Найти тему
novychas.by

Ці можна нарадзіць "па плане"?

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Новую кампанію для цяжарных распачаў сацыяльны праект «Радзіны». Будучым маці рэкамендуюць адпраўляцца ў радзільню з «планам родаў» — гэта пажаданні жанчыны, загадзя складзеныя і перададзеныя медперсаналу. «Тваё права на пазітыўны вопыт у родах!» — такую назву атрымала ініцыятыва.

Усё пачалося з Гродна

Ідэя «плана родаў» з’явілася ў Гродне чатыры гады таму. «Там працавала доўла (памочніца цяжарных. — Рэд.), урач-кансультант Ганна Кузняцова, якая цяпер жыве ў Польшчы, — распавяла Святлана Аўчыннікава, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю. — Цяжарныя жанчыны, якім дапамагала Ганна, звярталіся да яе з пытаннем: як зрабіць так, каб улічваліся іх пажаданні пры родах? І яна з імі на падставе кніг таго ж Мішэля Адэна і іншых аўтараў, кансультуючыся з акушэркамі ў радзільні, распрацоўвала той “план”. Таму што ў замежных кнігах пра радзіны, пра план пажаданняў для цяжарных распісана ўжо дваццаць гадоў таму. Потым Вераніка Заўялава, стваральніца праекта “Радзіны”, паразмаўляла з Ганнай пра яе досвед ды разам з беларускай адвакаткай Вольгай Залескай перапрацавала дакументы так, каб яны адпавядалі заканадаўству».

«План родаў» атрымаў назву «Заява аб уліку правоў і інтарэсаў у правядзенні родаў». Узор можна спампаваць на planrodov.radziny.by і перарабіць пад сябе. Выбраць тыя пункты, якія падыходзяць для асабістага выпадку, а таксама дадаць свае. «Вы можаце нават не браць гэты дакумент, напішыце ў адвольнай форме свае пажаданні, — кажа Святлана Аўчыннікава. — Проста з гэтым дакументам прасцей, таму што ён ужо складзены з улікам папярэдняга вопыту радзінаў».

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

«План родаў» і рэкамендацыі да яго ўвесь час дапаўняюцца. Перадапошняя версія на сайце «Радзіны» была створана ў 2017 годзе. Апошняя з’явілася нядаўна. «Ужо на падставе досведу кансультацый жанчын пра “план родаў”, напісанні зваротаў у медсістэму, адваротнай сувязі ад жанчын, якія ў Мінску і іншых гарадах пачалі нараджаць з “планам родаў”. З улікам такой практыкі, а таксама новага медпратаколу аб вядзенні родаў і новых міжнародных стандартаў аб дапамозе ў родах, мы ўнеслі яшчэ дапрацоўкі ў гэты дакумент», — кажа Святлана Аўчыннікава.

Ініцыятыва дапамагае пашырыць інфармацыю на большую колькасць жанчынаў, якія не ведаюць пра існаванне гэтага дакумента. На рэсурсе planrodov.radziny.by можна спампаваць і іншыя дакументы. Паглядзець гісторыі жанчынаў, экспертаў, гінеколагаў, доўлаў, юрыстаў, якія распавядаюць пра свой досвед «плана родаў» — удзелу жанчыны ў арганізацыі сваіх родаў і ўліку яе пажаданняў і згоды.

Узгоднена з заканадаўствам

Пункты «плана родаў» закранаюць разнастайныя аспекты. Пажаданні нараджаць з партнёрам, не ўскрываць каляплодны пузыр для стымуляцыі родаў ці правесці роды без медыцынскага ўмяшання для іх паскарэння — аксітацыну (калі стан цяжарнай і плода не выклікаюць асцярогаў). Нараджаць у зручнай (свабоднай) позе, не пераразаць пупавіну да заканчэння пульсацыі. «Такія пажаданні часта адпавядаюць як поглядам жанчын, так і прагрэсіўных дактароў і навукоўцаў, ёсць у стандартах пра сучасны спосаб вядзення родаў», — падкрэслівае Святлана Аўчыннікава. Таксама пасля пераціскання пупавіны жанчыны просяць пакінуць дзіцё для прыкормлівання і прамога цялеснага кантакту.

