Абгорткі ад цукерак ці ўпакоўкі ад шакаладак, вафляў, рулецікаў, марожанага ніколі не выкідваю. З адной абгорткі ад карамелькі атрымліваюцца тры вугалкі для будучай кветкі, пальмачкі альбо рыбкі.
Тры гады пенсіянерка з вёскі Мароські Ніна Маркелава захапляецца арыгамі – стварэннем з паперы, якая складваецца пэўным спосабам, розных аб’ёмных фігур. Расказвае, што навучыла яе гэтаму віду рукадзелля сяброўка Марыя Шытко з вёскі Літва, з якой разам ляжалі ў бальніцы.
— Калі я ўбачыла, якая прыгажосць са звычайнай паперы можа атрымацца, загарэлася, каб навучыцца. А характар у мяне ўпарты: калі што спадабалася – абавязкова трэба самой зрабіць, — прызнаецца майстрыха. – Спачатку Марыі дапамагала, круціла вугалкі з рознай паперы. А потым сама пачала рабіць рамонкі, матылькоў. Дзякуй сяброўцы, якая выпісала для мяне па пошце кнігу «Арыгамі», яна стала маім дапаможнікам.
Пачынала Ніна Іванаўна з простых кветачак, рыбак. Але марыла, што некалі па яе стале «паплывуць» лебедзі. Паспрабавала — і атрымалася! Тры дні патрабуюцца на стварэнне дзівосных птушак. Праца гэта тонкая, карпатлівая, патрабуе вялікай уседлівасці і цярпення.
— Іншы раз муж кажа: «Адпачні лепш, паляжы!», а мне карціць работу закончыць. Якраз за арыгамі і адпачываю, разгружаюся, — расказвае жанчына.
Гэты занятак уратаваў яе ад дэпрэсіі, калі паўтара года таму зламала нагу і вымушана была ляжаць без руху тры доўгія месяцы. Хадзіць не магла, а без справы сядзець не прывыкла. У яе жыцці было шмат працы. У маладосці, каб вырвацца з вёскі і атрымаць пашпарт, паехала на цаліну, уладкавалася на ферму. Там выйшла замуж. Што цікава, вобраз будучага мужа ўбачыла ў час варажэння з дзяўчатамі ў роднай вёсцы на Смаргоншчыне.
— Трэба было стаць над парогам, узяць у рукі міску з вадой, у якую ўлівалі расплаўленае ў печы волава. У маёй місцы яно застыла ў форме вясельнага вянку. Паклала яго пад падушку, а ноччу мне мужчына прысніўся. Не паверыце, калі мы распісваліся, у мужа нават адзенне было такое, як у тым сне.
У маладосці Ніна вышывала, карункі кручком вязала. Сын і дачка нарадзіліся, сама шыць навучылася, адзенне сабе, дзецям майстравала.
Дванаццаць гадоў беларуска пражыла ў Расіі. Але сямейнае жыццё не склалася, з дзецьмі прыехала ў Беларусь, удалося купіць домік у Мароськах. Працавала даяркай на ферме, раздатчыцай у інфекцыйнай бальніцы, рабочай на цагляным заводзе, вартаўніком у Чысці, дзе жыў яе другі муж. З Канстанцінам Уладзіміравічам яны 27 гадоў разам. Дзякуючы яму Ніна Іванаўна і рашылася паказаць свае вырабы на выстаўцы на свяце вёскі Мароські. Муж пачуў, што запрашаюць на яго ўмельцаў, угаварыў паўдзельнічаць.
— Я спачатку аднеквалася, сумнявалася, ці варта выстаўляцца. Але муж пераканаў. Было вельмі прыемна, калі людзі падыходзілі, фатаграфавалі, распытваліся, як і з чаго я ўсё гэта раблю. Адны нават лебедзя купіць хацелі, але па цане не сышліся. Гэта вялікая праца, і зусім за капейкі прадаваць рука не падымаецца. Хаця многа сувеніраў я падарыла блізкім, сябрам. Няхай глядзяць і мяне ўспамінаюць!
Расказвае Ніна Іванаўна і пра тое, што калі працавала вартаўніком, заступала на дзяжурства на суткі. Каб сябе заняць, малявала алоўкам розных жывёл, прыроду. Тры сшыткі з графічнымі малюнкамі захаваліся з таго часу. А яшчэ яна вельмі любіць кветкі. Калі была маладзейшай, адных толькі фіялак вырошчвала паўсотні. І ля дома шмат розных раслін садзіла. Цяпер іх менш, але па магчымасці стараецца ўпрыгожыць імі сваю сядзібу. А восенню, зімой «вырошчвае» кветкі з паперы. Гаворыць, што з гэтым заняткам весялей жыць і час бяжыць хутчэй. З мінулай зімы тры вялікія скрынкі з нарыхтоўкамі стаяць: будзе чым заняцца доўгімі вечарамі.
Захапленне Ніны Маркелавай — выдатны прыклад для тых, хто скардзіцца на сум і адзіноту: паспрабуйце асвоіць арыгамі. Раптам і ў вас атрымаецца ператвараць звычайную паперу ў цікавыя рэчы для ўпрыгажэння інтэр’ера.