Жыццёвыя шляхі Якуба Коласа праляглі і на Случчыне. Некаторыя даследчыкі яго жыцця і творчасці лічаць, што паэт пабываў у гэтым кутку Беларусі яшчэ да кастрычніка 1917 года, а свае ўражанні выкарыстаў пры напісанні паэмы «Новая зямля» і трылогіі «На ростанях». Магчыма, так яно і было, аднак дакументальных пацвярджэнняў гэтага ў аўтара няма. А вось што дакладна вядома, то гэта яго праца ў Слуцку ў пачатку 1920-х гадоў выкладчыкам на курсах па падрыхтоўцы настаўнікаў для выкладання ў школах на беларускай мове.
У летапісе жыцця і творчасці Якуба Коласа ёсць запіс за 1921 год: «Да 10 ліпеня. Наведвае Слуцк. Знаёміцца з настаўніцкімі курсамі». Запіс за 1923 год: «Чэрвень, 29 – ліпень, 30. У г. Слуцку на настаўніцкіх курсах чытае лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы». 3 ліпеня 1923 года Якуб Колас пісаў сваёй жонцы Марыі Дзмітрыеўне: «...Затрымаўся я покі што на кватэры загадчыка аддзела народнае асветы. Жыву ў яго ўжо цэлую пору. Нічога. Жыць можна. Кормяць добра. Учора вечарам заходзіў на курсы. Заўтра толькі пачну выкладаць. Заўтра мне будзе адведзена дзве гадзіны часу».
А вось што Якуб Колас напісаў пра настаўніцкія курсы ў Слуцку Марыі Дзмітрыеўне ў пісьме за 4 ліпеня: «Чытаў я дзве гадзіны: першая гадзіна была адведзена пад граматыку; другая – пад методыку. Методыку я пачаў чытаць з сярэдзіны, з таго месца, дзе гутарка ідзе аб тым, як трэба даваць практычныя лекцыі. Такое чытанне выклікана тым, што курсанты даюць практычныя лекцыі і, каб панавіць у памяці педагагічныя прынцыпы, прыйшлося з гэтага і пачаць. Слухалі незвычайна ўважліва. Я вельмі рад, што захапіў з сабою методыку. Курсы тут пастаўлены незвычайна грунтоўна. Дысцыпліна на курсах самая строгая. Курсантаў 150 чалавек, і ходзяць усе да аднаго. Курсы пачынаюцца роўна з 10 гадзін. Да 12 г. ідуць практычныя лекцыі, практыкуюць самі курсанты. Кожны дзень даецца чатыры лекцыі. А 12 гадзіне прыходзяць лектары. Чытаюцца лекцыі да 4 гадзін. У 6 гадзін ідуць кружкавыя заняткі палітычнага зместу. У сем – канферэнцыі наконт пробных лекцыяў. Канчаюцца курсы ў 8 гадзін вечара. Курсанты так заняты, што не маюць часу пайсці ў горад…».
Склад курсантаў нельга назваць аднародным: сярод іх былі мужчыны і жанчыны, людзі рознага ўзросту, сацыяльнага паходжання, адрозніваліся яны і па сваіх характарах, поглядах, узроўню прафесійнай падрыхтаванасці. З пісьмаў Якуба Коласа: «Я ўспеў сёння па граматыцы зрабіць дыктоўку. Сшыткаў 70 ужо перагледзеў. Няграматна напісана ў двух. Чатыры напісалі зусім граматна. Большасць – здавальняюча, многа – добра. Сярод слухачоў чалавек 15 ёсць з вышэйшаю асветаю… Сярод старых настаўнікаў прыхільнасці да беларускасці няма, але гэта не перашкаджае ім пісаць цэлымі вечарамі план лекцыі па-беларуску. Калі не здолее сам, ідзе да другога і перакладае на беларускую мову. Канферэнцыі адбываюцца на беларускай мове, пратаколы вядуцца па-беларуску. Сярод слухачоў ёсць такія хлопцы, што не прапусцяць ніводнага небеларускага слова. І калі часамі пачынае хто блытаць беларускую і расейскую мову, як гэта было раз на агульным сходзе, то з 10-15 месц ад слухачоў і слухачак чуюцца падказванні. Ёсць настаўнікі і настаўніцы, якія зусім правільна, бойка і жыва даюць лекцыі па-беларуску».
