Найти тему

Бацьку беларускай навукі - на задворкі?

Даўно ўжо ў Светлагорску ідзе гаворка аб наданні адной з вуліц горада імя нашага земляка Сцяпана Некрашэвіча. Праўда, вядзецца яна на старонках друку пакуль толькі адным чалавекам: дырэктарам карціннай галерэі паэтам Ізяславам Катляровым.

Сцяпан Некрашэвіч.
Сцяпан Некрашэвіч.

Добра, што ёсць у нашым горадзе людзі, якія дбаюць аб годным ушанаванні імя славутага земляка, заснавальніка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сцяпана Некрашэвіча, якому 8 траўня 2008 года споўніцца 125 год. Цудоўна, што ў гэтай высакароднай справе ўдзельнічае такі паважаны ў горадзе чалавек, ініцыятар шматлікіх прапаноў на культурным фронце - паэт Ізяслаў Катляроў. Так і павінна быць. Нядаўна яшчэ раз у сваім архіве перачытаў яго артыкул, надрукаваны ў “Гомельскай праўдзе” пад аптымістычнай назвай “Быць такой вуліцы”1. Сутнасць яго змешчана ў некалькіх першых сказах, таму дазволю сабе іх прывесці.

“Вуліцы Сцяпана Некрашэвіча ў Светлагорску яшчэ няма, - піша Ізяслаў Катляроў. – Але павінна быць. Прынамсі, там, дзе зараз знаходзіцца вуліца Зялёная. Хаця б таму, што побач з ёй усё больш акрэслена ўзнікае цудоўны будынак краязнаўчага музея. Які ж ён краязнаўчы без ушанавання памяці такога земляка, як Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч”.

Прачытаўшы гэтыя словы, я, шчыра кажучы, збянтэжыўся. Яны намалявалі мне вобраз агромністай сцяны, цвёрдай, шэрай, якая стаіць паміж жаданнем аўтара ўбачыць вуліцу Некрашэвіча ў Светлагорску і здзяйсненнем гэтай разумнай прапановы. Ізяслаў Катляроў паўстае чалавекам мэтанакіраваным, які ходзіць вакол гэтай сцяны і думае, як жа яе прабіць, дзе ўзяць той чароўнай вады, што разбурыць камень? Паэт дасканала разглядае фактуру сцяны, шукаючы ў ёй хібы. І знаходзіць невялікую ямінку. У нашым яўным свеце – гэта будаўніцтва гарадскога краязнаўчага музея. Для паэта - гэта нагода, за якую можна ўчапіцца і, нарэшце, зруйнаваць перашкоду. Напэўна, калі аўтар шукаў, якую вуліцу пераназваць у гонар Сцяпана Некрашэвіча, разважаў так: калі музей краязнаўчы, а імя нашага земляка – гэта славутая старонка гісторыі раёна, то, можа, нарэшце, гарадскія ўлады не адмовяць пераназваць адну з вуліц. Няхай гэта будзе, напрыклад, вуліца Зялёная, якая знаходзіцца побач з музеем.

Асабіста мне такая логіка не імпануе. Я ніяк не магу знайсці сувязь паміж музеем і вуліцай Некрашэвіча, якая абавязкова павінна з’явіцца менавіта каля яго? Чаму вуліца нашага славутага земляка павінна стаць такой маленькай, непрыкметна схаванай сярод старых дамоў, як вуліца Зяленая? Прызнаюся, што ад гэтай прапановы я нават адчуў сябе непаўнавартасным чалавекам. Мне цяжка было ўявіць, дзе на цяперашняй вуліцы Зялёнай будзе стаяць бюст Сцяпана Некрашэвіча, на якім доме тут можна прымацаваць адпаведную шыльду. У гэты момант мая самасць не вытрымала, узбунтавалася. Яна казала мне, што гэта ж непавага да нашага славутага земляка, вялікага вучонага – бацькі беларускай навукі! Мне захацелася стаць побач з Ізяславам Рыгоравічам і адным ударам зруйнаваць гэтую сцяну. А потым у стане эйфарыі пракрычаць: “Панове, дакуль мы будзем зневажаць сябе, свою мінуўшчыну!”

Ізяслаў Катляроў
Ізяслаў Катляроў

Ёсць жа вуліца 50 год Кастрычніка, да якой не адносіцца ніводны дом, акрамя цырульні “Сонейка”! На гэтай вуліцы ёсць дзе паставіць бюст Сцяпана Некрашэвіча, гэта цэнтр горада. Прагледжваецца цудоўнае суседства з заснавальнікам Светлагорска Шацілам. Так бы мовіць, шлях славутых людзей горада і раёна, якія жылі ў розны час, перакрыжаваўся. За такое ўшанаванне нашага славутага земляка перад нашчадкамі не будзе сорамна.

Віктар Раманцоў.

2006 г.

Крыніцы:

1. Ізяслаў Катляроў. Быць такой вуліцы // Гомельская праўда”. – 2005. – 25 кастрычніка.