У жніўні 1991 года ў сталіцы СССР горадзе Маскве адбылася спроба дзяржаўнага перавароту з мэтай адхілення ад улады прэзідэнта Міхаіла Гарбачова. Путчысты з ліку высокапасадных чыноўнікаў утварылі Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы, прынялі некалькі пастаноў і шэраг зваротаў да савецкага народа. У сталіцу СССР і некаторыя іншыя гарады былі ўведзены войскі. Але спроба дзяржаўнага перавароту правалілася, а яго ўдзельнікі былі арыштаваныя.
На Светлагоршчыне гарадская і раённая Рада народных дэпутатаў, гарадскі камітэт Камуністычнай партыі Беларусі падтрымалі путчыстаў.
У ноч з 18 на 19 жніўня 1991 года ў сталіцы СССР пачаўся дзяржаўны пераварот. Выкарыстаўшы момант адсутнасці прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова, які з’ехаў на адпачынак у дзяржаўную рэзідэнцыю Фарос (Крым), шэраг высокапасадных чыноўнікаў, сярод якіх былі старшыня КДБ СССР Уладзімір Кручкоў, міністр унутраных спраў СССР Барыс Пуга, міністр абароны СССР Дзмітрый Язаў, першы намеснік старшыні Рады абароны СССР Алег Бакланаў, віцэ-прэзідэнт СССР Генадзь Янаеў, прэм’ер-міністр СССР Валянцін Паўлаў і іншыя, утварылі Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы СССР (ДКНС) і аб’явілі, што ўся ўлада ў краіне пераходзіць да яго. ДКНС узначаліў Генадзь Янаеў, які “ў сувязі з немагчымасцю паводле стану здароўя выканання Гарбачовым Міхаілам Сяргеевічам сваіх абявязкаў” падпісаў указ аб прызначэнні самога сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта СССР. ДКНС увёў войскі ў Маскву і некаторыя іншыя гарады, зрабіў заявы да савецкага народа, паспеў прыняць дзве пастановы, а віцэ-прэзідэнт СССР падпісаў два ўказы. У прынятых дакументах гаварылася, што “з мэтай пераадолення глыбокага і ўсебаковага крызісу, палітычнай, міжнацыянальнай і грамадзянскай канфрантацыі, безуладдзя і анархіі, якія ствараюць пагрозу бяспецы грамадзянаў Савецкага Саюза, суверэнітэту, цэласці тэрыторыі, свабодзе і незалежнасці нашай Айчыны” ў СССР уводзіцца надзвычайнае становішча. Асноўная мэта ДКНС – не дапусціць развала СССР, які, на іх думку, павінен быў пачацца 20 жніўня ў выніку падпісання новай саюзнай дамовы, якая ператварыла б СССР у Саюз Незалежных Дзяржаў.
ДКНС зрабіў спробу аднавіць у СССР моцную цэнтралізаваную ўладу, аднапартыйную сістэму на чале з КПСС, дзяржаўнае рэгуляванне эканомікай, асудзіў негатыўныя з’явы: спекуляцыю, ценявую эканоміку, абвяшчаў, што развіццё краіны не мусіць будавацца на падзенні жыццёвага ўзроўню насельніцтва, абяцаў жорсткае навядзенне парадку ў краіне і вырашэнне асноўных эканамічных праблем, але не канкрэтызаваў неабходныя захады.
20 жніўня Прэзідыум Вярхоўнай Рады БССР на чале са старшынём Мікалаем Дземянцеем прыняў “Зварот”, у якім ускосна падтрымаў так званы ДКНС [1].
На Светлагоршчыне ДКНС быў падтрыманы гарадской і раённай Радамі народных дэпутатаў, гарадскім камітэтам Камуністычнай партыі Беларусі. Іх друкаваны орган – газета “Светлагорскія навіны” – змясціла на першай старонцы “Зварот да савецкага народа” ДКНС [2]. На дзень выйсця гэтага нумару газеты ўжо стала вядома, што дзяржаўны пераварот у Маскве праваліўся. Наклад газеты тэрмінова быў зняты з продажу. У наступным нумары рэдактар выдання Алег Давыдаў паспрабаваў выправіць сітуацыю.
“Пэўна, кожны ведае, якімі трывожнымі і нервовымі былі апошнія дні для мільёнаў савецкіх людзей, – звярнуўся ён да чытачоў на першай старонцы. – Падзеі так імкліва развіваліся, што газеты безнадзейна спазняліся з патрэбнай інфармацыяй. Так, у прыватнасці, адбылося з раённай газетай “Светлагорскія навіны”. Нумар са зваротам да савецкага народа так званага Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы ў СССР быў падрыхтаваны раней. Калі ж стала відавочна, што спроба дзяржаўнага перавароту ў краіне правалілася, спыніць выпуск газеты не ўдалося. Справа ў тым, што газета друкуецца ў горадзе Жлобіне. Думаем, што паважаны чытач нас зразумее і не асудзіць” [3].
З гэтых слоў вынікае, што газета друкавала б дакументы ДКНС, калі б ён заставаўся ва ўладзе.