Паводле Якуба Коласа, праграма курсаў была распрацавана Народным камісарыятам асветы Беларусі. На чале Слуцкіх настаўніцкіх курсаў стаяла курсавая рада, у якую ўваходзілі загадчык курсаў, лектары, групаводы, прадстаўнікі саюза працаўнікоў асветы і аддзела асветы акруговага выканаўчага камітэта, прадстаўнік слухачоў курсаў. Для курсантаў чыталі лекцыі па гісторыі рэвалюцыйнага руху, палітычнай эканоміі, дзяржаўным будаўніцтве, гістарычным матэрыялізме, прыродазнаўстве, гігіене, беларускай мове і методыцы выкладання роднай мовы. Акрамя асноўных лекцый рада курсаў прадугледзела спецыяльныя даклады аб працоўных метадах у школе і аб дынаміцы школьных сістэм. А яшчэ былі лекцыі «па прафесіянальнаму руху і па гісторыі рэлігіі». Заняткі на курсах адбываліся ў памяшканні другой сямігодкі (цяпер гімназія №1 горада Слуцка), дзе і жыла большая частка курсантаў.
Якуб Колас не толькі чытаў лекцыі на курсах, але і знаёміўся з бытам настаўнікаў, сустракаўся з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці, з жыхарамі Случчыны. У адным з пісьмаў да Марыі Дзмітрыеўны ён напісаў: «Быў раз у тэатры. Гралі саматугам. Але адмовіцца нельга было. Тэатр пачаўся а 12 гадзіне ўночы. Скончыўся каля 4-х. Гэта ўжо такі слуцкі звычай». А вось – з іншага пісьма: «Учора быў у гасцях у загадчыка курсаў Сяргея Антонавіча Бярозкі. Гэта ўжо пажылы настаўнік, адлічны арганізатар, чалавек дзела». С.А. Бярозка да Слуцка працаваў выкладчыкам славеснасці ў настаўніцкіх семінарыях ў Беластоку, Вільні, выхоўваў дваіх дзяцей – сына і дачку, якім у 1923 годзе было 17 і 16 гадоў адпаведна. Якуб Колас заўважыў, што «сын незвычайна даравіты хлопец. Навейшую расейскую літаратуру ведае, як прафесар, разважае па-прафесарску. Незвычайна начытаны, мае фенаменальную памяць: яму досыць прачытаць падручнік па хіміі старонак на 200, і ён будзе помніць усе формулы... Скончыў драматычную студыю, піша вельмі талентна расейскія вершы, пераймае крыху Блока, Брусава, імажыністаў, але формы, змест, пачуццё злучаюцца гарманічна і вельмі прыгожа... Сястра яго Наталля – мілая, разумная, інтэлігентная дзяўчына. Брат і сястра страшна прывязаны адно к другому. Хлопец хваравіты, схілен да прастуды... Калі я пазіраў на гэтага юнака, то мне чамусь напомніў ён Максіма Багдановіча і сваёю інтэлігентнасцю і сваёю паэзіяю...».
Дарэчы будзе сказаць, што Якуб Колас не памыліўся: сын С.А. Бярозкі Георгій з цягам часу стаў празаікам, крытыкам, літаратуразнаўцам. У 1927 годзе ён скончыў філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, працаваў кінарэжысёрам. У 1941 годзе добраахвотна пайшоў на фронт, пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў і працаваў у Маскве. З 1945 года – член Саюза пісьменнікаў СССР, пісаў на рускай мове. Георгій Бярозка ўпершыню ў беларускай крытыцы і літаратуразнаўстве ўзняў пытанні ўзаемаадносін формы і зместу, эвалюцыі літаратурных жанраў і стыляў, гістарызму ў падыходзе да стварэння і ўспрымання літаратурных твораў. У цэнтры ўвагі пісьменніка былі гераізм народа ў Вялікай Айчыннай вайне, патрыятызм, вернасць салдацкаму абавязку, мірныя будні воінаў Савецкай Арміі, жыццё і быт працаўнікоў вёскі і гарадскіх рабочых. Георгій Бярозка – аўтар раманаў «Мирный город», «Сильнее атома», «Необыкновенные москвичи», «Присутствие необычайного», аповесцяў «Красная ракета», «Любить и не любить», «Знамя на холме», «Донесение», «Вечер воспоминаний» і іншых твораў, якія былі змешчаны ў перыядычным друку, выходзілі асобнымі выданнямі. Памёр Георгій Сяргеевіч Бярозка 2 лістапада 1982 года, пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.
