У раёне ў перыяд з 1921 па 1961 год былі пераназваныя 13 населеных пунктаў.
Да 1921 года вёска Міхайлаўка, размешчаная на тэрыторыі Мікалаеўскай сельскай Рады, насіла назоў Полашаў [1, с. 112].
У 1925 годзе былі пераназваныя сем вёсак, якія цяпер знаходзяцца ў Светлагорскім раёне. На тэрыторыі Мікалаеўскай сельскай Рады яе цэнтр вёска Мікалаеўка раней насіла назоў Кадаш [1, с. 111]. Вёска Гамза раней звалася Сямак [1, 49], населены пункт Пятровічы меў назоў Сіняўка [1, с. 142], вёска Раковічы звалася Задвор’е [1, с. 144]. На тэрыторыі Мікалаеўскай сельскай Рады вёска Мартынаўка раней значылася як Гумнішча [1, с. 109], населены пункт Прытыка меў назву Замлынне [1, с. 140—141]. На тэрыторыі Парыцкай пасялковай Рады вёска Ельнічкі да 1 красавіка 1925 года насіла назоў Маргі [1, с. 64].
Да 1 студзеня 1926 года вёска Прасвет, размешчаная на тэрыторыі Давыдаўскай сельскай Рады, насіла назоў Яўтушкавічы [1, с. 138].
Да 20 красавіка 1939 года вёска Палессе Давыдаўскай сельскай Рады звалася Кабыльшчына [1, с. 129], а вёска Чкалава, размешчаная на тэрыторыі Баравікоўскай сельскай Рады, мела назоў Какуевічы [1, с. 152].
29 ліпеня 1961 года гарадскі пасёлак Шацілкі быў пераназваны ў Светлагорск [1, с. 152, 185]. Што цікава: чыгуначная станцыя да 1 снежня 1966 года працягвала насіць назоў Шацілкі і ўваходзіла ў склад Чыркавіцкай сельскай Рады [1, с. 185]. Да 4 снежня 1964 года вёска Светач звалася Какаль, а 10 ліпеня 1975 года гэты населены пункт быў уключаны ў межы города.
Невядома, калі вёску Паганцы (так называлі тых, хто не прыняў хрысціянства) пераназвалі ў Пагонцы Парыцкай пасялковай Рады. Жыхары гэтай вёскі дагэтуль не прынялі новага наймення. Вёска Паганцы сустракаецца ў "Вопісе ўладанняў адмірала Пятра Пушчына" (1800 год) [2].
Таксама па-рознаму ў сучасных пісьмовых крыніцах называюць вёску Каралеўская Слабада [3], варыянт – Каралёва Слабада [4]. Згодна рашэнню Светлагорскай раённай Рады дэпутатаў ад 9 чэрвеня 2009 года №166 “Аб пераназванні населеных пунктаў Светлагорскага раёна”, гэта вёска носіць назоў Каралёва Слабада-1, Каралёва Слабада-2. А вось вёска Пажыхар гэтым жа рашэннем была пераназвана ў Пажыхар(ь) – з мяккім знакам напрыканцы [5]. Але гэта супярэчыць беларускаму правапісу, у якім літара “р” – зацвярдзелая.
Крыніцы:
1. Рапановiч Я.Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Мн. 1986. 240 с.
2. Маслюкоў Т. Якое яно, мінулае? // Светлагорскія навіны. 1991. 26 сакавіка. С. 3.
3. Дулеба Г. І., Курыловіч Г. М. З гісторыі населеных пунктаў / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн. 2. С. 707–708.
4. Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць. Мн. 2005. Т. 2. Кн. 2. С. 394.
5. Березина А. Что в имени твоем…// Ранак-плюс. 2009. №. 28. С. 3.
Аўтар: Віктар Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. С. 72-73.