Найти тему

Некрашэвічы паходзяць са Случчыны. Славуты род вядомы з XVII стагоддзя

Жыццё і дзейнасць гэтага чалавека будзе турбаваць не адно пакаленне даследнікаў ды краязнаўцаў. Яго імя ніколі не будзе забыта па той прычыне, што гэты вучоны стаяў ля вытокаў заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэта Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч (1883–1937) – буйны беларускі мовазнаўца, родам з вёскі Данілоўка сучаснага Светлагорскага раёна. Вельмі прыемна, што пра яго род выяўлены новыя звесткі.

Гаўрыла Гарэцкі і Сцяпан Некрашэвіч – правадзейныя члены Інбелкульта. Мінск, лістапад 1926 г.
Гаўрыла Гарэцкі і Сцяпан Некрашэвіч – правадзейныя члены Інбелкульта. Мінск, лістапад 1926 г.

Факт застаўся фактам

Жыццё і дзейнасць гэтага чалавека будзе турбаваць не адно пакаленне даследнікаў ды краязнаўцаў. Яго імя ніколі не будзе забыта па той прычыне, што гэты вучоны стаяў ля вытокаў заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэта Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч (1883–1937) – буйны беларускі мовазнаўца, родам з вёскі Данілоўка сучаснага Светлагорскага раёна. Вельмі прыемна, што пра яго род выяўлены новыя звесткі.

У 2007 годзе я напісаў нарыс пра майго земляка Сцяпана Некрашэвіча – мовазнаўцу, віцэ-прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Нарыс спачатку быў апублікаваны ў газеце “Ранак-плюс”1. Потым я змясціў яго ў сваім інтэрнэт-блогу “Жывога часопіса” на беларускай мове. Нарыс быў перадрукаваны шэрагам беларускіх сайтаў: часопіса “АRСHE”, “Будзьма беларусамі”, Светлагорскім парталам і іншымі. У 2011 годзе я ўключыў гэты нарыс у сваю кнігу “Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах”, назваўшы яго “Хто такі Сцяпан Некрашэвіч?” – у адпаведнасці з жанрам кнігі.

Газетная версія майго нарыса была скарочана рэдактарам “Ранак-плюс” Андрэем Ліпскім. За тое я не крыўдую. Мой колішні начальнік ніколі не вылучаўся прыхільнасцю да тутэйшай гістарычнай спадчыны і кіраваўся болей газетнымі законамі: змясціць матэрыял так, каб лепей чытаўся (на адзін аркуш). Па тагачасных мерках для адной публікацыі раённай газеты гэта быў вялікі аб’ём: абывальнік хутчэй прачытае маленькую зацемку. Публікацыі ў газеце “Ранак-плюс” пра вучонага, заснавальніка НАН Беларусі, прадстаўніка ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Сцяпана Некрашэвіча мае знаёмыя здзіўляліся: для іх было незразумела, як у наш час суцэльнага гламуру і нізкавартаснага спажывання, грэбавання беларушчынай такі матэрыял пайшоў у друк. У Беларусі не згадваюць пра БНР. Пра яе болей пішуць апазіцыйныя СМІ і сайты.

Факт застаўся фактам: рэдактар “Ранак-плюс” Андрэй Ліпскі ці то па сваёй дэмакратычнасці, ці то амбіцыйнасці надрукаваў мой нарыс.

Хто, як ні я?!

Ужо тады я ведаў, што з задавальненнем вярнуся ў сваіх нататках да асобы Сцяпана Некрашэвіча, як толькі ўсплывуць нейкія новыя абставіны, звесткі з яго біяграфіі. І пісаць я буду пра гэтага вялікага чалавека з асаблівымі пачуццямі. Хто, як ні я – яго зямляк?!

Пісаць пра Сцяпана Некрашэвіча я буду з асаблівым імпэтам, таму што пацярпеў за гэта імя, калі ў 2008 годзе з’ездзіў у краязнаўчую вандроўку на радзіму моваведа – вёску Данілоўку.

Краязнаўчая вандроўка на радзіму моваведа – вёску Данілоўку. 4 траўня 2008 год. Фота аўтара.
Краязнаўчая вандроўка на радзіму моваведа – вёску Данілоўку. 4 траўня 2008 год. Фота аўтара.

