З глыбокай старажытнасці людзі выкарыстоўвалі разнастайныя віды варажбы, спрабуючы такім чынам даведацца аб будучыні, спасцігнуць таямніцы прыроды, дакрануцца да неспазнанага. Займаліся варажбой, як гаспадарчай, так і матрыманіяльнай, у строга акрэслены прамежак часу (напрыклад, на Каляды, Купалле, Тройцу, з поўначы да світання), у дакладна вызначаным месцы (хата, лазня, хлеў, лес і да т.п.), з вытрымліваннем рытуалу, у якім можна вылучыць тры этапы: папярэднія падрыхтоўчыя дзеянні, атрыманне сакральнай інфармацыі і яе расшыфроўка. У нашым артыкуле засяродзім увагу на семантыцы дзеянняў у варажбе, выкарыстаўшы ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу тэксты, зафіксаваныя на тэрыторыі Гомельскай вобласці.
Абдыманне (“абхватванне”, “ахопліванне”). Падлічванне
Падчас варажбы дзяўчаты абдымалі калоды, агароджу (“калкі ў плоце”, частакол, “штакеціну”, прасла), абхоплівалі дровы. Гэтыя дзеянні (як, дарэчы, і некаторыя іншыя) вельмі часта суправаджалася працэсам падлічвання і мелі на мэце атрымаць інфармацыю аб асабістым лёсе (“Раніцай дзяўчыны прыносілі дровы і лічылі: колькі іх? Ахоплівалі рукамі агароджу ў двары і таксама лічылі: калі пры падліку атрымліваўся парны лік, гэта прадказвала, што і дзяўчына на працягу года будзе ў пары” (в. Залессе Петрыкаўскага р-на);“Дзеўкі сабіраліся, абнімалі прасла. З закрытымі вачамі падыходзілі, а патом счыталі. У пары – пойдзеш замуж, не – дык не пойдзеш” (в. Залаты Рог Веткаўскага р-на)), імені будучага мужа (“Калі цёмна, ішлі на вуліцу і абнімалі забор. А ятттчэ потым лічылі дошкі: колькі дошак – столькі букв будзе ў імені будучага мужа” (г. Мазыр)) і яго сацыяльным статусе (“Абдымалі забор і шчыталі: “Кол-калец, хлопец-удавец”. Што выпадае, тое і будзе” (г. Мазыр)), колькасці чалавек у сям ’і мужа (“Становяцца так, каб у зеркале можна было ўбачыць месяц і ўважліва глядзець на яго. Праз некаторы час у зеркале будзе некалькі месяцаў. І колькі іх будзе, столькі будзе чалавек у доме мужа”(в. Ударнік Рагачоўскага р-на)). Падобныя дзеянні – абдыманні, “абхватванні”, “ахопліванні” – можна лічыць спецыфічнымі аналагамі кола, якое надзялялася не столькі апатрапеічнымі ўласцівасцямі, колькі, як сведчаць папярэднія прыклады, увасабляла сабой адзінства, сімвалізавала замужжа, асабліва ў сукупнасці з семантыкай цотнасці / няцотнасці (“парнасці” / “няпарнасці”).
