Нобелеўскую прэмію па літаратуры за 2019 год атрымаў 76-гадовы Петэр Хандке. Ён аўстрыйскі пісьменнік і драматург. У 1995-м стаў лаўрэатам прэміі памяці Шылера. Яго самыя вядомыя творы — п'еса "Абраза публікі", апублікаваная ў 1966 годзе, і раман "Страх варатара перад 11-метровым", выдадзены ў 1970 годзе.
Еўрарадыё распытала пра новага нобелеўскага лаўрэата кандыдатку філалагічных навук Еву Лявонаву, дацэнта і прафесара кафедры замежнай літаратуры БДУ, якая займалася даследаваннем творчасці Петэра Хандке. Пад яе аўтарствам выйшлі такія артыкулы, як "Мова і соцыум у ранняй драматургіі Петэра Хандке" і "Семантыка іншанацыянальнага ў творчасці П. Хандке і сусветная літаратурная традыцыя".
"Гэта проста маё свята"
"Гэта проста маё свята. Гэта зусім чаканая постаць. Яшчэ калі Эльфрыда Елінэк, яго суайчынніца, атрымала Нобелеўскую прэмію [у 2004 годзе. — Еўрарадыё], то яе першым пытаннем, наколькі я ведаю, было: "Чаму не Петэр Хандке?".
У 1996 годзе, пасля публікацыі дарожных нататак пад назвай "Зімовая паездка па Дунаі, Саве, Мараве і Дрыне, або Справядлівасць для Сербіі", дзе Хандке маляваў і апісваў падзеі інакш, чым гэта рабілі многія журналісты, зусім іншы лексікай, вакол яго постаці пачаліся бязлітасныя спрэчкі, абрынуўся шквал крытыкі. Таксама адной з прычын рэзкай рэакцыі было тое, што Хандке паказаў Сербію сярод ахвяр у чарадзе югаслаўскіх войнаў. У той жа кнізе ён таксама крытыкаваў заходнія СМІ за тое, што яны сказілі прычыны і наступствы вайны ў былой Югаславіі.
"Стаўленне да яго на Захадзе неадназначнае. Справа ў тым, што ён заўсёды выступаў у палітычным сэнсе на баку славянскіх народаў. Напрыклад, падчас падзей у той жа Югаславіі, — заўважае Ева Лявонава. — І многія еўрапейскія дзяржавы, не народы, зразумела, а зусім іншыя інстанцыі, гэтага яму не маглі дараваць. Але калі сёння я даведалася пра Петэра Хандке, я пераканалася, што не такая ўжо "кухня нобелеўская" залежная ад палітычных рашэнняў".
Складаны пратэставы мастак і ўплыў Вітгенштэйна
"Раман "Кароткі ліст перад доўгім развітаннем" пераканаўча паказвае, наколькі важныя былі філасофска-эстэтычныя функцыі іншанацыянальнага і шматстайныя формы яго праламлення ўжо ў ранняй творчасці класіка сучаснай аўстрыйскай літаратуры. У семантыцы ж іншанацыянальнага, пры ўсёй яе шыраце, пераважаюць два сэнсы: па-першае, суадносна з іншанацыянальным вопытам жыцця, чужым менталітэтам інтэнсіфікуецца працэс індывідуальнай самаідэнтыфікацыі; па-другое, нацыянальная (аўстрыйская) літаратура арганічна інтэгруецца ў сусветнае мастацтва слова", — піша Ева Лявонава ў артыкуле пра творчасць Ханке.
"Ён пратэставы мастак. Не толькі ў сацыяльна-палітычных сэнсах, а наогул ва ўсіх адносінах: у эстэтычных, філасофскіх, літаратурных. Мастак, які працуе ў літаратуры ўжо 60 гадоў, працуе ў розных жанрах. Ён і драматург, і эсэіст, і публіцыст, і раманіст, і паэт, і апавядальнік, і сцэнарыст. І рэжысёр, — працягвае Ева Лявонава. — Яго творы экранізавалі не толькі іншыя рэжысёры, у тым ліку знакамітыя галівудскія рэжысёры, але і ён сам прыклаў руку да кінематаграфічнага ўвасаблення сваіх твораў. Цалкам унікальныя карціны.
Адзін з маіх любімых — "Неба над Берлінам" [фільм зняты сумесна з вядомым нямецкім рэжысёрам Вімам Вэндэрсам. — Еўрарадыё]. Калі не глядзелі, то вельмі раю паглядзець. Хоць для яго прагляду трэба цярпенне і нейкая эстэтычная платформа, нейкая дастатковая шырыня ведаў пра творчасць Хандке, таму што твор складаны і філасофскі. Як, зрэшты, і большасць твораў гэтага пісьменніка".