоць нейкую адукацыю маім землякам, але страшэнны яе вынік мы зараз бачым на прыкладзе нашага Светлагорска: тут няма ніводнай беларускай школы, нават класа... Як у Максіма Багдановіча:

Народ, Беларускі Народ!

Ты - цёмны, сляпы, быццам крот.

Табою ўсягды пагарджалі,

Цябе не пушчалі з ярма

І душу тваю абакралі, -

У ёй нават мовы няма.

На жаль, паны Пушчыны спрыялі “абкраданню душы беларуса”. Прычым рабiлi гэта свядома. Гэта вынiкае з лiста Мiхаiла Пушчына да iмператара Аляксандра II пад назвай “Прошение, его рукою, дворян Минской губерніи къ Государю Императору Александру II по вопросу об укрепленіи за Россией Западного края” (1863 г.).

Прыводзiм яго цалкам, каб усякi тутэйшы навучыўся адрознiваць зяемляка ад каланiзатара-русiфiкатара: “Ваше Императорское Величество Всемилостивейший Государь, в настоящее время как в Правительственных взглядах, так и в сознании общественном, выработалась та истина, которая ясно указывает путь для полнаго и непоколебимого укрепленія за Россіею Северозападного ся края, он выражен неоднократно твёрдым намереніем В.[ашего] И.[мператорского] В.[еличества] различными мерами достигнуть его обрусенія.

С полным благословением пред Высоким Стремленіем В.[ашего] И.[мператорского] В.[еличества] ко благу нашего любезнаго Отечества, мы, небольшое число Русских дворян землевладельцев Минской губерніи, готовы всеми способностями нашими содействовать всякому делу, Вами предначертанному, и употребить все возможныя меры для достиженія великой цели. Но не имея к тому достаточных средств, просим Вас, Государь, дать нам орудіе для действія, и тогда, мы насажденiе Велікой Екатерины при помощи Божіей и Высочайшем соизволеніи В.[ашего]И.[мператорского] В.[еличества] исполним Гражданскій долг наш, положим правильное и твердое начало тому делу, направив его соответственно местным условіям и потребностям.

Всеподанным при сем краткую записку, заключающую в себе основанія нашего проекта, который если в сущности своей удостоится милостивого одобренія В.[ашего] И.[мператорского] В.[еличества], то мы, по указанію Вашему Государь, будем иметь счастіе выработать полный проэкт водворенія Русскаго землевладенія в крае”10.

А вось Мiхаiл Пушчын падбаў пра нашых продкаў з Парычаў і наваколляў: “...отличительным свойством крестьян вообще всего здешнего края суть праздность, леность, падение и пьянство. Редко встречаются усердие к труду как на господской работе, так собственно и на своей. Крестьянин не может обойтись без понуждения и ближайшего надзора”11.

Міхаіл Пушчын – няспраўджаны дзекабрыст

Арэол славы героя-дзекабрыста Міхаіл Пушчын набыў, відаць, дзякуючы савецкай прапагандзе. Насамрэч, яму проста не пашанцавала. За два дні да паўстання Міхаіл Пушчын выпадкова прысутнічаў на кватэры дзекабрыста Кандрата Рылеева, дзе ў гэты час адбывалася сходка, і быццам бы даў слова вывесці 14 снежня 1825-га года на Сенацкую плошчу свой эскадрон. Але гэтага не зрабіў. Па словах сведкі таго часу барона А.Е. Розена, Міхаіл Пушчын не ўхваляў намераў і дзеянняў дзекабрыстаў, цалкам прытрымліваўся іншай думкі, якая даказвае яго меркаванне аб змове, - у друкаваным данясенні следчай камісіі, з гутаркі яго з Бястужавым-Марлінскім на кватэры Кандрата Рылеева. І на сходку дзекабрыстаў за два дні да паўстання трапіў выпадкова.

Рэвалюцыянеры такіх людзей называлі здраднікамі і жорстка каралі. Але Міхаіл Пушчын малюецца ў гісторыі героем. Чаму? Мабыць, за пакуты, якія яму давялося перанесці. Міхаіла абвінавацілі ў тым, што ён “належыў да таварыства зламыснікаў і ведаў аб падрыхтоўцы да мяцяжу, але не данёс”. Належыў да таварыства, таму што два разы прысутнічаў з братам Іванам на сходках: хто ж не жадае паслухаць прагрэсіўныя размовы. Чаму не данёс? Пустое пытанне: хто ж сваіх родных здае.

