Найти тему

Топ-7 кніг з сусветнай літаратуры, якія варта пачытаць па-беларуску

Мойшэ Кульбак "Панядзелак" / lohvinau.by
Мойшэ Кульбак "Панядзелак" / lohvinau.by

У апошнія гады беларускія выдаўцы сур'ёзна заняліся перакладной літаратурай і яна заняла ледзь не галоўнае месца ў беларускім кнігавыданні. Акрамя гэтага, з'явілася серыя "Амерыканка", якая імкнецца выдаваць амерыканскую класіку. Сёлета на перакладчыцкую прэмію імя Карласа Шэрмана прэтэндавала 47 кніг. Для параўнання: у 2019 годзе ў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца за найлепшую празаічную кнігу ўдзельнічала ўсяго 34 кнігі. Еўрарадыё паглядзела, што выдавалася апошнія два гады, і прапануе свой суб'ектыўны топ-7 перакладных кніг.

Мойшэ Кульбак “Панядзелак”

Выдадзены ў 1926 годзе раман беларуска-яўрэйскага пісьменніка Мойшэ Кульбака ў перакладзе з ідыш Сяргея Шупы выйшаў у 2018 годзе ў выдавецтве “Вясна”.

У кнізе апісваюцца падзеі часоў расійскай рэвалюцыі ў нейкім буйным, але дакладна не акрэсленым горадзе. Сам аўтар у тыя часы жыў у Мінску і Вільні. Галоўны герой — настаўнік іўрыта Мордхэ Маркус. Ён ігнаруе палітычнае жыццё свайго горада. Разрываецца паміж старым і новым парадкам і не ведае, як іх можна спалучыць. Ён хоча жыць у сваім свеце. Але ідзе рэвалюцыя, і нават калі моцна хочаш схавацца, то гэта немагчыма.

Мойшэ Кульбак нарадзіўся ў Смаргоні, пісаў свае творы на ідыш. Паколькі яўрэяў тады было ў Беларусі нашмат больш, чым зараз, то гэтую мову ў краіне можна было пачуць часцей, чым якую іншую, да таго ж яна была адной з дзяржаўных моў БССР у міжваенны перыяд. Беларусам творчасць Кульбака найперш вядомая праз твор “Зельманцы”, які выходзіў у беларускім перакладзе Віталя Вольскага. Перакладчык Сяргей Шупа вырашыў узбагаціць беларускамоўную спадчыну Кульбака перакладам аднаго з яго нешматлікіх раманаў. 

Рычард Гавяліс "Віленскі покер"

Раман “Віленскі покер” культавага літоўскага пісьменніка Рычарда Гавяліса выйшаў у 1989 годзе на літоўскай мове. У 2018 годзе беларуская вілянчанка Паўліна Вітушчанка пераклала раман, які потым выйшаў у выдавецтве “Логвінаў”.

Раман будуецца вакол Вітаўта Варгаліса, ветэрана савецкага лагера, які пачынае заўважаць, што па горадзе распаўзаецца дзіўная хвароба. Людзі тупеюць, вочы іх згасаюць, целы рухаюцца быццам лялькі. Яны прасякнуты затхласцю, абрастаюць тлушчам, дэфармуюцца. Вітаўт яшчэ не ведае слова “зомбі”, але імкнецца зразумець, што адбываецца, карыстаючыся сваёй назвай хворых людзей: “канукі”.

Рычард Гавяліс пісаў “Віленскі покер” падчас “брэжнеўскага застою”, аднак выдаць змог толькі ў 1989 годзе. Наклад 50 тысяч асобнікаў разышоўся з рэкорднай хуткасцю. Наступны наклад выдання быў ужо 120 тысяч. Раман стаў бестселерам і прызнаны новай літоўскай класікай. У Літве кнігу назвалі адной з галоўных кніг пра Вільню за ўсю яе гісторыю.

Антоні Лібера “Мадам”

Антоні Лібера — вядомы знаўца творчасці Бэкета, тэатральны рэжысёр, перакладчык, літаратуразнаўца. Раман “Мадам” выклікаў бурную цікавасць у Польшчы і быў перакладзены на многія мовы. У Беларусі ён выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2019 годзе ў перакладзе Марыны Шоды.

