Найти в Дзене
Наш край

Военачальнікі Рэчы Паспалітай з Мазыршчыны. Кароткі ваенна-біяграфічны агляд XVII стагоддзя

Сямнаццатае стагоддзе для Беларусі — адно з самых крывавых у гісторыі. Паўночная вайна Рэчы Ласпалітай са Швецыяй за панаванне на Балтыйскім моры (1600-1629); вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй за вяртанне да Вялікага Княства Літоўскага (далей — ВКЛ) Смаленскай зямлі (1609-1618); удзел тысячаў беларускіх ваяроў у Хацінскай вайне, дзе Рэч Паспалітая змагалася з Асманскай імперыяй за кантроль над Малдаўскім княствам (1620-1621); Другая Смаленская вайна (1632-1634), у якой Расія беспаспяхова змагалася з Рэччу Паспалітай за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі; казацка-сялянская вайна (1648-1651), што перарасла ў грамадзянскую бойню паміж усімі сацыяльнымі групамі насельніцтва ВКЛ, вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1654-1667), у выніку якой насельніцтва беларускіх земляў паменшылася з 2,9 млн. да 1,4 млн. чалавек; а напрыканцы стагоддзя — пачатак Хатняй вайны ў ВКЛ паміж магнацкай сапегаўскай групоўкай і «рэспубліканцамі» (1697-1702). Праз жорны пералічаных войнаў разам з іншымі беларускім
Оглавление

Сямнаццатае стагоддзе для Беларусі — адно з самых крывавых у гісторыі. Паўночная вайна Рэчы Ласпалітай са Швецыяй за панаванне на Балтыйскім моры (1600-1629); вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй за вяртанне да Вялікага Княства Літоўскага (далей — ВКЛ) Смаленскай зямлі (1609-1618); удзел тысячаў беларускіх ваяроў у Хацінскай вайне, дзе Рэч Паспалітая змагалася з Асманскай імперыяй за кантроль над Малдаўскім княствам (1620-1621); Другая Смаленская вайна (1632-1634), у якой Расія беспаспяхова змагалася з Рэччу Паспалітай за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі; казацка-сялянская вайна (1648-1651), што перарасла ў грамадзянскую бойню паміж усімі сацыяльнымі групамі насельніцтва ВКЛ, вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1654-1667), у выніку якой насельніцтва беларускіх земляў паменшылася з 2,9 млн. да 1,4 млн. чалавек; а напрыканцы стагоддзя — пачатак Хатняй вайны ў ВКЛ паміж магнацкай сапегаўскай групоўкай і «рэспубліканцамі» (1697-1702).

Праз жорны пералічаных войнаў разам з іншымі беларускімі землямі прайшла і Мазыршчына. Сотні прадстаўнікоў мясцовай шляхты склалі свае галовы ў бітвах пад Кокенгаўзенам, Дэрптам, Белым Камнем, Кірхгольмам, Пярну, Масквой, Смаленскам, Хацінам, Лоевам, Шкловам, Старым Быхавам, Ляхавічамі, Палонкай, Басяй, Кушлікамі. Тысячы мазырскіх мяшчан і сялянаў, узбунтаваных украінскімі казакамі, сустрэлі сваю смерць у выніку грамадзянскага супрацьстаяння. Так, «паказачаны» Мазыр у жніўні 1648 года падняў паўстанне на чале з мясцовым рамеснікам Іванам Столярам. У лютым 1649 года ўрадавае войска гетмана польнага Януша Радзівіла, пасля адмовы аб капітуляцыі, штурмам узяла гарадскія ўмацаванні, а затым разбурыла замак і жорстка расправілася з паўстанцамі. Летам 1655 года Мазыр быў заваяваны і разрабаваны ўжо войскам расійскага ваяводы Валконскага. З 1648 па 1667 гады колькасць насельніцтва Мазырскага павета скарацілася на 60%. Пасля згаданых войнаў, з-за нанесеных Мазыру «разбурэнняў і варожых спусташэнняў», кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь ВКЛ выдаў прывілей аб визволенні горада ад усіх павіннасцяў [6].

Значную ролю ў войнах і ваенных канфліктах XVII стагоддзя адыгралі военачальнікі Рэчы Паспалітай, сярод якіх былі і прадстаўнікі Мазыршчыны. Пра найбольш адметных асобаў прапануем кароткія біяграфічныя звесткі.