Міхаіл па загадзе цара Мікалая І быў аддадзены на ганебную экзекуцыю. З яго сарвалі гвардзейскі мундзір, які быў кінуты ў вогнішча, прымусілі стаць на калені і над галавою зламалі дзве шпагі. Рабілі гэта так жорстка, што паранілі голаў. Пазбаўлены капітанскага чыну і дваранскага звання, неспраўджаны дзекабрыст быў высланы ў Сібір. Ужо праз год Міхаіл Пушчын ваяваў на Каўказе з войскамі пярсідскага шаха, потым у руска-турэцкай вайне 1828—1829 гадоў.

З’явіўся Міхаіл Пушчын у Парычах у 1835 годзе і жыў тут па 1841 год пад наглядам бабруйскай паліцыі. Нікуды не выязджаў, бо наведваць вялікія расійскія гарады яму было забаронена. Менавіта тут напісаны ім запіскі “Сустрэча з Пушкіным за Каўказам”, успаміны. У 1856 годзе Міхаіл Пушчын быў амніставаны і вызвалены з-пад нагляду. Цяпер нішто яго не трымала ў Парычах, ён выязджае за мяжу на лячэнне. Пазней Міхаіл Пушчын уладкаваўся на працу чыноўнікам Маскоўскага губернскага камітэта. Біёграфы сцвярджаюць, што ён прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы адмены прыгоннага права ў Расійскай імперыі.

У 1863 годзе на сродкі генерал-маёра Міхаіла Іванавіча Пушчына была пабудавана царква Святой Марыі Магдаліны на беразе ракі Бярэзіна. Існавала яна пры жаночай духоўнай вучэльні для маладзіц і была адзінай каменнай царквой у акрузе. Дарэчы, усе храмы, пабудаваныя Пушчынымі ў Парычах, былі знішчаны бальшавікамі, а рэшткі царквы Святой Марыі Магдаліны разам з капліцай разбураны ў 1970-х гадах па загадзе ўдзячнага “земляка” - першага сакратара Светлагорскага гаркама КПБ Уладзіміра Леўчыка. Вельмі трапна гэту падзею, як трагедыю чалавечага духу, перадаў у сваім вершы “Парычы, святая вышыня…” светлагорскі паэт Ізяслаў Катляроў.

Паричи, святая высота…

Синева прибрежная увяла.

Ничего не скажет пустота

Здесь, где церковь Пущиных стояла.

Даже ощущения вины,

Призрачности даже не осталось.

Вместо белокаменной стены –

Воздуха измученная вялость…

Глубоко течёт Березина,

Выгнула упругое теченье…

Знаю, что могила быть должна, -

Всё ищу какое-то свеченье.

И могилы не досталось нам,

Но ещё не верю: неужели?

Предки наши выстроили храм –

Мы едва снести его сумели.

Паричи, святая высота, -

И в глазах слепая пустота.

У лірычнага героя твора чамусьці няма “ощущения вины”, а толькі “в глазах слепая пустота”.

У 1865 годзе Міхаілу Пушчыну ва ўзросце 65 год надалі чын генерал-маёра, прызначылі камендантам Бабруйскай крэпасці, а праз два гады ён памёр. Пахаваны ў Парычах ля пабудаванай ім царквы. Праз 26 год побач была пахавана яго жонка. Магілы Пушчыных пасля прыходу бальшавікоў да ўлады знішчылі.

Успомнілі пра Пушчыных-дзекабрыстаў на Светлагоршчыне толькі ў 1989 годзе: паставілі памятны знак на магіле ў Парычах, у Светлагорску ў гонар братоў-дзекабрыстаў названы пляц ля школы мастацтваў12, у Парычах — вулiцу.

Хто спадкаемцы дзекабрыстаў?

Мы добра памятаем з падручнікаў па гісторыі, што дзекабрысты ў Расіі змагаліся з дэспатычнай, аўтарытарнай царскай уладай, жадалі, кажучы сучаснай мовай, дэмакратычных змен. Жыві дзекабрыст Іван Пушчын і неспраўджаны дзекабрыст Міхаіл Пушчын у наш час, яны сталі б тутэйшымі апазіцыянерамі. Ва Украіне спадкаемцы дзекабрыстаў — памяранцавыя рэвалюцыянеры.