Выцягванне
Невялікая група варожбаў заснавана на прыёмах выцягвання (з-пад падушкі, абруса, са снапа і да т.п.) розных прадметаў: каласкоў, паперак, з напісанымі на іх імёнамі, сцяблін, “сянін” і інш. Гэтыя дзеянні, па народных уяўленнях, дапамагалі даведацца і аб магчымым замужжы (“Вытасківаюць каласок і глядзяць: калі ў ім парнае чысло зярнят, то дзеўка скора замуж пойдзе, а еслі няпарнае – ешчо ў дзеўках пасядзіць” (в. Стара-Краснае Рэчыцкага р-на)), і аб імені суджанага (“Перад тым, як класціся спаць, дзяўчына брала лісты бумагі і на кожным пісала імя хлопца. Лістоў і імён павінна быць столькі, колькі гадоў дзяўчыне. Гэтыя лісты дзяўчына клала пад падушку. Раніцай дзяўчына даставала адзін лісток: якое імя будзе на гэтым лісце, такое імя будзе і ў яе будучага мужа” (в. Кірава Нараўлянскага р-на)), і аб працягласці жыцця (“Хто даўжэйшую сцябліну выцягне сена, той і будзе жыць даўжэй” (г. Рэчыца)), і аб ураджаі(“Калі выцягвалі поўны колас з зернем, то быць добраму ўраджаю, калі з пустым зернем, то трэба будзе цяжка папрацаваць, каб быў ураджай” (г. Рэчыца); “Варожаць на ўраджай прыкладна так: каб узнаць, які ўраджай лёну будзе ў наступным годзе, гаспадар хаты павінен стаць спіной к сталу і цягнуць сянінку з-пад абруса толькі тры разы. Потым гэтыя тры сянінкі выраўніваюць у адну, і па гэтаму можна паняць, які ўраджай будзе” (г. Мазыр)). Зразумела, што такія магічныя выцягванні ў сукупнасці з прадметамі выцягвання – своеасаблівымі жэрабямі – дазвалялі нашым продкам меркаваць аб будучым і быць ужо падрыхтаванымі да прадказаных падзей, якімі б ні былі тыя – спрыяльнымі ці неспрыяльнымі.
Дакрананне (“мацанне”)
У працэсе варажбы дзяўчаты выкарыстоўвалі магічны прыём “мацання” (дакраналіся да жывёлы, “дравіны”, палена, сцяны і да т.п.) з мэтай ведаць усё пра будучага мужа:
- знешнасць і узрост (“Хадзілі ў сарай карову мацаць. Хто намацае за пысу – красівы будзе, а за зад – грыбаты” (в. Гацкае Чачэрскага р-на); З заплюшчанымі вачыма ішлі на двор, бралі палена і прыносілі яго ў хату. Калі яно траплялася гладкае, з тонкаю карой – значыць і муж будзе прыгожы да малады, крывое – стары (в. Залессе Петрыкаўскага р-на));
- характар (“Вечарам ідзем у сарай, бярэм якую-небудзь дравіну. Патом глядзім: якая яна ? Калі гладкая, значыць, муж будзя гладкі; калі многа сучкоў, значыць, у мужыка будзя цяжолы харакцер, сучкаваты (в. Перавессе Веткаўскага р- на); “Карову хадзілі ў хляву цапалі, калі хвост – мужык хвастлівы будзе” (в. Неглюбка Веткаўскага р-на));
- дастатак (“Хадзілі ў сарай у 12 часов ночы, мацалі карову. Ежалі папалі за рогі, то дзеўка пойдзе замуж за багача, ежалі папалі за сярэдзіну, то за сярэдняга, ежалі папалі за хвост – за пастуха” (в. Стаўбун Веткаўскага р-на); “Руку ў вакенца ў баню прасоўвалі і мацалі. Калі голая сцяна – мужык бедны будзе, калі мох – багаты” (в. Вялікія Нямкі Веткаўскага р-на).
Папярэднія прыклады сведчаць, што ў аснове такіх дзеянняў ляжаць элементы магіі падабенства: “гладкае, з тонкаю карой – значыць і муж будзе прыгожы да малады, крывое – стары”, “гладкая – значыць муж будзя гладкі”, “многа сучкоў – значыць у мужыка будзя цяжолы харакцер, сучкаваты”; “голая сцяна – мужык бедны будзе”, “мох – багаты” і г. д. Відавочна, што візуальныя вобразы, створаныя па аналогіі, напоўнены разнастайным зместам і часцей за ўсё па некаторых сваіх уласцівасцях і характарыстыках набліжаны да звычайных пачуццёвых уражанняў, а, як трапна заўважыў Е. Меляцінскі, “тое, што ў навуковым аналізе выступае як падабенства, „.у міфалогіі выглядае як тоеснасць” [3, с. 168].