Гэтая тэма нарадзілася адразу пасля прачытання артыкула пад назвай “Лейтэнант Пушчын: чалавек і карабель” Уладзіміра Лазоўскага1 ў газеце “Светлагорскія навіны” ад 9 чэрвеня 2011 года.
Свае і чужыя героі
У артыкуле распавядалася, як у Парычах, дзе размяшчаўся радавы маёнтак Пушчыных, пачалася міжнародная экспедыцыя, прымеркаваная да гадавіны подзвігу, здзейсненага адным з прадстаўнікоў слаўнага расійскага роду – лейтэнантам Флоту Расійскага Леанідам Пятровічам Пушчыным падчас вайны 1877—1878 гадоў за вызваленне Балгарыі ад асманскага іга.
Пытанне, якое ўзнікае пасля прачытання: чаму парычане прымаюць удзел у мерапрыемстве, прысвечаным угодкам подзвігу расійскага афіцэра, які служыў у акупацыйнай для беларусаў арміі? Пушчыны з’явіліся ў Парычах “дзякуючы” захопу Расійскай імперыяй напрыканцы XVIII стагоддзя часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай (тры падзелы 1772, 1793, 1795) – у мінулым нашай дзяржавы.
Парыцкая воласць была падаравана 5 красавіка 1797 года расійскім імператарам Паўлам І у дзень уласнай каранацыі прыдворнаму вяльможы, рускаму адміралу і інтэнданту часоў Кацярыны ІІ Андрэеўскаму кавалеру Пятру Іванавічу Пушчыну (1723—1812). Як гаварылася ў дакуменце, рускі адмірал атрымаў “в вечное и потомственное владение” 1300 прыгонных сялян. А Леанід Пушчын – нашчадак гэтага самага Пятра Пушчына. Спадзяюся, ніхто не будзе лічыць армію Расійскай імперыі пасля захопу беларускіх тэрыторый – вызваленчай і сяброўскай. Інакш бы нашы продкі не ўзнімалі паўстанні: Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі.
Чаму тады парычанам не адсвяткаваць угодкі подзвігу беларуса, які, напрыклад, служыў на боку нямецкай арміі ў гады Другой сусветнай вайны (сярод іх былі жыхары Парычаў)?
Чаму парычане гэтага не будуць рабіць, я ведаю. Таму што іх зямляк служыў на боку немцаў-акупантаў, якія шмат гора прынеслі нашай зямлі.
А чаму парычане прымаюць удзел у мерапрыемстве, прымеркаваным да ўгодкаў подзвігу Леаніда Пушчына і пачатаку міжнароднай экспедыцыі? Толькі таму, што акупацыя нацыстаў бліжэй да нас па часе, а акупацыя Расійскай імперыяй была значна даўней, і памяць пра яе сцёрлася ў пакаленнях?
А вы думаеце, акупацыйная армія Расійскай імперыі не праліла шмат крыві нашых землякоў, не паліла людзей вёскамі? Успомніце з гісторыі паўстанні на Беларусі 1794, 1830—1831 і 1863—1864 гадоў. Колькі нашых продкаў палягло ў барацьбе: было спалена, застрэлена і павешана? Дык чаму, я вас пытаю, землякі, вы дазваляеце сабе ўдзельнічаць у міжнароднай экспедыцыі, якая прысвечана подзвігу прадстаўніка расійскай акупацыйнай арміі?
Значыць, гістарычная памяць тутэйшых беларусаў, у прыватнасці парычан, сцёртая, і яны не могуць адрозніць сваіх герояў ад герояў-акупантаў.
Так склалася гісторыя
Канешне, парычане могуць удзельнічаць у мерапрыемствах міжнароднай экспедыцыі, прысвечанай угодкам подзвігу Леаніда Пушчына, проста з-за павагі да суседзяў-расіян. Трэба сябраваць, кантактаваць з простымі расійскімі людзьмі, якія цікавяцца сваім мінулым. У рэшце рэшт, сучасныя расіяне не вінаватыя, што некаторыя іх продкі былі акупантамі на Беларусі. Так склалася гістарычна.
Можна падысці да гэтай сітуацыі і з бізнес-боку. Калі расійскія капіталы пацякуць у Парычы, таму што тут некалі жылі Пушчыны, дык хіба гэта кепска? Канешне, някепска. Адчыняцца новыя вытворчасці, знікнуць кінутыя пабудовы, што зеўраюць пустымі чатырохкутнікамі вокнаў. Але ў дадзеным фармаце мерапрыемства пытанне так не ставіцца.
Ёсць яшчэ адна важкая падстава – некаторыя з Пушчыных былі прагрэсіўнымі людзьмі свайго часу, таму заслугоўваюць выключэння.
