Старадаўнія назвы (тапонімы) на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна.
Горвальскі тракт – гэта самая старадаўняя вуліца, якая праходзіла па тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна ў напрамку з Бабруйска на Горваль. Горваль – гэта сучасная вёска ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Горвальскі тракт упершыню пісьмова згадваецца ў прывілеі Вялікага князя літоўскага і караля Польскага Жыгімонта II Аўгуста ад 15 ліпеня 1560 года. У дакуменце сказана, што маёнтак Шацілінскі Востраў, з якога пачаўся Светлагорск, “размешчаны на гары, на тракце Горвальскім, на рацэ Бярэзіне”.
Копія прывілея на польскай мове захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Крыніцы:
1. Копія прывілея Вялікага князя літоўскага і караля Польскага Жыгімонта II Аўгуста ад 15 ліпеня 1560 года // НГАБ. Ф.686. Воп.1. Спр.9. Арк.86-88 адв. (на польскай мове).
2. Рассадзін С. Аб пісьмовых крыніцах пра гістарычныя пачаткі сучаснага Светлагорска // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. — Светлагорск, 2011, с. 23—37.
3. Маслюкоў Т. Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы – старажытныя шляхецкія роды Беларусі / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн.1. Мн. 2000. С. 47-49.
Адшукаў крыніцы Віктар РАМАНЦОЎ.
Горвальскі тракт ад Ваколіцы Шацілкі (у межах сучаснага Светлагорска) да Горваля (зараз веска ў Рэчыцкім раёне)
Мапа Расійскай імперыі 1866 года, трохвярстоўка, на якой можна пабачыць Горвальскі тракт. Ён ідзе праз Ваколіцу Шацілкі ў бок Слабады Якімаўскай, праз Слабаду Якімаўскую далей праз Селішчы. Праз вёскі Чарнейкі, Крапівенку (зараз у Рэчыцкім раёне) і да Горваля.
Крыніца: Мапа Расейскай імперыі 1866 года, трохвярстоўка.
Горвальскі тракт ад Ваколіцы Шацілкі (у межах сучаснага Светлагорска) у бок Бабруйска.
Ён ідзе праз Какель (сучасны пасёлак Светач у межах Светлагорска), Рудню. У Рудне Горвальскі тракт - гэта сёння рэспубліканская дарога Р-82 (шаша Прычы - Рэчыца). Далей Горвальскі тракт ідзе пабач Чыркавіч, праз Пакроўскае (пазней хутар Пакроўка, пасёлак Пакроўка, які знік пры сталінскай калектывізацыі), Ракшын, Прудок, Скалку, Парычы. За Парычамі Горвальскі тракт - гэта сёння рэспубліканская траса Р-31. Далей Горвальскі тракт ідзе каля вёсак Высокі Полк, Беліца, праз Міхайлаўку, Краснаўку, Ваколіцу Дражня і за межы сучаснага Светлагорскага раёна. На гэтым адцінку (ад Шацілак-Светлагорска да мяжы Светлагорскага раёна) толькі ў двух месцах Горвальскі тракт не супадае з сённяшняй дарогай Р-82 і Р-31. Перад Парычамі: Горвальскі тракт ішоў ў бок Казлоўкі і паварочваў на Парычы і ішоў паміж Казлоўкай і сённяшняй трасай Р-82. Уваходзіў у Парычы ўчасткам сучаснай вул. Камсамольская. Таксама Горвальскі тракт не супадае з дарогай Р-31 у раёне вёсак Міхайлаўка, Краснаўка. Ён праходзіў праз гэтыя вёскі. Сёння дарога Р-31 ідзе лявей Міхайлаўкі і Краснаўкі.
Крыніцы: Мапа Расейскай імперыі ХIX ст.
Горвальскі тракт у сучасным Светлагорску.
Сёння ён ідзе вуліцамі Лазо, Сацыялістычная, участкам вуліцы Савецкая (ад мемарыяла Звона-набата ў бок Светлагорскай ЦЭЦ).
Заканадаўства, якое дазваляе вярнуць старадаўнія назвы (тапонімы), якія існавалі на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна:
Артыкул 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці”.
Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны...
Артыкул 16, пункт 4, частка 2 Закон РБ “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў” ад 16.11.2010 года
4. Переименование географических объектов допускается:
при необходимости возвращения отдельным географическим объектам их исторических наименований.