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

«Звычайныя пажаданні. І атрымліваецца, што доктар і акушэрка бачаць, што і жанчына разбіраецца ў тым, што яна робіць. Што яна не проста аб’ект, а яна — суб’ект. Дактары чытаюць “план” — і разумеюць, што жанчыне важна рабіць падчас радзінаў», — кажа Святлана Аўчыннікава.

Аднак, падкрэслівае яна, гэта не азначае, што парадзіха дыктуе дактарам, як ім працаваць. Напрыклад, у экстранных сітуацыях, калі трэба тэрмінова зрабіць кесарава сячэнне ці прымяніць іншыя метады меддапамогі. «У “плане родаў” мы рэкамендуем агаварыць, што калі ёсць ускладненні, жанчына гатова пачуць доктара. І трэба, каб ёй паведамілі, што адбываецца. Што і для чаго патрэбна рабіць пры незапланаваным умяшанні, і якія наступствы гэтага. Згодна з законам, прымае рашэнне пацыентка — жанчына, каторая нараджае».

«План родаў» выкарыстоўвае закон «Аб ахове здароўя». Напрыклад, раздзел 9, які інфармуе пра права пацыенткі на ўдзел у выбары метадаў аказання медыцынскай дапамогі. Раздзел 10, які абавязвае медыкаў паважліва і гуманна ставіцца да пацыентаў, выконваць іх правы. Артыкул 41 пералічвае правы пацыентаў; артыкул 44 прадугледжвае згоду пацыента на аказанне медыцынскай дапамогі, артыкул 45 — адмову пацыента ад аказання медыцынскай дапамогі, у тым ліку медыцынскага ўмяшання. Таксама «план родаў» улічыў клінічны пратакол «Медыцынскае назіранне і аказанне медыцынскай дапамогі жанчынам у акушэрстве і гінекалогіі» (зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя). І рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

«У “плане родаў” жанчына папросту выказвае пажаданні, якія могуць быць выкананыя ў любым раддоме. І яны поўнасцю ўзгодненыя і з заканадаўствам, і з медпратаколам. Прыносьце “план” у радзільні — і яго павінны выканаць», — падкрэсліла Святлана Аўчыннікава.

Адмовы: што рабіць?

На практыцы жанчыны сутыкаюцца з адмовамі.

«Напрыклад, Баранавіцкі раддом, — прыводзіць Святлана Аўчыннікава. — Паўгода таму там нараджала Вольга Лініч. Гэта было яе трэцяе дзіця. І яна папросту хацела, як яна сказала, “нарадзіць па-людску”. І таму ў трэціх родах яна выкарыстала “план родаў”. Вольга паслала адпаведную заяву ў Баранавіцкую радзільню (яна там была першая з “планам родаў”). Ёй сказалі, што ўлічваюць у родах толькі медпратакол, а не правы пацыенткі. Яна звязалася з праектам “Радзіны”, і мы дапамаглі напісаць зварот у камітэт аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама».

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

І кіраўнік упраўлення Віктар Міхалоўскі «даў дабро». У адказе ён напісаў, што ўказаныя ў «плане родаў» пункты, калі роды будуць праходзіць без эксцэсаў, выканальныя. Баранавіцкі раддом прыняў заяву Вольгі, і яна нарадзіла «па плану».

Святлана Аўчыннікава адзначыла:

«“План родаў” упіраецца ў суб’ектыўнае стаўленне адміністрацыі радзільні. Калі жанчыны ідуць у радзільню з “планам”, то часцей за ўсё ім кажуць: “Не, не рэгіструйце, мы вусна ўсё потым улічым”. Канечне, гэта ўсё не ўлічваецца.

