У добраахвотнай акцыі «Чысты лес», прымеркаванай да Года малой радзімы, узялі ўдзел каля 400 чалавек. Як вядома, лясная гаспадарка вырашае вялікія дзяржаўныя задачы ў галіне аднаўлення, аховы і абароны лясоў. Штогод на работы па добраўпарадкаванні лясоў і навядзенні парадку на землях ляснога фонду накіроўваюцца значныя сілы і сродкі.
Садзейнічанне падтрыманню ў належным стане земляў ляснога фонду з’яўляецца абавязкам кожнага грамадзяніна. Разам з тым, па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема несанкцыянаваных звалак будаўнічых і бытавых адходаў, іншых пабочных прадметаў у лясах, якія прымыкаюць да аўтамабільных і чыгуначных дарог, вакол населеных пунктаў, садаводчых таварыстваў, на пляцоўках адпачынку і аўтастаянках.
Далей Наталля Камовіч расказала, што ў добраахвотнай акцыі прыняло ўдзел каля 400 чалавек. Гэта – работнікі лясгаса, вучні сярэдняй школы імя Уладзіміра Крыштопенкі пасёлка Крупскага, прадстаўнікі пракуратуры, Крупскага раёна газазабеспячэння філіяла ПУ «Барысаўгаз», раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і «БРСМ». Работнікі Сяляўскага лясніцтва, у прыватнасці, убіралі берагі возера Сялява, зоны адпачынку «Залаты рог» і «Шып», Бобрскага доследна-вытворчага лясніцтва – навялі парадак на тэрыторыі ля помніка Герою Савецкага Саюза Васілю Чабатарову і ля месца адпачынку «Крыніца», што на рацэ Бобр, Крупскага лясніцтва – убіралі берагі возера Лясное і квартал 72, што ў пасёлку Крупскім. Наогул, літаральна ўсімі лясніцтвамі і добраахвотнікамі былі ўбраны месцы адпачынку, вызначаныя кварталы, асаблівая ўвага ўдзялялася ачыстцы лесу паблізу населеных пунктаў.