Арганізатарам паездкі выступіла светлагорская суполка Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Падзея прысвячалася 125-годдзю з Дня народзінаў вялікага вучонага. Па выніках паездкі я даў інфармацыю агенцтву БелаПАН, якая была змешчана на іх сайце. Зараз публікацыю можна лёгка адшукаць у інтэрнэце. Кантракт у газеце “Ранак-плюс” на 2009 год мне не працягнулі…

Пісаць пра Сцяпана Некрашэвіча я буду яшчэ і таму, што мой папярэднік-краязнаўца, зямляк Сяргей Несцеравіч Прач (1919–1986) родам з вёскі Расава быў значна ў горшай сітуацыі, чым я: нават не мог у свой час паведаміць на старонках мясцовага друку, як сапраўды загінуў наш вялікі вучоны, – савецкая прапаганда хлусіла, што Сцяпан Некрашэвіч “памёр у 1937 годзе”, хаця яго расстралялі энкэвэдысты.

Пісаць пра Сцяпана Некрашэвіча я буду таму, што “самы гуманны” ў свеце камуністычны лад нават не пакінуў беларусам дакладнага месца пахавання вучонага. На меркаванне сучасных даследнікаў, цела Сцяпана Некрашэвіча ляжыць у Курапатах пад Мінскам.

Харунжыя, чашнікі і стольнікі

Важныя звесткі пра Сцяпана Некрашэвіча і яго род утрымліваюцца ў публікацыі пад назовам “Некрашэвічы герба “Любіч”Анатоля Статкевіча-Чабаганава ў часопісе “Роднае слова”2. Аўтар артыкула займаўся даследаваннем свайго радаводу, які быў шчыльна звязаны з продкамі Некрашэвічаў. Вынікам пошукаў стала кніга.

“Удалося высветліць, што ў Сцяпана Міхайлавіча ёсць прамыя продкі з нашага роду Карафа-Корбутаў: прабабка яго бацькі, Агата Васільеўна, прыходзілася роднай сястрой Івану Васільевічу Карафа-Корбуту, дзеду Наталлі Васільеўны – маёй прабабкі”, – зазначае на пачатку публікацыі аўтар.

Як вядома, многія прадстаўнікі роду Некрашэвічаў былі звязаны сваяцкімі сувязямі з выбітнымі асобамі беларускай інтэлігенцыі. У Сцяпана Некрашэвіча была стрыечная сястра Алена Рыгораўна Некрашэвіч. Яе дачка, Алена Міхайлаўна, стала жонкай народнага паэта БССР Петруся Броўкі. Зарына Уладзіміраўна Кулеўская, траюрадная пляменніца Сцяпана Міхайлавіча, выйшла замуж за сына Якуба Коласа Данілу Міцкевіча.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў сцвярджае, што род Некрашэвічаў быў высокага звання здаўна, і прыводзіць доказы, праўда, без спасылак на крыніцы. У адной са старажытных грамат, са зместам якой пазнаёміўся аўтар, гаворыцца, што харунжаму Сямёну Некрашэвічу самім вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам ІІІ Вазай (1566–1632) “дозволено купить от Василия Сегеня землю Лопоце называемую”. А сын Сямёна Некрашэвіча Павел па духоўным завяшчанні 1639 года адпісаў сваім тром сынам Хрыстафору, Івану і Нікіфару вотчынны маёнтак “Некращевизна именуемое, имение же Лопоце, отцом Семёном приобретённое, записал из трёх сыновей своих двум последним”.

Згодна прывілеяў каралёў Рэчы Паспалітай 1647, 1654, 1665, 1689 гг., сыны Сямёна Хрыстафор і Ізідор мелі званні чашніка і стольніка адпаведна, а яго ўнук Сцяпан знаходзіўся на пасадзе пасланніка Чарнігаўскага ваяводства.

“Тут важна ўдакладніць, – піша аўтар, – што ад згаданых вышэй сыноў Сямёна Некрашэвіча і пайшлі галіны родаў маіх прабабак: Агапы – ад Івана, Арыны (як і акадэміка Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча) – ад Хрыстафора, Матроны – ад Нікіфара”.

Дзе ж была зямля “Лопоце”?

