У наступным 2020 годзе спаўняецца 460 гадоў гораду Светлагорску Гомельскай вобласці. Але, падобна, што юбілейная дата, як і дзесяць гадоў таму, будзе праігнараваная на афіцыйным узроўні. А тутэйшыя не толькі нашчадкі, а і сучаснікі робяць несуцяшальныя высновы.
Прайшло 10 год і нічога ў адносінах да сапраўднай даты ўзроста Светлагорска не змянілася. Таму нават без вялікіх правак паўтараю матэрыял 10-гадовай даўнасці. Дзесяць год нічагонераблення прайшло. Таму для асабліва тупых паўтараю.
Ва ўсім свеце ўзрост населеных пунктаў прынята адлічваць ад першага згадвання іх у пісьмовых крыніцах, гэта значыць узрост Светлагорска сваімі каранямі уходзіць у мінулае Шацілак. У любой сучаснай энцыклапедыі вы прачытаеце, што Светлагорск да 1961 года насіў назоў Шацілкі. Аднак мясцовая афіцыйная ўлада адлічвае, як і ў савецкі час, узрост горада ад даты пераназвання Шацілак у Светлагорск - з 1961 года. Напрыклад, у верасні 2016 годзе адзначалася, як было заяўлена, 55-годдзе горада Светлагорска.
Але ніхто ў Беларусі не святкуе дату нараджэння населенага пункта ад даты яго пераназвання альбо ад даты атрымання населеным пунктам статусу горада.
Мазыр вядомы з 1155 года, статус горада ў складзе БССР атрымаў у 1938 годзе. Горад Калінкавічы вядомы з 1560 года, статус горада ў складзе БССР атрымаў у 1925 годзе. Жлобін вядомы з 1654 года, статус горада ў складзе БССР атрымаў у 1925 годзе; Рэчыца вядома з 1213 года, статус горада ў складзе БССР атрымала ў 1938 годзе. Светлагорск вядомы з 1560 года, статус горада ў складзе БССР атрымаў у 1961 годзе. Адгадайце з трох разоў, які ўзрост гэтых гарадоў? Такі ж як і населенага пункта. Толькі Светлагорск вядзе адлік ўзросту населенага пункта ад статуса горада. Па сваёй тупасці.
Горад Светлагорск Гомельскай вобласці ўпершыню пісьмова згаданы 15 ліпеня 1560 года як маёнтак Шацілінскі Востраў у прывілеі (грамаце) Вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста. Тагачасна населены пункт уваходзіў у склад па ўсёй верагоднасці Трокскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага - у мінулым першай беларускай дзяржавы. У дакуменце гаварылася, што маёнтак Шацілінскі Востраў размешчаны на гары, на тракце (дарозе) Горвальскім (Горваль - цяпер вёска ў Рэчыцкім раёне), на рацэ Бярэзіна, і перадаецца Ждану Манкевічу ў сувязі з тым, што папярэдні яго ўладальнік Раман Шаціла памёр. У прывілеі агаворваліся ўмовы: маёнтак перадаецца новаму ўладальніку з абавязковым выкананнем вайсковай службы. Дакумент быў адшуканы ў 1989 годзе па ініцыятыве светлагорскага краязнаўцы Тэльмана Маслюкова. Арыгінал прывілею, напісаны на польскай мове, не захаваўся. У 1798 годзе з яго была зробленая копія, якая зараз захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве РБ.
Аб тым, што Светлагорск упершыню згаданы ў пісьмовых крыніцах 15 ліпеня 1560 года, можна прачытаць у фундаментальнай працы пра раён - кнізе "Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі" (Мн. 2000. Кн. 1. С. 47).
У "Вопісу Бабруйскага стараства”, які даследчыкі адносяць да 1639 года, сучасны Светлагорск сустракаецца пад назовам Шацілавічы. Тады ў населеным пункце налічвалася толькі 17 сялянскіх хат, у астатніх жыла шляхта.
У канцы XVIII стагоддзя Шацілавічы ўжо называюцца Шацілкі. Менавіта такі назоў нашага населенага пункта мы знаходзім у "Вопісы ўладанняў адмірала Пятра Пушчына" (1800)
і на мапах Рэчы Паспалітай.