Калі б Пушчыны сёння былі сярод нас, іх ціснулі б супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў. Сходкі дзекабрыстаў, вядома, лічыліся б несанкцыянаванымі. Пушчыных адлаўлівалі б на кватэрах, рабілі ператрусы, праслухоўвалі іх тэлефоны, затрымлівалі, штрафавалі на мільёны рублёў.

Жыві Пушчыны ў наш час, ніхто не заўважаў бы, што гэта людзі з прагрэсіўнымі поглядамі. Таму асабіста я за тое, каб у Парычах паставілі помнік Міхаілу Пушчыну з жонкай. Я залічваю іх, як і Галіна Захаранка, у сваіх “землякоў”. Іх велічныя бронзавыя постаці будуць нагадваць жыхарам Светлагоршчыны аб свабодалюбівых людзях, якія змагаліся з дэспатычнай уладай, пакутавалі ад нагляду паліцыі і занатоўвалі свае прагрэсіўныя думкі ў сшытках. Бо толькі ў свабодзе нараджаецца сапраўдны чалавек, годны сын свайго народа! А годны беларус заўсёды ўспомніць сваё, паводле Максіма Гарэцкага, “роднае карэнне”, створыць гаспадарскую дзяржаву, адродзіць сваю мову і зойме, паводле Янкі Купалы, “пачэсны пасад між народамі”.

Віктар Раманцоў. 2008, 2011, 2016 г.

Крыніцы:

1. Біл Клінтан – (англ.: Bill Clinton; поўнае імя Уільям Джэферсан Клінтан, англ. William Jefferson Clinton) - 42-і прэзідэнт ЗША (1993—2001 гг) ад Дэмакратычнай партыі.

2. Шклоўскі Рыгор Львовіч (1875—1937) - савецкі дыпламат, бальшавік, блізкі сябар Леніна, быў расстраляны як трацкіст.

3. Земляки: история Светлогорска в лицах. – Мозырь, 2001. – С. 89—92.

4. Прач С. Пушчыны // Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Кн.1 – Мн.: Полымя, 2000. – С. 53–56.

5. Рабянок П. Шляхам двух стагоддзяў // Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Кн.1 – Мн.: Полымя, 2000. – С. 49.

6. Тамсама.

7. Дакументы сведчаць // Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Кн.1 – Мн.: Полымя, 2000. – С. 59.

8. Маслюкоў Т. Якое яно мінулае? // Светлагорскія навіны. – 26 сакавіка, 1991. – С.3.

9. Дралюк В. В поисках утраченного // Беларусь сегодня. – 15 июля,

2006.

10. Пущин М. И. Прошение, его рукою, дворян Минской губерніи къ Государю Императору, Александру II по вопросу об укрепленіи за Россией Западного края // РО ИРЛИ РАН. – Фонд 248. – Ед. хр. 6312(XXXIII б.12), л.1-1 об. Дакумент адшукаў светлагорскі краязнаўца Алесь Петухоў, аспірант Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

11. Рабянок П. Шляхам двух стагоддзяў // Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Кн.1 – Мн.: Полымя, 2000. – С. 51.

12. Згодна рашэнню Светлагорскага райвыканкама «О нормализации наименований элементов улично-дорожной сети города Светлогорска Гомельской области» №221 ад 25 лютага 2014 года (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 27.03.2014, 9/63507) сёння Плошчы імя братоў-дзекабрыстаў Пушчыных у Светлагорску не існуе.

Крыніца:

https://dobramir333.livejournal.com/2258.html

Чытай пра Пушчыных таксама:

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/spce-spakoina-spadary-akupanty-5ca7c0370bc03a00b3ff40e3

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/iak-pushchyny-rabl-jyharo-paryckai-volasc-pravaslanym-ruskm-5d40b0d7e6cb9b2163f08084

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/na-siadzbe-pushchynyh-u-parychah-vyialeny-reshtk-dvuh-budynka-drugoi-palovy-hh-stagoddzia-5cd5c1942b514100b39e432c

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/statisticheskoe-i-inventarnoe-opisanie-imeniia-parichi-prinadlejascego-kollejskomu-sekretariu-puscinui-shestiu-ego-sestram-5ca649c7b59e2e00b3fcecbc

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/mhal-pushchyn-u-regianalnym-vymiarenn-dekanstrukcyia-gerachnaga-vobraza-5ca643913aaf7b00b2c31a4f

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/pusciny-v-parichah-kolonizatory-rusifikatory-ksenofoby-antisemity-5c7a6e2d52a2d900b354c028