29 лістапада 2011 года сышла ў іншы свет Святлана Кандрацьеўна Міхальчанка, сября Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. З гэтым чалавекам былі звязаны мае школьныя гады.
Маё знаёмства з гэтым чалавекам адбылася недзе на пачатку 1980-х. Я тады навучаўся ў СШ №6 г. Светлагорска. А Святлана Кандрацьеўна працавала ў нас намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы. Яна не выкладала ў нас прадметы.
Я цудоўна памятаю, як гэты чалавек прымушаў нас ісці на піянерскія і камсамольскія сходы. Скончыліся заняткі, а Святлана Кандрацьеўна ўжо на выхадзе са школы чакае школьнікаў і нікога не выпускае на вуліцу - усіх заварочвае ў актавую залю. Нічога ў тым дзіўнага не было. Так рабілі ва ўсіх школах. А мы, відаць, не вельмі ідэйна сумленныя вучні “Б” класа, адчынілі вакно на першым паверсе ў аўдыторыі і праз яго выскоквалі на вуліцу, каб не пайсці на гэтыя абрыдлыя камсамольска-піянерскія сходы. Святлане Кандрацьеўне мы далі мянушку “камуністка”…
Яшчэ я памятаю, як у школе быў заснаваны музычны гурт. Я тады ўжо быў у 7 “Б” класе. У гурце нас было некалькі чалавек з паралельных і старэйшых класаў. Махонька Саша з 7 “В” граў на бас-гітары, пакойны ўжо Эдзік Дайнека, мой аднакласнік, хоць і вучыўся кепска, але выдатна граў на ўдарных, я “ваяў” на сола-гітыры. Астатнія ў гурце былі хлопцы са старэйшых на год класаў.
Мы не мелі сваёй апаратуры. Колькі разоў прасілі дырэктара школы і Святлану Кандрацьеўну Міхальчанку купіць яе. Усё дарма. Чамусьці яшчэ з тых часоў СШ №6 была бедная ў параўнанні з СШ №5, бо адміністрацыя карміла нас абяцанкамі, а нічога не рабіла. Мы апантана збіралі ўраджай восенню ў калгасах, прыносілі макулатуру, бо нам шчыра абяцалі купіць апаратуру.
Аднойчы апаратура ў нас з’явілася. Не наша. Яе пазычылі ў домабудаўнічым камбінаце. Вось тут мы абудзіліся, прачнуліся. Мы праводзілі ў каморцы, што была ў актавай залі, шмат часу. Развучвалі новыя песьні. Гэта быў ужо час папулярнасці гуртоў Піцерскага рок-клуба, сыходзячай маскоўскай “Машины времени” і “Воскресенья”.
Я памятаю, як упершыню аб’явілі наш гурт на дыскатэцы пад Новы год, і вучні нашай школы натоўпам абляпілі нас вакол, каб паглядзець, хто там будзе граць. Так нас пачалі паважаць у школе. Але прыйшоў дзень канца нашай славы.
Гэта было ў адзін са студзеньскіх дзён. У нашу каморку моцна пагрукалі. Гэта была раззлаваная Святлана Кандрацьеўна. Яна крычала на нас, чаму мы доўга не адчыняем. Праз музыку мы не маглі пачуць грукат у дзверы актавай залі.
- Бярыце апаратуру і нясіце ў домабудаўнічы камбінат, - строга загадала яна нам.
Шоў снег. Мы спыняліся некалькі разоў, каб адпачнуць. Дзве вялікія калонкі і ўзмацняльнік забіралі ў нас чацвярых сілы. Будаўнічы трэст знаходзіўся тады ў сённяшнім будынку ДДіЮТ “Ювента”. Мы жартавалі на шляху, насмяхаліся адзін з аднага, але ў душы разумелі, што гэта наш апошні акорд…
Вось такія былі мае ўспаміны пра гэтага чалавека са школы.
Прайшло шмат часу. Ужо камуністычная партыя перастала быць на чале краіны СССР, якая развалілася. І для мяне праз 20 год было нечакана пачуць, што Святлана Кандрацьеўна Міхальчанка засталася вернай камуністычнаму вучэнню, партыі, якая пайшла ў апазіцыю да існуючай ўлады.