Яны там могуць быць
Тут я падыходжу да кульмінацыйнага моманту гэтага эсэ, вызначанага загалоўкам: хто такія прагрэсіўныя людзі свайго часу? Мне хочацца спытаць сябе: а хто зараз у маім горадзе ці раёне прагрэсіўны чалавек? Я так разумею пад гэта азначэнне трапляюць людзі, якія зрабілі штосьці вельмі важнае, значнае, істотнае не толькі для майго рэгіёна, але і краіны.
І тут я задумаўся, што важнага зроблена ў маім Светлагорскім раёне? Амаль усе ініцыятывы сёння зыходзяць выключна ад улады. Таму што такая наша дзяржаўная сістэма: яна канцэнтруе ўсе сродкі і не дазваляе з’яўляцца беларускім мецэнатам, спонсарам цікавых праектаў, сучасным мясцовым алігархам. Хаця яны, можа, і ёсць, але шыфруюцца, самі разумееце, чаму. Цікавыя праекты могуць сыходзіць ад ініцыятыўных людзей, але толькі набліжаных да ўлады. Ненабліжаных – не ўспрымаюць, проста ігнаруюць і нават прыціскаюць.
Пашукаем прагрэсіўных людзей сярод прадстаўнікоў улады.
Колішні намеснік старшыні Светлагорскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Патупчык2 запоўніўся тым, што, калі займаў пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны, у краіне адмянілі льготы студэнтам, чарнобыльцам і іншым катэгорыям грамадзян – увялі гэтак званую адрасную дапамогу. Я разумею, што ішла “газавая вайна” паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй і давялося пайсці на такі непапулярны крок, каб адшукаць грошы для аплаты доўгу. Але для нас Уладзімір Патупчык стане прагрэсіўным чалавекам нашага часу? Наўрад ці. Хаця ў яго яшчэ ёсць шанец заслужыць гэта званне – ён зараз працуе намеснікам старшыні Савета Рэспублiкi.
Ці можна лічыць прагрэсіўным чалавекам былога кіраўніка Светлагорскага раёна Баляслава Пірштука? Мне ён запомніўся тым, што ніколі не чытаў свае прамовы па паперцы. Заўсёды выглядаў прэзентабельным і падцягнутым, былі ў ім і дэмакратычныя задаткі. Але што Пірштук прагрэсіўнага зрабіў для Светлагоршчыны? Падняў разбураную сельскую гаспадарку, якая ніяк і сёння не ўзнімецца да перадавых краін? Здаецца, пры ім узнялася да ўзроўню 1990 года эканоміка раёна. Толькі грошай у бюджэце, каб прывесці ў парадак дарогі, залатаць дахі і пакласці нармальныя тратуары, як не хапала, так і не хапае. Мабыць, трэба паставіць у заслугу яму, што адчынілі станцыю абезжалезвання, новую водаправодную трубу праклалі з водазабора, што спыніла аварыі, якія пакідалі горад без вады? Неяк занадта смешна тое гучыць! Баляслаў Пірштук не запомніўся якімсьці неардынарным і вельмі важным крокам для раёна. Працаваў таксама, як i папярэднiя савецкiя граданачальнiкi.
Можа, звання прагрэсіўнага чалавека заслужыла дэпутат беларускага парламента Валянціна Кавалёва? Але чым, я нават не ведаю. Калісьці яна мне казала, што працуе з законам, які сацыяльна абароніць жанчыну. Але ці быў ён прыняты, я ніколі не чуў. Думаю, пачуў бы, калі б светлагорскія жанчыны загаварылі аб ім, якую цудоўную падтрымку такі закон ім дае, і гэта ўсё дзякуючы дэпутату Валянціне Кавалёвай.
Вы не заўважылі, што ўся сутнасць непрысваення звання прагрэсіўнага чалавека нашага часу чыноўнікам хаваецца ў сістэме дзяржаўнай улады? Аказваецца, унутры гэтай сістэмы вельмі цяжка яму нарадзіцца.
Кандыдаты сярод творчых людзей
Тады пашукаем прагрэсіўных сярод простых людзей горада і раёна. Калі гэта мастак, то я не магу кагосьці выбраць з мясцовых. Хто з нашых мастакоў вядомы ў краiне, свеце, атрымаў узнагароды? Я не чуў пра такіх.