Падзеі рамана адбываюцца ў 1960-я гады, якія апісваюцца з доляй горкай іроніі і шчымлівай настальгіі. Апавядальнік, малады чалавек, вучань выпускнога класа, захапляецца настаўніцай французскай мовы і спадзяецца на ўзаемнасць, таму пачынае не толькі марыць, але і дзейнічаць, уключаючы ўвесь свой інтэлект і абазнанасць у паэзіі, музыцы і правілах шахматнай гульні. Раман пра сталенне і сардэчныя раны юнацтва, якіх не загаіць без дапамогі добрай літаратуры.

Маргарэт Этвуд "Пенелапіяда"

Серыя "Амерыканка" з'явілася ў 2018 годзе, аб'яднаўшы беларускіх перакладчыкаў у надзеі сабраць грошы на выданне кніг. Адной з іх была "Пенелапіяда" вядомай пісьменніцы Маргарэт Этвуд. Шырокі чытач знаёмы з ёй больш як з аўтаркай "Расказу служанкі", па якім знялі серыял. У перакладзе Вольгі Калацкай кніга выйшла ў 2018 годзе ў выдавецтве “Логвінаў”. 

"Пенелапіяда" — кніга пра жонку Адысея. Яна — дачка спартанскага цара, стрыечная сястра Алены Прыгожай. У Гамера яна прадстаўлена як ідэал вернай жонкі. Дваццаць доўгіх гадоў яна чакае вяртання свайго мужа Адысея з Траянскай вайны, супрацьстоячы дамаганням прагных жаніхоў. 

Але ці так было на самай справе? І ці мог старажытнагрэцкі Гамер даследаваць таямніцы жаночага характару так, як зрабіла гэта феміністка і эпатажніца з ХХІ стагоддзя? У версіі Маргарэт Этвуд гэты старажытны міф набывае новае гучанне. Перад чытачом разгортваецца гісторыя жыцця Пенелопы, расказаная ёю самой. Гісторыя, поўная супярэчнасцяў і таямніц, прасякнутая іроніяй і запалам і якая прадстаўляе ў зусім нечаканым святле многія звыклыя нам вобразы і матывы антычнай міфалогіі.

Ігнат Карповіч "Сонька"

“Сонька” — кніга адначасова вялікая і камерная, простая, хоць і нялёгкая, прыцішаная, хоць і жарсная, пацыфічная і адначасова брутальная гісторыя, перапоўненая каханнем. Аўтар скрыжоўвае канвенцыі ваеннай і любоўнай прозы, каб расказаць пра “даўным-даўно” і “цяпер”, пра “тут” і “там”, пра пекла і рай памяці. Выдавецтва “Логвінаў” у 2018 годзе выдала “Соньку” ў перакладзе Марыі Мартысевіч.

У жыцці беларускай сялянкі Сонькі ўсё скончылася “даўным-даўно”, разам з вайною. Яна перажыла і адчула тады столькі, што пазней ужо не жыла і не адчувала. Усё, што ёй засталося, — успамін і сабачы аброжак з гатычным надпісам. Выпадковая сустрэча на прасёлку каля падляскай вёскі Каралёва Стойла дае пачатак гісторыі.

Ігнат Карповіч — папулярны сучасны польскі пісьменнік. Аўтар васьмі раманаў, чатыры з якіх уваходзілі ў шорт-ліст галоўнай літаратурнай прэміі Польшчы Nike. Перакладае мастацкую літаратуру з англійскай, іспанскай і амхарскай моў.

Філіп Вінклер "Hool"

“Хул” — гэта партрэт маладога чалавека Хайка Кольбэ, які паслядоўна пададзены ад яго асобы. З самага юнацтва ён у гановерскім хуліганскім асяроддзі. Ён патрапіў туды праз уласнага бацьку з дзядзькам і замацаваўся дзякуючы ўтварэнню банды з сяброў. Выйшла ў 2018 годзе 
ў перакладзе Вадзіма Мохава ў выдавецтве “Кнігазбор”.