З 20 жніўня 1924 года Шацілкі з'яўляліся цэнтрам сельскай рады Парыцкага раёна. У лік гарадскіх пасяленняў Шацілкі былі залічаны 30 снежня 1956 года. А 9 чэрвеня 1960 года яны сталі цэнтрам раёна. Амаль год назовы раёна і яго цэнтра адрозніваліся: Парыцкі раён, з цэнтрам - Шацілкі. Такая сітуацыя не падабалася мясцоваму партыйнаму савецкаму кіраўніцтву, якое не пажадала раёну прысвоіць назоў Шацілаўскі.
У партыйных розумах нараджаецца ідэя знішчыць назоў Шацілкі, які сваімі каранямі ўходзіць у ХVI стагоддзе. Праўда, на той час шацілкаўцы-светлагорцы не ведалі гэтага, а больш верылі ў абстрактную светлую будучыню, да якой іх вядзе камуністычная партыя і дзеля якой можна ахвяраваць векавымі назовамі селішчаў.
Парыцкі камуністычны актыў вырашае пераназваць Шацілкі. З прапанаваных варыянтаў - Чырвонаармейск, Партызанск, Камсамольск, Палеск, Энергетык, Маладзёжны - выбіраецца нелагічнае і недарэчнае - "Светлагорск". Мясцовыя партыйныя розумы праяўляюць сваю некампетэнтнасць і тупасць і не знаходзяць час высвятліць, што корань "гор" мае значэнне "гара" (Пяцігорск, Магнітагорск - гарады ў РФ), а не "горад".
Тым не менш, назоў "Светлагорск" (светлая гара) падабаецца сакратару Парыцкага райкама партыі Ўладзіміру Сняжкову, які да гэтай высокай пасады працаваў парторгам на будаўніцтве Васілевіцкай ДРЭС. Ён падтрымлівае пераназванне Шацілак у Светлагорск.
"Праўда, з назовам выйшала неспадзяванка, - успамінаў пазней былы дырэктар Светлагорскай ЦЭЦ (у мінулым Васілевіцкай ДРЭС) Мікалай Барбук. - Справа ў тым, што горад з такім назовам ёсць у Калінінградскай вобласці, і часта грузы, абсталяванне, запчасткі, прызначаныя для нашай станцыі, ішлі наўпрост у горад-цёзку і наадварот"
Мясцовыя партыйныя працаўнікі ствараюць міт аб тым, што нібы назоў горада Светлагорска звязаны з будаўніцтвам першай электрастанцыі, якая дала святло тутэйшым людзям. Хоць нідзе ў свеце няма прыкладаў пераназвання гарадоў у сувязі з будаўніцтвам прадпрыемстваў.
29 ліпеня 1961 года Шацілкі знікаюць як населены пункт з мапы Беларусі. У гэты дзень выйшаў Указ Прэзідыўма Вярхоўнай Рады БССР "Аб ператварэнні гарадскога пасёлка Шацілкі ў горад раённага падначалення і пераназванні Парыцкага раёна Гомельскай вобласці". Што цікаўна: у назове дакумента "Светлагорска" няма.
А вось назоў чыгуначнай станцыі Шацілкі захаваецца даўжэй - да 1966 года.
"Усяго 47 гадоў таму Светлагорска не было ні на адной геаграфічнай мапе Беларусі, - пішуць у кнізе "Светлогорщина туристическая. Путеводитель" (2008) светлагорскія паэты Ізяслаў Катляроў і Соф'я Шах. - Аднак ён значна старэй… самога сябе. 29 ліпеня 1961 года Ўказам Прэзідыўма Вярхоўнай Рады БССР гарадскі пасёлак Шацілкі пераназваны ў горад Светлагорск. Пераназваны!"
Дагэтуль у Светлагорску не жадаюць весці адлік узросту населенага пункта па агульнапрынятых нормах - ад першага згадвання ў пісьмовых крыніцах. Таму надыходзячы юбілей - 460-годдзе Светлагорска - будзе напэўна праігнараваны. Не запланаваны бюджэт Светлагорскага раёна на 2020 год з улікам юбілею, не створаны аргкамітэт па святкаванні юбілейнай даты. Светлагорск працягвае святкаваць дату пераназвання Шацілак у Светлагорск у якасці Дня горада - на смех сучасным і будучым пакаленням.
Віктар Раманцоў
14.1.2010, 13.9.2019