Таму мы цяпер ставім акцэнт жанчынам менавіта на тое, што гэта ваша права — зарэгістраваць заяву. І калі ты яе зафіксаваў — гэта ўжо юрыдычна афіцыйны дакумент. Значыць, абавязкова павінна быць рэакцыя.

Калі жанчына прыходзіць з “планам родаў”, і там стаіць нумар рэгістрацыі, альбо з афіцыйным станоўчым адказам з радзільні ці з камітэта па ахове здароўя, то дактары пачынаюць дзейнічаць згодна з вашымі пажаданнямі. Таму што ў нас звыкла тое, што калі гэта афіцыйна пацверджаны дакумент і зверху прыйшла пастанова, што варта так зрабіць — яны будуць рабіць не зважаючы на свае псіхалагічныя ўстаноўкі. Вось і ўсё.

Але нават калі жанчына проста прыехала з заявай аб сваіх пажаданнях у родах, медработнікі абавязаны прыняць яе і ўлічваць напісанае там. Таму што менавіта медбрыгада ў родах афармляе ўсе згоды/адмовы пацыенткі. Спадзяемся, што з часам і жанчыны навучацца карыстацца сваімі правамі, і дактары выконваць свае абавязкі поўнасцю».

Аптымальна і пазітыўна

«“План родаў” карысны для двух бакоў, — даводзіць Святлана Аўчыннікава. — І жанчына адчувае сябе як асоба, як маці, як адказны чалавек. І доктар ведае, што важна жанчыне зрабіць. Сітуацыя спрашчаецца. Мы ў сваёй ініцыятыве аптымізуем працэс узаемадзеяння медперсаналу з парадзіхай.

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ты выказваеш свае пажаданні. І доктар тады можа індывідуальна да цябе падыйсці. “План родаў” паказвае, што ты разумееш сваю фізіялогію і дапамагаеш доктару. Канечне, роды могуць быць непрадказальныя, па рознаму пайсці. Аднак “план” дапаможа ісці не наўздагад і не на шанец, а быць больш упэўненай у тым, каб атрымаць пазітыўны досвед радзінаў.

З другога боку, калі ты, доктар, бачыш “план родаў”, ты прачытаў, што гэтай цяжарнай трэба, ты ўжо з ёй так і камунікуеш, як ёй патрэбна. А так да цябе паступіла невядомая жанчына, ты з ёй камунікуеш як? Па шаблону. План родаў палягае ў тым, каб парадзіха і медперсанал сталі камандай падчас таго, як жанчына знаходзіцца ў радзільні. І адсотак пазітыўнага досведу павялічыцца ад такога простага інструмента, як “план родаў”».

Замежны вопыт

«Калі браць рэаліі іншых краін, то там гэта ўжо пастаўлена на паток, — зазначыла Святлана Аўчыннікава. — Гэта звычайная справа, што да цябе паступае жанчына і дае табе “план родаў”. У той жа Вялікабрытаніі пажаданні ў родах проста запісваюцца на дошцы. Калі жанчына трапляе ў перадродавае аддзяленне, акушэрка прыходзіць і запісвае яе пажаданні. Фактычна, для нас гэта тое ж самае. Але, улічваючы нашы рэаліі, у нас вельмі важны юрыдычны дакумент. Таму на падставе нашых законаў незалежнымі эксперткамі і была складзена гэта заява — “Аб уліку правоў і інтарэсаў у правядзенні родаў”. У нас рэаліі такія, што павінна быць афіцыйная заява. Таму яна і з’явілася. І любая арганізацыя павінна прымаць гэтыя заявы. А так гэта звычайныя пажаданні».

