Найти тему

Як Пушчыны рабілі жыхароў Парыцкай воласці праваслаўнымі “рускімі”

Вы можаце сабе ўявіць, што на пачатку ХІХ стагоддзя на тэрыторыі сучаснага Шацілкавіцкага-Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі ніякага праваслаўя не было? Я – не! Гэты факт, з пункту гледжання нашага часу, не ўкладваецца ў галаве. Уяўляеце, ніякіх праваслаўных! І гэта прымушае пра многае задумацца.

Міхаіл Іванавіч Пушчын
Міхаіл Іванавіч Пушчын

Ці ёсць праваслаўная вера – верай беларусаў? Ці з’яўляецца Беларуская праваслаўная царква – беларускай? Калі праваслаўная царква да пачатку ХІХ стагоддзя не з’яўлялася царквой нашых продкаў, то калі яна ёй стала? Можа нам сёння патрэбна іншая царква, тая, якая была ў нашых продкаў да пачатку ХІХ стагоддзя? Пытанні, пытанні…

На землях сучаснага Светлагорскага раёна на пачатку ХІХ стагоддзя не было аніякага праваслаўя – ашаламляльны факт. Пра гэта можна прачытаць у кнізе Паўла Пароменскага “Парыцкая жаноцкая Святой Марыі Магдалены вучэльня духоўнага ведамства (зацемкі з нагоды 50-гадовага юбілея)”, выдадзенай у Санкт-Пецярбурзе ў 1910 годзе. (Пароменский, П. Паричское женское Святой Марии Магдалины училище духовного ведомства (заметки по случаю 50-летнего юбилея училища) / П. Пароменский. - СПб. : Синодальная типография, 1910. - 135 с.). Неабходныя вытрымкі з кнігі можна прачытаць на сайце Парыч тут: http://www.parichi.by/young/9/

Кніга была напісана нашым земляком-беларусам родам з Віцебшчыны Паўлам Пароменскім - выкладчыкам Парыцкай жаноцкай вучэльні. Чытач павіннен разумець, што пісалася кніга на заказ Міхаіла Іванавіча (1800-1869) і Марыі Якаўлеўны (1812-1895) Пушчыных, каб паказаць іх вялікую ролю ў праваславізацыі і русіфікацыі Парыччыны. Разам з тым, Павел Пароменскі перадаў у кнізе стэрыятыпы, якімі жыло тагачаснае расійская чынавенства ў поглядах на беларусаў і Заходні край. Сёння яго кніга – каштоўная крыніца – сведчанне распачатай русіфікацыі і праваславізацыі Парыччыны, пачынаючы з пачатку ХІХ стагоддзя.

“Калі ў Парычах пасяліўся муж заснавальніцы вучылішча - Міхаіл Іванавіч Пушчын, увесь Заходні край, а Мінская губерня асабліва ўяўлялі сабой зусім нешта адчужанае ад усяго рускага, - піша Павел Пароменскі ў названай кнізе. - Край быў рускі, але толькі па імені. Сам народ, які насяляў гэтыя землі, зусім не быў падобны на жыхароў Вялікаросіі. Па заяве Марыі Якаўлеўны Пушчынай, якая прыехала ў Парычы ў 1838 годзе, ён уяўляў рэзкую супрацьлегласць бадзёраму, моцнаму і ўпэўненаму ў сабе, глыбока адданаму Праваслаўнай царкве народу цэнтральнай Расіі”.

Пракаментуем. Сучасныя землі Беларусі акупацыйныя ўлады Расійскай імперыі называлі Паўночна-Заходнім краем альбо Заходнім краем. Нам, беларусам, адмаўлялі называцца асобным народам і жыць у асобнай дзяржаве. Але між тым цікава гучаць словы Пароменскага, што тутэйшыя людзі (беларусы) на падобны на “вялікаросаў” , гэта значыць расійцаў.

Вельмі смешна чытаць параўнанне беларусаў з расійцамі. Я глыбока сумняваюся, што расійскі прыгонны мужык (нагадваю, што пасля анексіі земляў сучаснай Беларусі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 гадоў Расійская імперыя прынесла сюды прыгон, якога ў Заходняй Еўропе не было, у Расіі прыгон адмянілі у 1861 годзе) з якойсьці Тамбоўскай губерні выглядаў моцным, бадзерым і ўпэўненым у сабе. З якога такога капылу? Чым прыгнечаны расійскі прыгонны селянін адрозніваўся ад беларуса? Нічым. Такі ж раб памешчыка.

