Яшчэ школьнікам Пётр Шчасны асабіста пазнаёміўся з цяжкай калгаснай працай. Не было ў тыя часы заведзена, каб працавалі ў сям’і толькі бацькі. Вось хлопец і бег пасля школы, у выхадныя, каб дапамагчы бацьку пасвіць жывёлу, трошкі палегчыць працоўны дзень маме, якая была даяркай. А пасля арміі стаў у калгасе паўнапраўным работнікам на падвозе кармоў. З 75 гадоў свайго жыцця ферме Пётр Пятровіч аддаў 48, нават на пенсіі яшчэ сем гадоў працаваў. Прызнаецца, нялёгка было і на падвозе кармоў, і на адкорме жывёлы. Гэта цяпер сілас прывозяць адразу рэзаны, толькі падавай. А тады скосяць, прывязуць, а ты ўжо сячэш. Трэба салома? Бярэш каня, едзеш у поле, грузіш яе на воз і вязеш на ферму. Як некалі сам бегаў на дапамогу бацькам, так і яго дзеці рады былі паспытаць нялёгкай калгаснай працы. Возьмуць па вядру – і ідуць паіць кароў, усё ж бацька не такі стомлены дадому вернецца. Дзеці і сёння клапоцяцца пра бацьку. “У горадзе ў іх шмат работы, але вясковых спраў не цураюцца. Гародніну садзім на ў