Сярод пісьменнікаў і паэтаў успомніўся Ізяслаў Катляроў. Дзякуючы гэтаму чалавеку ў нас ёсць помнік Раману Шаціле, ён падтрымліваў ідэі раскопак Шацілінскага Вострава, горада Казіміра. Калісьці Ізяслаў Катляроў стаў шчырым прыхільнікам адраджэння беларускай мовы ў раёне – першы ўзначальваў мясцовае Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Праз газету “Светлагорскія навіны” абуджаў гістарычную памяць тутэйшых жыхароў. Выйшла каля 20 яго зборнікаў паэзіі. Хаця я не магу ўспомніць, якія значныя літаратурныя прэміі атрымаў Ізяслаў Катляроў.
Званне прагрэсіўнага чалавека нашага часу я даў бы Сяргею Рассадзіну. За тое, што адшукаў горад Казімір, які меў магдэбургскае права. Гэта вялікая падзея, якая бывае раз на тысячу гадоў, для нашага раёна, Беларусі і сусветнай археалогіі. Шкада, што ён не з нашай мясцовасці, не жыве тут.
Непрыкметныя геніі
Прагрэсіўныя людзі – непрыкметныя і незаўважныя, якія добра ведаюць, што робяць. Рэдка хто з іх дажывае да старасці. Іх звычайна не прызнаюць пры жыцці: ганяць, гнаяць у турмах, забіваюць.
Міхаіл Пушчын у свой час быў незаўважным чалавекам – сядзеў у Парычах пад наглядам бабруйскай паліцыі і нікуды не мог выехаць. Яго быццам бы за ўдзел у паўстанні дзекабрыстаў пазбавілі дваранскага звання і саслалі. Але ў выніку ён стаў прагрэсіўным чалавекам свайго часу – прымаў удзел у падрыхтоўцы дакументаў па адмене прыгоннага права ў Расійскай імперыі. Званне двараніна яму вярнулі. Памёр сваёй смерцю. Але гэта прадстаўнік расiйскай гісторыі, якi займаўся знiшчэннем самабытнасцi беларусаў – русiфiкатар. Гэта для Расii ён прагрэсiўны. А для нас – чужынец-каланiзатар.
Аляксандра Пушкіна ў свой час ганіла расійская ўлада, за іншадумства адпраўляла жыць на ўскраіну імперыі, спасылала ў родны маёнтак. Яго забілі на дуэлі. Але Пушкін пасля смерці стаў вялікім рускім паэтам – прагрэсіўным чалавекам свайго часу. А цар, які здзекваўся з яго, заслужыў званне дэспата.
Янку Купалу і Якуба Коласа хацелі расстраляць сталінскія выкормышы з Беларусі напрыканцы 1930-х гадоў, але крамлёўскі тыран загадаў узнагародзіць іх ордэнам Леніна, бо ўжо амаль ўсе таленавітыя беларускія паэты і пісьменнікі на той час былі забіты. Купала загінуў у гатэлі “Масква” ў сталiцы CCCР – быццам бы сам упаў у лесвічны пралёт. Але яго хутчэй забілі энкэвэдысты за тое, што ў акупаваным немцамі Мінску адной з вуліц было нададзена імя, сугучнае з сапраўдным прозвішчам Купалы (Луцкевіч-Луцэвіч). Колас памёр сваёй смерцю.
Званне прагрэсіўнага чалавека майго часу я б надаў светлагорскаму гісторыку Тэльману Маслюкову, які ў 1989 годзе адшукаў дату першага пісьмовага згадвання Светлагорска – 1560 год, актыўна прасоўваў ідэю раскопак Казіміра, першы прапанаваў правесці раскопкі Шацілінскага Вострава, напісаў шмат даследаванняў пра наш раён.
Мы з ім адшукалі Здудзіцкі каменны крыж. Ён узначальваў філію Беларускага гуманiтарнага ліцэя ў Светлагорску – першую цалкам беларускамоўную адукацыйную ўстанову, якую закрылі ў 2001 годзе. На Тэльмана Маслюкова таксама ціснулі за актыўную грамадзянскую пазіцыю, праводзілі на кватэры ператрусы. Гэта той чалавек, якога, я ўпэўнены, яшчэ ацэняць будучыя прагрэсіўныя пакаленні светлагорцаў.
Віктар Раманцоў
2011 г.
1. Псеўданiм рэдактара газеты “Светлагорскiя навiны” Уладзiмiра Кохны.
2. Патупчык Уладзiмiр Мікалаевiч – намеснiк старшынi Светлагорскага гарадскога Савета народных дэпутатаў (1990—1993), намеснiк старшынi Светлагорскага гарадскога выканаўчага камiтэта (1993—1997), першы намеснiк старшынi Светлагорскага гарадскога выканаўчага камiтэта (1997—1998). З 2013 г. - міністр энэргетыкі Рэспублікі Беларусь.
https://dobramir333.livejournal.com/16240.html