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

На інтэрнэт-рэсурсе planrodov.radziny.by ёсць гісторыі беларускіх доўлаў і акушэрак, якія працуюць у розных краінах. На Кіпры, у ЗША, у Вялікабрытаніі, у Польшчы. Яны распавядаюць пра тое, як там плануюць роды. «І канечне, мы гэта ўсё ўлічваем, — падкрэсліла Святлана Аўчыннікава. — І яшчэ раз нагадаю, што першыя “планы родаў” былі створаны па кнігах замежных кансультантаў. Папросту мы павінны адаптаваць іх пад нашы ўмовы. Таму ў нас “планы родаў” — гэта не проста пералік пунктаў таго, што ты хочаш, а заява, якая ўключае пэўную тэрміналогію, каб медыкі яе разумелі, і ўключае вытрымкі з закона».

Доўлы

Запыт на доўлаў узнік і ў Беларусі. Пра гэта сведчыць і з’яўленне сайта doula.by.

«Веды пра іх толькі фарміруюцца, — кажа Святлана Аўчыннікава. — Па-другое, у нас партнёрскія роды актыўна развіваюцца толькі апошніх два гады. І толькі ў 2018 годзе ў пастанове Міністэрства аховы здароўя (аб зацвярджэнні санітарных нормаў) прапісалі, што тваім партнёрам можа быць і не сваяк. І, фактычна, толькі з бягучага года ўсё часцей доўлы пачынаюць з’яўляцца ў радзільнях як партнёры. Тут пытанне з тым, наколькі іх пускаюць у радзільні. Пакуль што доўлаў не хочуць бачыць у радзільнях. Таму што не сфарміравана да канца разуменне, хто такая доўла. Тое ж самае, як з “планам родаў”».

Спіс доўлаў у Беларусі размясцілі і ў Instagram «Радзінаў». Сярод найбольш вядомых, напрыклад, Марыя Іванова, якая мае багаты досвед дапамогі парадзіхам.

«Доўла — гэта чалавек, які ведае шмат пра радзіны, — адзначыла Святлана Аўчыннікава. — Яна немедыкаментознымі метадамі дапамагае цяжарным жанчынам. Можа зрабіць ім масаж, навучыць дыхальнай тэхніцы. Дапамагчы жанчыне падчас радзінаў. То-бок, гэта ў асноўным псіхалагічная і фізічная падтрымка. Гэта як той жа муж, толькі проста яна з большым досведам.

Партнёрам можа выступаць сястра, муж, маці, доўла, сяброўка. Мы цяпер раім, калі жанчына хоча нараджаць з доўлай, каб яна казала, што прыйдзе з сяброўкай на партнёрскія роды. Тады прасцей пускаюць. Мы за выбар і дыялог. Аднак проста калі ўжо адміністрацыя кажа “ніякіх доўлаў”, то якая нам розніца? Ну напішу я проста — Марыя Іванова. Наогул, у заяве аб партнёрскіх родах я не павінна ўказваць, кім мне даводзіцца партнёр.

Паступова, я думаю, будзе павялічвацца запыт сярод жанчын — і прыйдзе разуменне, што доўла дапамагае і жанчыне, і медперсаналу спрашчае працу. Тое ж самае, што з “планам родаў”. Таму я мяркую, усё роўна паступова доўлы стануць звычайнай справай у партнёрскіх родах, як на Захадзе».

«Жанчына — галоўны герой у сваіх родах»

Што яшчэ можна пераняць з вопыту іншых краінаў, змяніць у нас на практыцы?

«Слухаць парадзіху, — лічыць Святлана Аўчыннікава. — І адчуваць, што яна галоўны герой у сваіх родах. І яна таксама адказвае за свае роды.

Пытаць у яе “план родаў”. Ты за тры хвіліны яго чытаеш — і шмат чаго разумееш пра цяжарную. І з іншага боку, памятаць пра права парадзіхі на інфармаваную згоду. Медыкі павінны выпрацаваць на ўсіх узроўнях (гэта не толькі датычыцца радзільні) дыялог з пацыентам. Распавядаць, што яны робяць, для чаго і якія наступствы гэтага. Пасля таго, як чалавек кажа: “окей, я згодны”, вы яму прапісваеце працэдуры. Ці ён кажа, што не згодны. То-бок, інфармаваць людзей, ставіцца да іх як да суб’ектаў.