Адзіныя людзі на Светлагоршчыне, якія асмеліліся адкрыта асудзіць путчыстаў, былі актывістамі Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”: настаўнік іспанскай мовы Дуброўскай СШ Мікола Бусел, слесар КВПіА цэху АУТ ВА “Хімвалакно” Артур Краснабаеў, інспектар дзяржаўнай інспекцыі аховы прыроды Вадзім Болбас, інжынер ЦЭЦ С. Баранаў, настаўнікі СШ №7 Людміла Фралова і Тэльман Маслюкоў. Яны 19 жніўня прынялі зварот да грамадзянаў раёна, надрукавалі яго на машынцы і расклейвалі ў горадзе Светлагорску на працягу 20-21 жніўня. У дакуменце гаварылася: “Пераварот з’яўляецца злачынствам супраць народу. Не верце хлуслівым, цынічным словам дыктатараў, не падпарадкоўвайцеся загадам злачыннай хунты. Нам патрэбныя мужнасць і смеласць, каб адстаяць свае чалавечыя правы. Дыктатары адкажуць за ўсё!” [1]
20 жніўня 1991 года светлагорская Рада БНФ накіравала тэлеграму старшыні Вярхоўнай Рады БССР Мікалаю Дземянцею: “Падтрымаўшы незаконны камітэт, вы паставілі сябе на адну дошку з тымі, хто імкнецца гвалтоўна захапіць уладу. Вы забыліся пра свой гонар, пра сваю адказнасць перад народам Беларусі. Гэтым вы зганьбілі не толькі сваё імя, але і імя грамадзянаў Беларусі, якіх вы, на жаль, прадстаўляеце” [1].
ДКНС у Маскве пратрымаўся да 21 жніўня, путч праваліўся, яго ўдзельнікі былі арыштаваныя, акрамя міністра ўнутраных спраў СССР Барыса Пугі, які пайшоў з жыцця самагубствам.
7 верасня на старонках газеты “Светлагорскія навіны” з’явілася тэлеграма Прэзідыуму Светлагорскай гарадской Рады народных дэпутатаў, адрасаваная прэзідэнту СССР Міхаілу Гарбачову, З’езду народных дэпутатаў СССР і Вярхоўнай Радзе БССР, напісаная па даручэнні гарадской Рады народных дэпутатаў. На той момант ужо было вядома, што старшыня Вярхоўнай Рады БССР Мікалай Дземянцей быў адпраўлены ў адстаўку “ў сувязі з выхадам на пенсію” [4], а 25 жніўня Беларусь аб’явіла аб сваёй незалежнасці [5].
“Падзеі 19-21 жніўня 1991 года, успрынятыя савецкім народам як перамога дэмакратычных сіл над рэакцыяй, падштурхнулі цэнтрабежныя тэндэнцыі ў краіне, – гаварылася ў тэлеграме. – Многія саюзныя рэспублікі ў тэрміновым парадку аб’явілі пра свой дзяржаўны суверэнітэт. Актывізаваліся сілы, якія ставяць пад сумнеў неабходнасць заключэння Саюзнага дагавора” [6].
Прэзідыум Светлагорскай гарадской Рады народных дэпутатаў сфармуляваў сваё бачанне будучыні трыма пунктамі. У першым з іх гаварылася, што “пытанне аб дзяржаўным суверэнітэце любой з рэспублік, якія ўваходзяць у склад Саюза, павінна вырашацца непасрэдна насельніцтвам гэтых рэспублік шляхам рэферэндуму” [6]. У астатніх утрымлівалася патрабаванне зрабіць аператыўныя захады па дапрацоўцы Саюзнай дамовы і падпісаць яе ў бягучым годзе, а пакуль мясцовыя дэпутаты прапаноўвалі заключыць з усімі рэспублікамі СССР эканамічнае пагадненне з мэтай не дапусціць распаду адзінага народнагаспадарчага комплексу краіны. Светлагорская раённая Рада дэпутатаў не падпісалася пад тэлеграмай, а яе старшыня Уладзімір Патупчык злёг у шпіталь. Замест гэтага ў тым жа нумары “Светлагорскіх навін” ніжэй тэлеграмы быў змешчыны “Зварот” Прэзідыума раённай Рады народных дэпутатаў да гарадскіх калег, жыхароў горада, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў.
“Для працаўнікоў вёскі наступіў напружаны час, – гаварылася ў звароце. – Вырашчаны нядрэнны ўраджай… Ёсць усе магчымасці забяспечыць горад бульбай, гароднінай, выканаць дзяржаўны заказ… Звяртаемся да гарадскога Савета народных дэпутатаў, жыхароў горада, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый аказаць дапамогу калгасам і саўгасам раёна ў завяршэнні сельскагаспадарчага года” [7].
Вынікамі правала путча ў Маскве сталі забарона КПСС, аб’яўленне рэспублікамі сваёй незалежнасці, распад СССР.
Крыніцы:
1. Маслюкоў Т. Хроніка мінулага тыдня // Светлагорскія навіны. 1991. 31 жніўня. С. 1.
2. Зварот да савецкага народа // Светлагорскія навіны. 1991. 22 жніўня. С. 1.
3. Давыдаў А. Паважаны чытач! // Светлагорскія навіны. 1991. 24 жніўня. С. 1.
4. Незалежнасць – прарыў у будучыню. З нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР // Светлагорскія навіны. 1991. 29 жніўня. С. 1.
5. Закон БССР “Аб наданні статуса канстутыцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” // Светлагорскія навіны. 1991. 31 жніўня. С. 1.
6. Тэлеграма // Светлагорскія навіны. 1991. 7 верасня. С. 1.
7. Зварот // Светлагорскія навіны. 1991. 7 верасня. С. 1.
Аўтар: Віктар Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. С. 111-115.