Еўрапейскі парламент вырашыў не дасылаць сваіх назіральнікаў на парламенцкія выбары ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве гэтай структуры.
У дакуменце падкрэсліваецца, што ніводзін дэпутат не ўпаўнаважаны назіраць або каментаваць выбары ў Беларусі ад імя Еўрапарламента. Калі хтосьці вырашыць назіраць за беларускімі выбарамі, ён будзе рабіць гэта як прыватная асоба, а не прадстаўнік Еўрапарламента.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.
Раней Цэнтрвыбаркам паведамляў, што акрэдытацыю на выбары атрымалі 1027 замежных назіральнікаў, у тым ліку ад СНД, БДІПЧ АБСЕ, ШАС, ПАСЕ.