А вось і прамая згадка аб шляхецкім паходжанні продкаў Сцяпана Некрашэвіча, якія пасля падзелу Рэчы Паспалітай у Расійскай імперыі трапілі пад “разборы шляхты”. Некрашэвічам давялося даказваць сваё высокае сацыяльнае паходжанне.

“Дакументы наступных часоў сведчаць, што справы, распачатыя дзядамі і бацькамі, былі прадоўжаны наступнымі пакаленнямі, – заўважае аўтар публікацыі. – Пра гэта, у прыватнасці, гаворыць пастанова Мінскага дэпутацкага дваранскага сходу ад 9 сакавіка 1854 г. Яна далучыла і прызнала “ў дваранскай годнасці” Лявона, Антона і Лаўрэнція Некрашэвічаў”.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў высветліў, дзе жылі слаўныя прадстаўнікі роду Некрашэвічаў, дзе была іх малая радзіма. Гэта Слуцкі рэгіён з яго наваколлем.

“І зямля “Лопоце называемая”, і маёнтак Некрашэвізна, і засценкі Сыцянец, Кулакі, Млынка, Куляшы, Шабунькі – усе яны там. Назвы некаторых і да сёння захаваліся”, – зазначае ён.

Адшукаў аўтар і цэрквы, прыхаджанамі якіх былі Некрашэвічы на той час. Яны знаходзіліся зусім недалёка адна ад адной: старобінская Мікалаеўская, цараўская Іаана-Багаслоўская, прусаўская Раство-Багародзіцкая, пагостаўская Іаана-Прадцечанская.

У засценках пад Парычамі

Я падыходжу да звестак, якія непасрэдна звязаны з нашай мясцовасцю, з тым, як з’явіліся Некрашэвічы ў цяперашнім Светлагорскім раёне. Анатоль Статкевіч-Чабаганаў распавядае, як Некрашэвічы прытрымліваліся родавай вернасці свайму краю – Случчыне – на прыкладзе Самуіла Некрашэвіча, “які пакінуў родавае гняздо і пераехаў у пошуках лепшай долі пад Парычы”. Але выбіраць жонку прыехаў дадому.

“Яго спадарожніцай стала Ірына Сямёнаўна, будучая прабабка акадэміка С. Некрашэвіча з нашага роду Івашкевічаў. Вянчанне праходзіла ў пагостаўскай Стрэчанскай царкве 8 студзеня 1822 года”, – заўважае аўтар публікацыі.

Такім чынам, род Некрашэвічаў з’явіўся на тэрыторыі сучаснай Светлагоршчыны ў першай палове ХІХ стагоддзя і звязаны з іменем Самуіла Некрашэвіча – прадзеда Сцяпана Некрашэвіча.

Цягам часу род Некрашэвічаў павялічваўся, кожнаму сыну трэба было даць свой надзел зямлі, што прымушала асвойваць новыя мясціны. “Нехта паехаў на Мазыршчыну, нехта – на Бабруйшчыну, а продкі Сцяпана Міхайлавіча перабраліся пад Парычы разам з Карафа-Корбутамі і Рудзінскімі, з якімі былі ў блізкім сваяцтве”, – піша ў сваёй публікацыі Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Наступныя звесткі для нашага раёна з’яўляюцца вельмі каштоўнай знаходкай. Дзе ж пасяліліся Некрашэвічы пад Парычамі? Будзем мець на ўвазе, што межы Парыцкай воласці ХІХ стагоддзя не супадаюць з межамі сучаснага Светлагорскага раёна, таму наступная інфармацыя, думаю, стане падставай для далейшых пошукаў. Некрашэвічы, паводле публікацыі, “жылі ў засценках Вікторын, Дражня, Майсееўка, Данілаўка”. Як бычым, геаграфія славутага роду не абмяжоўвалася адным маёнткам Данілаўка, з якога паходзіў наш славуты вучоны Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў грунтоўна пазнаёміўся з дакументамі Бабруйскага павета, знайшоўшы шмат звестак пра род Некрашэвічаў.