Будзіла Юзаф (? — пасля 1619) — харужы мазырскі, каралеўскі палкоўнік. Вопытны камандзір, які прайшоў праз шматлікія баявыя дзеянні. Падчас Смуты ў Расіі падтрымаў прэтэндэнта на маскоўскі трон Ілжэдзмітрыя ІІ, да якога прывёў 200 гусараў. У 1607 годзе нанёс паражэнне пад Бранскам расійскаму ваяводзе Міхайле Кашыну. Пад Казельскам разбіў Васіля Шуйскага. Камандаваў палком (400 казакоў, 600 пяцігорцаў, 200 гусараў) [11]. Заняў Перамышль і Ліхвы. У 1611 годзе ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях па захопе Масквы. У пачатку 1612 года прывёў у расійскую сталіцу абоз з харчовым запасам. Узначаліў польска-літоўскі гарнізон маскоўскага Крамля. Трымаў абарону, абложаны апалчэннем Пажарскага. Пасля капітуляцыі (6 лістапада 1612 года) трапіў у палон, сасланы ў Ніжни Ноўгарад. Аўтар дзённіка пра падзеі Смутнага часу ў Расіі. Дакладны час смерці і месца пахавання невядомы [3].

Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў.

Аскерка Самуэль (Аскірка Самуль) (каля 1600-1673 [4] або каля 1675 [14]) — герба «Мурдэліё зменены», з беларускай шляхты. Сын мазырскага земскага пісара Пятра Аскеркі. Нарадзіўся на Мазыршчыне. Займаў пасады мазырскага пісара земскага, войта, падсудка і суддзі земская. Палкоўнік войска ВКЛ. Першы ваенны досвед атрымаў падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609-1618 гадоў. Удзельнік Хацінскай бітвы 1621 года, вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600-1629 гадоў, паходаў Януша Радзівіла супраць казакоў у 1649 і 1651 гадах.

Прайшоў усе кампаніі Трынаццацігадовай вайны (1654-1667), дзе ў чыне палкоўніка ВКЛ узначальваў розныя вайсковыя групоўкі. У першы ваенны год, калі пад націскам расійскіх і казацкіх войскаў адзін за другім капітулявалі беларускія гарады, у кастрычніку арганізаваў паспяховае контрнаступленне. Пераправіўшыся праз Бярэзіну, разбіў некалькі казацкіх аддзелаў, перамог праціўніка пад Клічавам, знішчыў моцны казацкі табар пад Барысавам, увайшоў у Бабруйск, выгнаў казакоў з Бялынічаў [7]. Выклікаў паніку ў занятых маскоўцамі надняпроўскіх гарадах. Не падтрыманы іншымі аддзеламі войска ВКЛ, якія стаялі пад Менскам і канфліктуючы вырашалі ўмовы сваёй далейшай службы, спыніў свой марш на Ўсход і адступіў на левы бераг Бярэзіны [1, с. 86].

Дзейнічаў у авангардзе войска ВКЛ на ўсходзе краіны. У канцы снежня 1654 года першым з радзівілаўскага войска прывёў свой полк (2 харугвы коннай шляхты, 7 — татарскіх, 1 — драгунскую, 4 — вугорскай пяхоты, «ды па адной конных і пешых ахвотных людзей») на дапамогу гарнізону Старога Быхава, які ўжо пяць месяцаў мужна трымаў амрону, абкружаны казацкім войскам Івана Залатарэнкі.

Выступаў за далучэнне да рэгулярнага войска беларуских, мяшчанаў і сялянаў, якіх было «много, и Оскирко де мужикам велел покупать пищали, чтоб были готовы» [7]. Дзейнічаў мабільна, практычна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Выконваючы загады вялікага гетмана Паўла Сапегі, нечакана для праціўніка, з яўляўся на розных напрамках. Ва ўзаемадзеянні з атрадамі Дзяніса Мурашкі і іншых камандзіраў, быў адным з арганізатараў партызанскага руху на беларускіх землях. Як мог, шкодзіў войску Хаванскага: перакрываў камунікацыі, знішчаў раз’езды, турбаваў непрыяцеля раптоўнымі налётамі. Быў ня ў стане на роўных канкурыраваць з рэгулярнымі злучэннямі расійскай арміі ці казацкага войска, але праз партызанска-дыверсійную дзейнасць ствараў для іх вялікія праблемы [2, с.162 — 163]. Нягледзячы на шматлікія лакальныя паражэнні ад расійскіх войскаў, захоўваў баяздольнасць сваіх аддзелаў.