Хайка Кольбэ — правінцыял, які недавучыўся ў школе. Сын, маці якога ўцякла, кінуўшы іх з сястрой, а бацька стаў алкаголікам. Хлопец на падхваце ў трэнажорнай зале. Кватарант у доме крымінальніка, які арганізуе баі жывёл. Жыццё Хайка — гэта “хул”. Калі яго найлепшага сябра моцна збілі і той захацеў выйсці з групоўкі, Хайка лічыць гэта здрадай. Бо наперадзе іх чакае новая гульня — паўфінальны матч за кубак Германіі.

Філіп Вінклер напісаў раман, вялікай заслугай якога з’яўляецца магчымасць зазірнуць за кулісы архаічнай субкультуры. У “Хул” нічога не прыхарошваецца. Апавядальны голас Хайка — таксама не. Тым болей уражваюць тыя пасажы, дзе герой нібыта забывае сябе, бачачы свет, які складаецца не толькі з супрацьстаянняў ды інтрыг. Філіп Вінклер паказвае нам іншы свет, які насамрэч суседнічае з намі, свет, мова якога жорсткая, а традыцыі бязлітасныя, свет няўдачнікаў і тых, хто неўзабаве імі стане.

Лэсь Бэлэй “Ліхія дзевяностыя: любоў і нянавісць у Ужгарадзе” 

Лэсь Бэлэй — сучасны ўкраінскі паэт, публіцыст, кандыдат філалагічных навук, спадчынны мовазнаўца. "Ліхія дзевяностыя: любоў і нянавісць у Ужгарадзе" — яго першая кніга рэпартажаў. Гэта спроба культуралагічнага нарысу эпохі дзевяностых: трансфармацыі, дэфіцыт, дзікі капіталізм, спроба выжывання, крымінал, кантрабанда, з’яўленне поп-культуры. Даследаванне грунтуецца на паказаннях непасрэдных удзельнікаў эпохі трансфармацыі. Кніга была перакладзена Лідай Наліўкай і выйшла ў 2018 годзе ў выдавецтве “Логвінаў”.

Першая частка кнігі прысвечана дзяцінству ў дзевяностых. Гэта асабістыя ўспаміны і ўражанні аўтара. У іншым раздзеле расказваецца пра маладосць у дзевяностых: пра студэнцтва, субкультуры, спосабы зарабляння грошай ва ўмовах дэфіцыту, трансфармацыйныя перамены, узнікненне рэкету, пра тое, як выглядае менавіта Закарпацкі рэкет, пра крымінальных аўтарытэтаў, самых важных людзей горада і пра конкурсы прыгажосці, якія тады паўсталі.

Гэта цэлы кантынент гісторый, перыяд абсалютнай змены дзяржавы і сістэмы: адкрыццё межаў і з'яўленне даброт заходняй цывілізацыі, якія абсалютна перавярнулі свядомасць, узнікненне нармальнай музыкі, украінскай у прыватнасці. У Ужгарадзе, паколькі гэта памежны горад, усё было завязана на кантрабандзе. Чым адрознівалася дзяцінства ў Ужгарадзе? Прысмакі былі славацкімі і венгерскімі.

Хутка выйдзе

Жазэ Сарамага “Пячора”

31 кастрыніка ў выдавецтве "Янушкевіч" выходзіць кніга Жазэ Сарамагу “Пячора” ў перакладзе Галіны Мітраховіч. 

Жазэ Сарамагу — знакаміты партугальскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1998 года. У гэтым рамане аўтар звярнуўся да міфа аб пячоры Платона: каб спазнаць сутнасць рэчаў, трэба прыкласці намаганні. Сям’я вясковых ганчароў прадае свой посуд у аграмадным Цэнтры, дзе людзі жывуць, працуюць, наведваюць крамы. Але іх вырабы не патрэбныя ў горадзе — посуд перасталі купляць. Хутка і ганчары становяцца жыхарамі Цэнтра. Пераезд памяняе жыццё цэлай сям’і.

Джаан Роўлінг “Гары Потэр”

Магчыма, ужо налета мы ўбачым першую кнігу серыі пра "Гары Потэра", якая выйдзе ў выдавецтве "Янушкевіч". Перакладам займаецца Алена Пятровіч, дзякуючы якой па-беларуску ўжо выйшлі апавяданні Артура Конан Дойла і Эдгара Алана По, вершы Джэймса Морысана, кнігі "Падарожжы з Герадотам" Рышарда Капусцінскага і "Насыпаць горы" Малгажаты Шэйнэрт.