“Вось акладныя лісты дадатковых збораў з дробнапамесных уладальнікаў трэцяга стану Бабруйскага павета за 1893 г., – адзначае аўтар. – У іх значыцца некалькі Некрашэвічаў. Рыгор Некрашэвіч, які валодаў фальваркам Лучак, а ў ім – 40 дзесяцін зямлі, 32 дзесяціны лесу. У Івана Некрашэвіча з фальварка Сялец было 25 дзесяцін зямлі і 25 дзесяцін лесу. У Нікіфара Некрашэвіча, уладальніка фальваркаў Баравое і Пагарэлае, 30 дзесяцін зямлі і 11 дзесяцін лесу. У журнале генеральнай праверкі гандлёвых і прамысловых прадпрыемстваў Забалоцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні за 1894 г. таксама знаходзім прозвішчы Некрашэвічаў. Адзін з іх, Рыгор, “апякае пастаялы двор у вёсцы Закальнае на зямлі княгіні Гагенлое”. Там у яго два памяшканні і “адзін даход, сума гадавога абароту 2500 рублёў, сума чыстага прыбытку 500 рублёў”.

Многія з роду Некрашэвічаў набывалі зямлю па купчых крэпасцях. Анатоль Статкевіч-Чабаганаў прыводзіць спіс землеўладальнікаў Мінскай губерні за 1876 год, дзе сустракаюцца Пётр, Сцяпан, Фёдар, Васіль і Іван Некрашэвічы. Выкупілі яны хто 177, хто 117 дзесяцін зямлі ў двух паветах: Мазырскім і Бабруйскім. У Бабруйскім павеце праз 10 гадоў ужо значылася 12 землеўладальнікаў з роду Некрашэвічаў.

У гэты ж час у маёнтку Данілаўка Бабруйскага павета грунтоўна ўладкаваўся Міхаіл Некрашэвіч. Паводле адшуканых аўтарам публікацыі звестак, ён меў значны надзел зямлі – 334 дзесяціны (прыкладна 350 га). Гэта ў яго 26 красавіка 1883 года (па старым стылі) нарадзіўся сын Сцяпан – выбітны вучоны-мовазнавец, аўтар шматлікіх навуковых прац, кніг і слоўнікаў. У парыцкай царкве Святога Духа, пабудаванай сенатарам Іванам Пятровічам Пушчыным, 2 студзеня 1850 года хрысцілі Міхаіла Паўлавіча – бацьку акадэміка Сцяпана Некрашэвіча, а 7 ліпеня 1915 года адпявалі яго маці – Еву Дзмітрыеўну.

Сцяпан Некрашэвіч у другім шэразе справа з таварышамі па службе. Першая сусветная вайна. 1916 г.
Сцяпан Некрашэвіч у другім шэразе справа з таварышамі па службе. Першая сусветная вайна. 1916 г.
Адваротны бок фота.
Адваротны бок фота.

Зламаныя лёсы

Далей аўтар публікацыі разглядае лёс Сцяпана Некрашэвіча. Прыводзяцца звесткі ў большасці агульнавядомыя. Мне хацелася б спыніцца на адным моманце – самым трагічным для нашага земляка, каб выказаць маю даўнюю інтуітыўную здагадку. У Анатоля Статкевіча-Чабаганава яна неяк асабліва адчувальна прачыталася. Гэта 1930 год – момант арышту Сцяпана Некрашэвіча. Прыгадаем гэтую старонку біяграфіі.

Анатоль Змітравіч Крывенка (Мінск). Некрашэвіч Сцяпан. ДВП, алей.
Анатоль Змітравіч Крывенка (Мінск). Некрашэвіч Сцяпан. ДВП, алей.

“Бальшавікі пачалі рыхтаваць новую вайну супраць свайго народа: на гэты раз супраць перадавога сялянства і інтэлігенцыі, – піша Анатоль Статкевіч-Чабаганаў. – Пакуль гэта былі толькі першыя хвалі, першыя прыкметы вялікай бяды. Сцяпан Міхайлавіч, напэўна, адчуваў іх і хацеў з’ехаць: невыпадкова летам 1930 г. яны разам з акадэмікам В. Ластоўскім накіраваліся ў навуковую камандзіроўку ў Томскую вобласць, дзе хацелі вывучаць жыццё і побыт беларускіх перасяленцаў”.

Мікола Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі (Мінск).  Сцяпан Некрашэвіч. З нізкі “Дзеячы Беларускага нацыянальнага Адраджэння”. 2005. 
Кераміка, вашчэнне. 30х15 см. Музей А. Белага, Старыя Дарогі.
Мікола Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі (Мінск). Сцяпан Некрашэвіч. З нізкі “Дзеячы Беларускага нацыянальнага Адраджэння”. 2005. Кераміка, вашчэнне. 30х15 см. Музей А. Белага, Старыя Дарогі.