Прад імі Случчына ляжала,
Старонка міла і багата.
Народ, відаць, жыў панавата,
Прынамсі, добра і заможна,
Па ўсім аб гэтым судзіць можна:
Па ветраках, такіх удумных,
І па абэржах* гэтых, гумнах,
Па старасвецкіх азяродах,
Па гарбузах на агародах,
Па тытуню і па садочках,
Дзе хаты ніклі, бы ў вяночках.
А тыя ліпы ці таполі!
Такіх не бачылі ніколі:
Развіслы, тоўсты, сакавіты,
Гамоняць з небам – паглядзі ты!
За многа вёрст здалёк відаць.
– Ну, дрэвы! нечага сказаць;
Зямля, брат, сілы многа мае –
Такія вежы выганяе!
А роўнядзь, роўнядзь! як далоні! –
Міхал зазначыць ці Антоні:
– Эх, брат, зямля: ўміраць не трэба,
Не пашкадуе табе хлеба.
Ўсё прыцягала іх увагу:
Ці ўстрэнуць родную сярмягу –
І людзі простыя так ветлы,
І погляд добры іх і светлы
Так да душы і пранікае
І сэрца цешыць і ласкае;
Ці хутарочак пападзецца,
Ну, як знаёмы, усміхнецца!
Ці гэта вёска з ветракамі
І з прыдарожнымі крыжамі, –
Ўсё так павабна, так адметна,
І ўсё вітала іх прыветна,
Бы тая блізкая радня.
__________
* Абэржа – вялікая будыніна для гаспадарчых патрэб.
Заўважылі, колькі ў гэтым урыўку з паэмы клічнікаў і прыметнікаў, якімі захапляльнымі словамі паэт апісвае тое, што бачылі Міхал і Антось на Случчыне? Згадзіцеся, што проста так, ад нечага рабіць не мог іх выкарыстоўваць вялікі знаўца роднай мовы Якуб Колас.
Але мала хто, напэўна, ведае, што слуцкі перыяд хоць і быў непрацяглым у жыцці Якуба Коласа, ды ледзь не сыграў у яго лёсе трагічную ролю. Справа ў тым, што ў жніўні 1925 года ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне (ДПУ) Беларусі паступілі паведамленні аб тым, што ў ваколіцах вёсак Селішча і Еўлічы (Слуцкі раён), Дарасіно (Любанскі раён) на тэлеграфных слупах былі расклеены контррэвалюцыйныя адозвы, напісаныя на беларускай мове друкаванымі літарамі. Адна з іх, напрыклад, была такога зместу: «Таварышы, раней нас душыў пан, а цяпер душыць бальшавік. Сяляне, годзі вам спаць! Прачнецеся! Годзі езьдзіць на вашым карку жыдам. Ськіньце ўсіх! Збудуйце свой уласны кут! Зрабіце Беларусь вольнай! Зрабіце сваю ўладу, а не жыдоўскую. Аб"едынайцеся родныя браты селяне! Паўстаньце!». Іншыя адозвы змяшчалі такі тэкст: «Бальшавікі грабуць наш хлеб… Усюды – ашуканства. Наша дабро грабаюць у сваю кішэню! Нас ашукалі. Дык вон ашуканцаў! Селяне! Неплацеце падаткаў! Гуртуйцеся цэлымі вёскамі і не плацеце!.. Савецкая ўлада натравіла суседа на суседа, брата на брата, каб вы не верылі адзін другому і не згаварыліся проці ўлады. Селяне! Кіньце сварыцца! Арганізуйцеся ў хаўрусы сялян! Ваш вораг ня сусед, а – бальшавікі! Зноў турмы запоўнены селянамі за падатак і інша падобнае! Зноў селянін павінен зьнімаць шапку прад савецкім панам і нясьці яму хабар! Далоў новых паноў-камуністых! Ня верце брахні камуністаў! Яны вас ашукалі і далей будуць ашукваць!.. Нас сілком падзялілі. Адну частку Беларусі душаць польскія паны, а другую – маскоўскія бальшавікі! Нашаю пакутнаю працаю кормяцца ўсе! Далой ашуканцаў! Далой новых паноў-камуністых! Далоў усіх нашых дармаедаў! Няхай жыве праўда! Няхай жыве вольная злучная Беларусь! Арганізуйцеся!».
