Найти тему

Шацілінскі Востраў (Вядомы з XVI ст.)

Старадаўнія назвы (тапонімы) на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна.

Шацілінскі Востраў – маёнтак, старадаўняя частка Шацілавіч (Шацілак). Зараз у межах горада Светлагорска ўзвышша паміж ракой Бярэзінай і халодным каналам, з якога бярэ ваду Светлагорская ЦЭЦ. Вядомы з 1560 г.

Упершыню пісьмова згадваецца ў прывілеі Вялікага князя літоўскага і караля Польскага Жыгімонта II Аўгуста ад 15 ліпеня 1560 года. У дакуменце сказана, што маёнтак Шацілінскі Востраў, “размешчаны на гары, на тракце Горвальскім, на рацэ Бярэзіне”. Пасля смерці папярэдняга ўладальніка, Рамана Шацілы, маёнтак быў перададзены зямяніну Ждану Манкевічу з абавязкам выканання вайсковай службы. Арыгінал прывілея не захаваўся. У 1798 годзе з яго была зроблена копія на польскай мове, якая зараз захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь у актавай кнізе Мінскага земскага павятовага суда.

Першы аркуш копіі прывілея Жыгімонта II Аўгуста ад 15 ліпеня 1560 г. НГАРБ. Фонд. 686. Воп.1. Спр.9. Арк. 86.
Першы аркуш копіі прывілея Жыгімонта II Аўгуста ад 15 ліпеня 1560 г. НГАРБ. Фонд. 686. Воп.1. Спр.9. Арк. 86.
Жыгімонт II Аўгуст
Жыгімонт II Аўгуст

Крыніцы:

1. Копія прывілея Вялікага князя літоўскага і караля Польскага Жыгімонта II Аўгуста ад 15 ліпеня 1560 года // НГАБ. Ф. 686. Воп. 1. Спр. 9. Арк. 86-88 адв.

2. Рассадзін С. Аб пісьмовых крыніцах пра гістарычныя пачаткі сучаснага Светлагорска // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы ІІ гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. — Светлагорск, 2011, с. 23—37

3. Маслюкоў Т. Узнікненне Шацілак. Шацілы і Манкевічы – старажытныя шляхецкія роды Беларусі / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн.1. Мн. 2000. С. 47-49.

4. Маслюкоў Т. Колькі гадоў Светлагорску? Новыя даныя аб часе ўзнікнення Шацілак // Светлагорскія навіны. 1990. 19 мая. С. 2.

5. Рогалеў А. Колькі гадоў Светлагорску? / Сцежкі ў даўніну. Мн. 1992. С. 126-130.

Адшукаў крыніцы Віктар РАМАНЦОЎ.

Заканадаўства, якое дазваляе вярнуць старадаўнія назвы (тапонімы), якія існавалі на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна:

Артыкул 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці”.

Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны...

Артыкул 16, пункт 4, частка 2 Закон РБ “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў” ад 16.11.2010 года

4. Переименование географических объектов допускается:

при необходимости возвращения отдельным географическим объектам их исторических наименований.