Кожны раз, калі я чытаю гэты момант, мяне не пакідае думка, што Сцяпан Некрашэвіч з Вацлавам Ластоўскім адчувалі набліжэнне трагедыі і вырашылі разам збегчы з СССР. Так рабілі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі падчас сталінскіх рэпрэсій. Многія ў эміграцыі пакінулі вельмі каштоўныя ўспаміны. Такі жыццёвы шлях прайшоў кіраўнік спраў Рады Наркамасветы Сымон Кандыбовіч. Яго ўспаміны былі надрукаваны ў 2000 годзе у Мінску ў выглядзе кнігі “Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі”. Там згадваюцца звесткі пра нашага зямляка-вучонага.

Як вядома, беларускія навукоўцы Сцяпан Некрашэвіч і Вацлаў Ластоўскі былі арыштаваны раніцай 21 ліпеня 1930 года на параходзе “Табольск”, што плыў па сібірскай рацэ Обь.

Эдуард Астаф'еў (Мінск). Эскіз бюста 
Сцяпана Некрашэвіча.    2007. Карцінная 
галерэя «Традыцыя» г. Светлагорск.
Эдуард Астаф'еў (Мінск). Эскіз бюста Сцяпана Некрашэвіча. 2007. Карцінная галерэя «Традыцыя» г. Светлагорск.

Прывядзём яшчэ раз фармулёўкі абвінавачванняў Сцяпана Некрашэвіча, якія Анатоль Статкевіч-Чабаганаў выпісаў з дакументаў у архіве КДБ. Яны гучалі так: “Былы член партыі беларускіх эсэраў, былы консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Адэсе, які з 1921 г. з’яўляўся членам кіруючага цэнтра контррэвалюцыйнай арганізацыі “САБ – СВБ” (Саюз адраджэння Беларусі – Саюз вызвалення Беларусі), здзяйсняў сувязь і здабываў важную інфармацыю, выкарыстоўваючы для гэтага замежныя камандзіроўкі, наладзіў і падтрымліваў кантакты з платонаўскай манархічнай арганізацыяй”.

19 снежня 1937 года ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР прыгаварыла Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй усёй асабістай маёмасці. Прысуд быў выкананы на наступны дзень. Цікавыя ў публікацыі і наступныя звесткі: “Жонка рэпрэсіраванага навукоўца Марыя Сяргееўна Ціманькова, не вытрымаўшы выпрабаванняў, рана пайшла з жыцця”. Да гэтага часу я не сустракаў звестак пра жонку Сцяпана Некрашэвіча.

Сцяпан Некрашэвіч з жонкай Марыяй Ціманьковай. 1929 г.
Сцяпан Некрашэвіч з жонкай Марыяй Ціманьковай. 1929 г.

Пастановамі Вярхоўнага суда БССР ад 12 кастрычніка 1957 года і ад 10 чэрвеня 1988 года Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч быў рэабілітаваны.

Новую старонку з біяграфіі Сцяпана Некрашэвіча адкрываюць звесткі пра сваякоў. Незвычайна склаўся лёс сястры Сцяпана Міхайлавіча – Ганны Акановіч.

“У час Другой сусветнай вайны яна выехала спачатку ў Германію, потым, пасля смерці мужа, у 1950-я гг. выкладала ў Нью-Ёрку ў вядомай школе Міхельсона разам з прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі – М. Міцкевічам, М. Тулейкам, М. Каханоўскай”, – зазначае Анатоль Статкевіч-Чабаганаў у сваёй публікацыі “Некрашэвічы герба “Любіч”.

Біяграфія нашага славутага земляка Сцяпана Некрашэвіча папоўнілася найцікавымі звесткамі. Аднаўленне яго светлага імя працягваецца.

Аўтар: Віктар Раманцоў

2011 г.

Крыніцы:

1 Романцов, В. За что расстреляли Степана Некрашевича? // Ранак-плюс. – № 51. – С. 4.

2 Статкевіч-Чабаганаў, А. Некрашэвічы герба “Любіч” // Роднае слова – № 4. – 2010. – С. 105–108.

Першакрыніцы:

https://dobramir333.livejournal.com/17759.html