Абласныя “Дажынкі-2019”, якія сёлета завіталі ў Барысаў, святкаваліся з вялікім размахам і сабралі звыш 15 тысяч чалавек. Ад самай раніцы вакол “Барысаў-Арэны” рабілася штосьці неверагоднае. У кожным кутку велізарнай пляцоўкі гуло свята: ніхто не сумаваў і не быў вольным слухачом – усе згуртавана весяліліся.
А на падворках – песні, прысмакі і шчырая гаворка
Па абодва бакі ад стадыёна размясціліся падворкі раёнаў Мінскай вобласці, якія адрозніваліся асаблівай сяброўскай атмасферай і народным каларытам фестывалю-кірмашу. Цэнтральнае месца на кожным падворку займалі сімвалы свята – шыкоўныя караваі і снапочкі, але ва ўсіх былі і свае “разыначкі”. На Валожынскім падворку, да прыкладу, каваль Вадзім Буглак з Івянца рабіў усім жадаючым манеткі на шчасце. На Маладзечанскім гасцей сустракалі дзівосныя кабеты ў белай вопратцы з карзінамі, поўнымі ўраджаю, на галавах. Вялікі падворак прадставіў Барысаўскі раён, які сёлета быў гаспадаром свята. У кожнай палатцы бытавала свая атмасфера. На ўваходзе гасцей сустракалі маладыя людзі ў касцюмах эпохі сярэднявечча. У палатцы-“зямлянцы” размясціліся салдаты. Хлопцы з 814-га цэнтра тэхнічнага забеспячэння дэманстравалі баявую зброю, юнакі і дзяўчаты ў ваеннай форме стварылі імправізаваны “прывал у лесе”, а партызанскі хлеб і сала ад РГА “Белая Русь” маглі паспрабаваць усе жадаючыя. З другога боку падворка таксама было шматлюдна – былі арганізаваны гульні для дзяцей і дарослых. Ваенная тэхніка прыйшлася да спадобы ў першую чаргу мужчынскай палове гасцей. На Старадарожскім падворку можна было пабачыць сапраўдныя кросны і зачаравана паназіраць, як з’яўляецца на свет сатканы выраб. А побач – знакамітыя “слуцкія паясы”, пра якія складаў вершы Максім Багдановіч. Шмат людзей сабрала вакол сябе арыгінальная выстава драўляных гадзіннікаў – яна змясцілася на падворку Дзяржынскага раёна. Любаншчына парадавала жывым гучаннем саксафона. Трэба сказаць, што музыка ў гэты дзень чулася адусюль: адны ігралі на гармоніку, другія – на трубе, а хтосьці ўвогуле весяліў публіку задорнымі народнымі песнямі. Беларускія шахматы, шматлікія фотазоны, “хлебныя дрэвы”, неверагодныя персанажы і раставыя “жывыя” фігуры – усё гэта мітусілася перад зацікаўленай публікай. Людзі не выпускалі з рук фотаапараты і мабільныя тэлефоны, каб захаваць гэту яркую падзею восені ў фотаздымках назаўсёды.
“Фальклорная талака” і выступленне народнага хора
У гэты ж час на адной са сцэн адбывалася абласное свята фальклору “Фальклорная талака”, падчас якога творчыя калектывы Міншчыны паказвалі незвычайна прыгожыя і яркія вясельныя абрады. Распачалося яно з выступлення заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага фальклорнага гурту “Гасцінец” Валожынскага раёна, які паказаў пачатак вяселля. Выкуп нявесты ўвасобілі на сцэне ўдзельнікі народнага фальк-лорнага калектыву “Палескія крыніцы” з Салігорскага раёна. Артысты з Беразіно ўзнавілі для публікі абрад ад’езду маладых і вяртання сужэнцаў у хату да маладога пасля таго, як узялі шлюб. З песнямі і танцамі праходзіў абрад “Каравай”, які паказалі ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Крынічанька” з Уздзенскага раёна. Дзякуючы выступленням творчых гуртоў, гледачы не толькі пазнаёміліся з прыгожымі беларускімі абрадамі, але і пачулі шмат сакавітых народных песень, пабачылі яскравыя танцы ў выкананні калектываў з Барысаўскага, Дзяржынскага, Любанскага, Мінскага, Пухавіцкага, Слуцкага, Лагойскага і Смалявіцкага раёнаў.
Свята працягнулася выступленнем нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча.
На выставах пабывалі, сувеніраў накуплялі ды прысмакі прадэгуставалі
Наступная пляцоўка была прысвечана выставе караваяў і снапоў. Хлебныя вырабы ў некалькі ярусаў, упрыгожаныя кветкамі, надпісамі, рознымі фігуркамі, стаялі на асобных пастаментах у атачэнні акуратненькіх снапочкаў. Госці свята з цікаўнасцю хадзілі паміж радоў, фатаграфаваліся і выбіралі фаварытаў. Лепшым у рэшце аказаўся трох’ярусны каравай Клецкага раёна, верхні ярус якога аздабляў надпіс “Дажынкі”. Каравай быў упрыгожаны кветкамі і пульхненькім снапочкам, які размяшчаўся, нібы карона, на самым версе.
У “горадзе майстроў” гасцей свята чакала знаёмства з традыцыйнымі беларускімі мастацтвамі: разьбярствам, ткацтвам, вышыўкай, бондарствам. Любы жадаючы мог набыць свой партрэт або шарж, створаны мясцовымі мастакамі, праверыць сілу, трапнасць, цягавітасць і спрыт у гульнях.
Вялікі ажыятаж выклікалі таксама пляцоўкі, на якіх праходзілі дэгустацыі розных традыцыйных беларускіх прадуктаў, а да палаткі слуцкіх сыраробаў увогуле ўтварылася вялікая чарга – кожнаму хацелася паспытаць кавалачак 120-кілаграмовай галоўкі сыра, зваранага спецыяльна да абласнога свята працаўнікоў сяла. Васьмікласніца з Барысава Дар’я Рыгіна і яе сяброўка з Мінска Дар’я Бабец з задавальненнем паспыталі малочную прадукцыю і каўбасы. На абласныя “Дажынкі” дзяўчаты трапілі ўпершыню, аднак атмасфера свята і жывая музыка ім вельмі спадабаліся, і ў прадчуванні чагосьці неверагоднага яны чакалі феерверку.
Да самага вечара працавалі гандлёвыя пляцоўкі, на якіх рамеснікі Міншчыны прадстаўлялі свае вырабы ручной работы. Сяргей Шынкевіч з Віцебска прывёз на “Дажынкі” пано з керамічнымі элементамі, барысаўчанін Аляксандр Катулька здзівіў неверагоднай выставай з металічных дэталяў, мясцовая майстрыха Вера Панкавец прадставіла калекцыю вязаных дыванкоў. Вялікай папулярнасцю сярод модніц карысталіся арыгінальныя скураныя і шарсцяныя ўпрыгажэнні, бранзалеты, завушніцы і пацеркі з беларускай сімволікай. Доўга стаялі людзі ля палатак з лялькамі ручной работы: у нежных сукенках з карункамі, у вясёлых вязаных шапачках, яны прыцягвалі ўвагу мінакоў, якія вярталіся, каб падзівіцца з гэтай прыгажосці зноў і зноў. А той, хто крыху стаміўся і прагаладаўся, мог падсілкавацца на фуд-кортах, выбраўшы для сябе страву па душы: вараную кукурузу, смажаную каўбасу ці шашлык або нават таджыкскі плоў.
Таццяна САКОВІЧ, фота аўтара