Супрацоўнікам ДПУ не склала вялікай цяжкасці вылічыць «контррэвалюцыянераў» і неўзабаве яны арыштавалі жыхара вёскі Панічы (Слуцкі раён) Міхася Дземідовіча, нядаўняга слухача Слуцкіх агульнаадукацыйных курсаў, і настаўніка з мястэчка Пагост (Салігорскі раён) Ціта Курбыку. Пры вобыску ў Дземідовіча чэкісты звярнулі ўвагу на чарнавік яго пісьма на імя Ціта Іванавіча Курбыкі, у якім былі такія словы: «Асяродкам Пагоскай арганізацыі па шчыра-беларускаму шляху павінны стаць Вы, як у Слуцку – Лістапад з усім настаўніцтвам і вучнёўствам (агітацыя сярод сялян можа скрытна рабіцца вучнямі), у Мінску і на ўсёй Беларусі – асяродак усяму Колас!..».
Праз некалькі дзён чэкісты арыштавалі настаўніка Юрыя Лістапада і навучэнца агульнаадукацыйных курсаў Мікалая Казака. У Лістапада, які ў 1920 годзе ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне, у час вобыску знайшлі фатаграфію Якуба Коласа, часопіс «Вольная Беларусь» за 1918 год, у Казака – часопіс «Наша Слова» антысавецкага зместу. «Запахнула» гучнай контррэвалюцыйнай справай, ды яшчэ з удзелам не абы-каго, а самога Якуба Коласа.
На мінскай кватэры паэта зрабілі вобыск, пра які тагачасны супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі, а пазней – пісьменнік Віталь Вольскі ўспамінаў: «Канстанцін Міхайлавіч сустрэў нас так, быццам даўно чакаў. Ніякага здзіўлення, ніякага сполаху на твары… Я адразу папрасіў у Канстанціна Міхайлавіча тое, што найбольш цікавіла нас, – перапіску. Гаспадар, ні слова не кажучы, адчыніў шуфляду стала, дастаў з яе і працягнуў нам стосік акуратна складзеных лістоў. Я ўважліва перагледзеў іх, пакінуў сабе тыя, што маглі зацікавіць следства, астатнія, гэтак жа акуратна склаўшы, вярнуў гаспадару.
– Гэта ўсё? – спытаўся Канстанцін Міхайлавіч зусім спакойнаю Хаця ў паглядзе яго адчуваўся адбітак унутранай стомы. Мне стала ніякавата пад гэтым поглядам. Быццам я зрабіў толькі што нейкую не дужа чыстую справу».
Сярод папер, якія забралі чэкісты, было і адрасаванае Якубу Коласу пісьмо слуцкага настаўніка Нічыпара Мяцельскага з вершам пад назвай «Дзе?»:
Дзе свабодны дух народа?
Дзе свабодных думак рой?
Дзе жаданьне стаць сьцяною, –
За свабоду ісьці ў бой?
Дзе жаданьне скінуць путы
Ўціску вечнай цемнаты…
І дзе ўсё гэта пакінуў,
Беларускі народ – ты?
Воля зьнішчана да званьня;
Зноў сагнуўся ў цябе стан,
І ўсякі валацуга
Над тваею волей пан.
А нядаўна гэтак слаўна
За свабоду нёс жыцьцё.
Крыкі – гоман расхадзілісь,
Захаплялі яны ўсё.
Дык успомні час мінулы,
Годзі, годзі, браце, спаць.
За свабоду і лепшу долю
Пойдзем ворагаў змагаць!