Выбіраўся паслом на сойм, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1671 годзе заснаваў кляштар бернардзінцаў у Слуцку (разбураны пасля Другой Сусветнай вайны). Месца смерці і пахавання невядома.

Паўша Сямён Ян (? — 1655) — герба «Ляліва», з праваслаўнай шляхты Мазырскага павета. Палкоўнік войска ВКЛ. Ваенную службу, верагодна, пачаў у кварцяным войску (рэгулярнай арміі Рэчы Паспалітай). Удзельнічаў у падаўленні казацка-сялянскага паўстання 1648-1651 гадоў. Узначаліў казацкую харугву войска ВКЛ, прымаў удзел у Лоеўскай бітве 1649 года. На чале палка, які размясціў у Мазыры, пільнаваў межы ВКЛ ад украінскіх казакоў (да вясны 1651). За вайсковыя заслугі атрымаў чын ротмістра. З буйным атрадам накіраваны да Бабічаў кантраляваць пераправу цераз Прыпяць. Рушыў на тэрыторыю Украіны, дзе разбіў некалькі казацкіх і татарскіх атрадаў. Аб’яднаўся з войскам Вінцэнта Гасеўскага і ўдзельнічаў у авалоданні Кіевам. Зноў вярнуўся да Мазыра, дзе ахоўваў межы ВКЛ. Летам 1654 года зацята абараняў Мазыр ад расійскага войска, быў разбіты, страціўшы палову сваёй харугвы [10]. Пасля падпісання Кейданскай уніі, выйшаў з падпарадкавання Багуславу Радзівілу і накіраваўся да Берасця, дзе збіраліся сілы верныя польскаму каралю і вялікаму князю ВКЛ Яну ІІ Казіміру. Верагодна, загінуў, абараняючы Берасцейскае ваяводства ад казакоў запарожскага гетмана Івана Выгоўскага [8].

Абуховіч Піліп Казімір (каля 1600-1656) — уласнага герба «Абуховіч», з мазырскай шляхты, сын мазырскага суддзі Фёдара. Войскі мазырскі, пісар вялікі ВКЛ, ваявода віцебскі і смаленскі. Палкоўнік войска ВКЛ. Пачаў ваенную службу каралеўскім ротмістрам. Змагаўся з казакамі Багдана Хмяльніцкага ў Малдове. У якасці вялікага пасла ў 1651 годзе накіраваны ў Маскву, дзе заключыў антытатарскі саюз з маскоўскім гасударом Аляксеем Міхайлавічам. Удзельнічаў у Жванецкай аперацыі ва Украіне (верасень — снежань 1653 года) [5]. Напачатку Трынаццацігадовай вайны з Расіяй (1654-1667) узначаліў абарону Смаленска. За кароткія тэрміны, пры ўсіх цяжкасцях узаемаадносінаў з мясцовай шляхтай, якая не жадала падпарадкоўвацца новаму смаленскаму ваяводзе [1, с. 49], здолеў узмацніць гарадскія абарончыя ўмацаванні і падрыхтаваць гарнізон да працяглай абароны. Пасля чатырохмесячнай аблогі 60-тысячным расійскім войскам, вымушаны здаць горад. Грамадствам быў абвінавачаны ў здрадзе [1, с. 56]. Атрымаў магчымасць апраўдаць свой гонар у баі. Узначаліў атрады ВКЛ, што вызвалялі ад шведаў Варшаву. На чале палка дывізіі Паўла Яна Сапегі з баямі дайшоў да Берасця, дзе памёр ад хваробы. Пахаваны ў Новагародскім касцёле езуітаў [9] (храм не захаваўся). Пакінуў дыярыуш і запіскі пра абарону Смаленска. На надзвычайным сойме 1658 года прызнаны невінаватым у здачы горада.

Працяг артыкула чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.