Самалёт са зняволенымі ўкраінцамі (і адным крымскім татарынам) прызямліўся ў аэрапорце Барыспаль у суботу 7 верасня пад апладысменты. Упаўнаважаная па правах чалавека Людміла Дзянісава спрабавала неяк згрупаваць сваякоў, якія прыехалі на трох аўтобусах. Родныя ўкраінскіх маракоў расцягнулі ваенна-марскі сцяг, густа распісаны пажаданнямі.
Самалёт яшчэ паркаваўся, калі на поле выходзіў Уладзімір Зяленскі. У кагосьці на руках заплакала дзіця, але гэты плач быў ледзь чуваць з-за гукаў затвораў фотаапаратаў. Па трапе самалёта сталі сыходзіць украінскія маракі, затрыманыя ў лістападзе мінулага года каля берагоў Крыма. Ціснулі руку прэзідэнту, штосьці казалі коратка і адыходзілі да сваякоў, якія паслухмяна сталі за некалькі метраў.
Раптам з натоўпу з крыкам "Тата!" кінуўся хлопчык. Мужчына пабег яму насустрач, прысеў, абняў, і плаціну прарвала: сваякі зняволеных з плачам кінуліся да самалёта.
Плакалі, не саромеючыся, мужчыны вакол Зяленскага. Супрацоўнікі СБУ спрабавалі нейкі час стрымаць натоўп, але потым адышлі.