Тое, што не выкарыстоўваюць права на інфармаваную згоду, тут і мы вінаватыя. Заўжды любыя працэсы ідуць з двух бакоў. Часта людзі лічаць: доктар для іх — панацэя. А гэта чалавек, і важна да яго таксама ставіцца як да чалавека. Важна разумець, што за сваё здароўе ты сам нясеш адказнасць. І калі б мы памяталі пра сваё права канчатковай адказнасці, то доктар таксама б памятаў пра гэта і распавядаў бы нам, што і для чаго ён робіць. Таму галоўнае — паважаць адзін аднаго ва ўзаемаадносінах. І ставіцца адзін да аднаго на роўных».

Змены

Акрамя рэсурсу planrodov.radziny.by, ініцыятары стварылі старонку ў Instagram, праводзяць мерапрыемствы і бясплатныя кансультацыі.

«Як толькі стварылася такая платформа, вакол яе аказалася столькі жанчынаў! І ты адразу адчуваеш, як гэта важна, — падсумоўвае Святлана Аўчыннікава. — Тры месяцы актыўнай працы — і мы бачым, наколькі наш досвед запатрабаваны. Як нас падтрымліваюць, як карыстаюцца інфармацыяй. Як павялічваецца колькасць тых, хто пампуе “план родаў”. Да нас пішуць з розных гарадоў — курсы па цяжарнасці, школы мацярынства. Запрашаюць да сябе альбо прапануюць свой удзел. Таму што гэта вельмі актуальна і надзённа».

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com
Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ініцыятаркі праекта пазітыўных родаў збіраюцца надалей распаўсюджваць веды пра права інфармаванай згоды. А таксама пра «план родаў» і іх аспекты. У прыватнасці, права парадзіхі на свабодную позу. І звяртаюць увагу на пазітыўныя змены, якія ўжо адбыліся ў 2018 годзе. Цяпер партнёрам можа быць любы чалавек, і могуць прымацца вертыкальныя роды (вольныя позы). Адметна і тое, што радзільні пачалі праводзіць дзень адкрытых дзвярэй.

— То-бок, паступова радзільні адкрываюцца пацыентам, — адзначыла Святлана Аўчыннікава. — Альбо зрухі ў практыцы радзінаў. Раней пупавіну адразалі адразу, цяпер ужо ў медпратаколах напісана — чакаць не менш за хвіліну. Раней, калі вы памятаеце, каб дзіцё прыкладалі да грудзі? Цяпер у медпратаколах напісана — дзіцё прыкладаем да грудзі. Другія роды пасля першага кесарава пачалі дактары падтрымліваць, хаця раней забаранялі. То-бок, усё мяняецца. І праз актыўнасць менавіта грамадства, праз зваротную сувязь.

Таму што ў жанчын ёсць попыт. Чым больш жанчын будзе выкарыстоўваць “план родаў”, тым больш медыцынскі персанал будзе мяняць свой падыход канвеера. Будуць ставіцца больш індывідуальна. Для іх гэта ўжо будзе таксама звычайнай практыкай, як у той жа Вялікабрытаніі. Жанчына выказвае свае пажаданні — добра, мы іх улічым. Доктар будзе рабіць сваю справу, як і да гэтага рабіў. Папросту пры гэтым ён будзе інфармаваць парадзіху аб сваіх дзеяннях і ўлічваць яе пажаданні. Паступова гэта ўвойдзе ў звычайны ход радзінаў.

То-бок, чым большы попыт — тым хутчэйшы адказ. Таму, я ўпэўненая, што праз пару гадоў гэта стане нармальнай з’явай».

Праз пэўны час усё прыйдзе да таго, што сустракаць парадзіх у радзільні будуць з пытання: «А дзе ваш “план родаў”?»

Аўтар Ксенія Ліцвіноўская. Артыкул апублікаваны на https://novychas.by/hramadstva/naradzac-z-planam-rajac-zanczynam-ekspert