На другі дзень пасля вобыску Якуба Коласа выклікалі на допыт у ДПУ Беларусі. Знаёмства з Лістападам паэт пацвердзіў, але катэгарычна заявіў: «С Листопадом на политические темы разговоров никогда не было и мне совершенно неизвестно об антисоветской деятельности Листопада… Я ни в каких политических организациях при Соввласти не состоял и не состою. Я этим совершенно не интересуюсь…». Што ні кажыце, а дарэвалюцыйны вопыт паводзін сябе з царскімі следчымі, здаецца, прыгадзіўся Якубу Коласу. Бо інакш чым растлумачыць, што пасля катэгарычнага «я этим не интересуюсь» паэт сказаў (вымушаны быў сказаць?): «Произведённый у меня обыск ГПУБ 24 октября 1925 г. считаю вполне законным и необходимым, т. к. у ГПУБ для этого было достаточно материалов, хотя бы даже тех, которые мне были предъявлены. ГПУ иначе не могла поступить. У меня нет никаких доказательств к опровержению материалов, предъявленных мне, но я приму все меры реабилитироваться». Цікава, ці не праўда? З аднаго боку – «не интересуюсь», а з другога – «приму все меры реабилитироваться». Дзядзьку Якуба на мякіне, як кажуць, не правядзеш.
Тым часам чэкісты не бяздзейнічалі: 26 кастрычніка яны арыштавалі настаўнікаў Нічыпара Мяцельскага і Міхася Макарэню. У Макарэні яны знайшлі часопіс «Наша Слова», дзве адозвы, падобныя на тыя, што былі расклеены на слупах у жніўні, зашыфраваныя допісы, розныя пісьмы, адрасы, сярод якіх – і адрас Якуба Коласа. Арыштаваных трымалі ў турме ў Мінску, неаднаразова дапытвалі. Паказанні случчан нярэдка былі супярэчлівымі, таму следчым давялося з імі павалуздацца, пакуль справу давялі да суда.
Яшчэ на адзін допыт выклікалі і Якуба Коласа. Адносна верша Н. Мяцельскага «Дзе?» паэт сказаў начальніку сакрэтнага аддзела ДПУ Беларусі Рэмізаву, які вёў допыт 10 снежня: «Точно сказать не могу, ответил ли я Метельскому письмом или передал ему на словах при встрече с ним осенью, что стихотворение по своим мотивам не новое, мотивы эти перепеты и по характеру своему народнические и по идеологии не современное». Паэт не адмаўляў, што сустракаўся з Нічыпарам Мяцельскім і хадайнічаў аб працаўладкаванні яго настаўнікам. З паказанняў Якуба Коласа следства мала што ўзяло, першапачатковыя абвінавачванні яго ў антысавецкай дзейнасці пацвердзіць не ўдалося. І калі «Лістападаўскую справу» ў сакавіку 1926 года разглядаў Мінскі акруговы суд, паэт прысутнічаў на ім як сведка. Аднак і тут яго паказанні істотна не адрозніваліся ад ранейшых. Напрыклад, пра Мяцельскага ён сказаў, што гэта «чалавек, які нечага шукае, хоча выявіць нешта, чаго яшчэ добра і сам не зразумеў, чалавек са слабою воляю, які яшчэ не аформіўся, хістаецца». Сапраўды, а чаму нельга так сказаць пра чалавека, якому толькі 20 гадоў?
Па прыгавору суда Ю.І. Лістапад атрымаў пяць гадоў пазбаўлення волі са строгай ізаляцыяй і пяць гадоў паражэння ў правах. Н.Л. Мяцельскі, М.З. Макарэня і М.А. Дземідовіч таксама атрымалі па пяць гадоў пазбаўлення волі, але з улікам іх маладосці тэрмін пакарання быў зменшаны да двух гадоў пазбаўлення волі. М.М. Казаку суд назначыў пяць гадоў пазбаўлення волі, але з улікам яго маладосці пакаранне скараціў на трэць, потым гэты тэрмін палічыў умоўным і з-пад арышту яго вызваліў. Ц.І. Курбыку суд апраўдаў. Яшчэ доўга пасля гэтага суда Якуб Колас адчуваў на сабе падазрэнні ў прыналежнасці да арганізацыі «слуцкіх контррэвалюцыянераў» і эсэраўскага руху.
Анатолій ЖУК