Найти тему

У раённай службе занятасці прайшоў “Кірмаш вакансій”

У памяшканні раённай службы занятасці прайшоў чарговы “Кірмаш вакансій”. На яго запрасілі прадстаўнікоў кадравых службаў прадпрыемстваў і арганізацый, беспрацоўных. У суправаджэнні супрацоўніка міліцыі сюды прыйшлі раней судзімыя асобы, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі. Іх таксама неабходна працаўладкаваць, каб мелі капейку на кавалак хлеба.

-2

Перш чым прадаставіць слова кадравікам, начальнік раённай службы занятасці Тамара Рамановіч папрасіла выступіць перад людзьмі з крымінальным мінулым айца Аляксандра са Спаса-Прэабражэнскага храма і  ўрача-нарколага псіхіятра з цэнтральнай раённай бальніцы Ірыну Турноўскую.

Айцец Аляксандр павёў размову аб духоўных каштоўнасцях, без якіх нельга быць добрым чалавекам. Урач Ірына Турноўская акцэнтавала ўвагу прысутных на здаровым ладзе жыцця, адмаўленні ад шкодных звычак.

-3
-4

Прадстаўнікі кадравых службаў паведамілі аб вакантных працоўных месцах. Потым беспрацоўныя назвалі спецыяльнасці, якія ў іх ёсць. Тых, хто ў свой час не набыў прафесію, спецыялісты службы занятасці папрасілі не засмучацца: можна пайсці на курсы, дзе акрамя тэорыі прадугледжана практыка, пасля заканчэння навучання выдаецца адпаведнае пасведчанне.

-5

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.