Хто бы мог падумаць, што камуністку Святлану Кандрацьеўну Міхальчанку за яе погляды, якія ўслаўляліся ў пасавецкі час, у ХХІ ст. будуць затрымліваць, штрафаваць, судзіць. А КДБ будзе праводзіць на кватэры былога намесніка дырэктара школы, дырэктара школы-інтэрната ператрусы, канфіскоўваць тэхніку, быццам, гэта новы рускі дэспатычны царызм зазірнуў да нас з ХІХ ст.
Безумоўна, Святлана Міхальчанка пакінула ў гісторыі палітычнага руху Светлагорскага раёна яскравую сторонку. Гэта адзін з рэдкіх людзей, які вёў актыўную палітычную дзейнасць, застаўся верным сваім ідэйным прынцапам, займаў прынцыповую грамадзянскую пазіцыю, за што неаднойчы пераследваўся.
Я думаю, пра Святлану Міхальчанку яшчэ будуць напісаны кнігі. Людзі заўсёды будуць памятаць не дубінагаловых, паслухмяных выканаўцаў волі ўлады, прыкарытнікаў, а тых, хто нёс прынцыповасць, праўду і жаданне звацца чалавекам. Свабода слова, свабода перакананняў і сходаў, свабода поглядаў, акрэсленыя Канстытуцыяй краіны, – вось за што змагалася Святлана Міхальчанка і цярпела гвалт з боку сілавых органаў. Светлану Кандрацьеўну неаднойчы штрафавалі ў мясцовым Светлагорскім суду.
Гэтыя ганебныя справы, злепленыя з пустыні, чакаюць свайго паўторнага справядлівага суда. Не на зямлі, дык на небе вінаватыя панясуць адказнасць. Бо ніякае беззаконне не застаецца без пакарання – гэту ісціну нам упітвалі ў школе настаўнікі, у тым ліку і такія, як Святлана Міхальчанка.
Апошнім разам Святлану Кандрацьеўну я сустрэў за некалькі тыдняў да смерці ў яе на кватэры. Яшчэ пять год таму яна замовіла ў мяне некалькі маіх кніг. Яна папрасіла прыйсці. Я прыйшоў. Яна ляжала ў ложку. Патлумачыла мне, што з яе хваробай доўга не жывуць – максімум два гады. Яна выканала сваё абяцанне. Таму я ўпэўнены, што Святлана Міхальчанка – чалавек слова. Яна ведала, што хутка памрэ, але не жадала, каб я кепска думаў пра яе пасля смерці. Нават лежачы ў ложку і пакутваючы ад болю, Святлана Канрацьеўна будавала новыя планы па грамадскай дзейнасці. Яна прапаноўвала мне правесці сустрэчы з моладзю і навучэнцамі, каб распавесці ім пра Канстытуцыю РБ, бо многія не ведаюць, што гарантуе асноўны дакумент краіны.
У маёй памяці вы, Святлана Кандрацьеўна, застаецеся чалавекам справядлівым і адказным. Я паважаю вас за погляды, якім вы засталіся верная праз усё жыццё. Вы застанецеся для мяне чалавекам, які да апошняга часу імкнуўся змяніць жыццё да лепшага, у якім бы жылося справядліва і ўтульна. Вы імкнуліся будаваць той свет, у якім чалавек не адчуваў бы сябе быдлам у стойле. Вы рана пайшлі з жыцця. Але, відаць, час справядлівасці і праўды скончыўся. Зараз час хамаў. Таму і ўсе лепшыя, актыўныя людзі сыходзяць ад нас, напэўна, каб іх цанілі ў іншым месцы.
Няхай вам там будзе лепей, чым тут! А я вас буду згадваць добрым словам, мая вы колішняя настаўніца! Зямля вам пухам, паважаная Святлана Кандрацьеўна Міхальчанка!
Віктар Раманцоў.
4 снежня 2011 г.
https://dobramir333.livejournal.com/18408.html