А тое, што расійскага мужыка робіць бадзерым і моцным праваслаўе, – ўдалы прапагандысцкі трук. Агітацыя за праваслаўе.

Цытуем далей. “Беларус рабіў цяжкае ўражанне на ўсялякага новага чалавека, які прыбыў з Вялікай Расіі. «Варты жалю, забіты, адырваны (“отторгнутый”) гістарычнымі ўмовамі ад блізкіх зносін са старэйшым сваім братам-вялікаросам, ён гібеў (“ізнемогал”) пад цяжкім сацыяльна-эканамічным і рэлігійным ціскам чужога элемента». (Словы Марыі Якаўлеўны, - гл. артыкул В.Пакроўскага ў Мінскіх епархіяльных Ведамасцях за 1895 год № 9) усюды адчуваўся польска-каталіцкі пачатак, а ў некаторых месцах гэта перавага пераходзіла ў гнёт”.

Ну, канешне! Праваслаўе – ёсць ісціна для беларусаў, а каталіцтва – гэта ўсё польскае, варожае, і, вядома, гнёт. Не сорамна, спадарыня Марыя Пушчына, такую ахінею несці?

А расійская анексія для Беларусі – гэта не гнёт? Што за рэлігійная тэндыцыйнасць? Паводле Пароменскага-Пушчыных, праваслаўе – ісціна ў апошняй інстанцыі, а каталіцтва – гэта польскае – чужое беларусу. Вельмі зручная пазіцыя, каб даказаць тутэйшаму беларусу, што ён недаразвітая істота, а яго старэйшы брат – ратавальнік, які нясе свабоду. Але чамусьці праваслаўную.

У кнізе папахвае распальваннем нацыянальнай варожасці да палякаў, і рэлігійнай варожасцю да каталіцтва. А беларуса ўвогуле за чалавека не лічаць – забіты, прыбіты, прыгнечаны. Памятайце, гэты прыём ў псіхалогіі? Называй чалавека парсюком, дык ён хутка зарохкае. Так і тут.

А нічога, Пароменскі-Пушчыны, што беларусы-літвіны навучылі вас “рускіх” друкаваць кнігі? Без нашага земляка – Францыска Скарыны, Івана Федаровіча (Фёдарава), вы бы дасюль на берасце пісалі!

А нічога, што беларусы-літвіны стварылі першую ў Еўропе Канстытуцыю – Статут Вялікага Княства Літоўскага – які, дарэчы, дзейнічаў у Расійскай імперыі аж да 1840 года? Як вам такое!?

Беларусы - гэта не расійцы (“русскіе"). У кнізе Паўла Пароменскага пра гэта пішацца прама: “Руская гаворка чулася даволі рэдка, нават у асяроддзі праваслаўнага духавенства. І не дзіўна: дзе маглі выхоўвацца дзеці праваслаўных і да чаго маглі прывыкаць, калі рускіх школ не было, калi адукацыю можна было атрымаць толькі ў польскіх пансіёнах, калі модным і добрым лічылася ва ўсіх толькі тое, што было ў паноў-палякаў”.

Хочаш заваяваць чужую зямлю – адбяры ў народа яго мову, адукацыю і навяжы яму сваю мову, адукацыю на сваёй мове і веру. Адным словам, зрабі з яго манкурта.

А вось гэта цытата – проста класіка жанра. Дзякуй Паўлу Пароменскаму, які ўсё ж задумваўся, як заказаную Пушчынамі кнігу, напісаную ім, прачытаюць у будучыні яго нашчадкі - мы!

“Што сказана адносна губерні цалкам, - піша Павел Пароменскі, - то з асаблівай сілай можна пацвердзіць і ў дачыненні да Парыч: да ўзнікнення тут жаночага вучылішча дзяўчат духоўнага звання - гэта была адна з самых глухіх мясцовасцяў Мінскай губерні. Праўда спробы абрусіть навакольную грамаду пачаліся ў маёнтку Парычы ўжо ў першай чвэрці 19 стагоддзя, з часу з'яўлення тут бацькі Міхаіла Іванавіча, Івана Пятровіча Пушчына. Апошні атрымаў маёнтак у спадчыну свайго бацькі Пятра Іванавіча Пушчына, якому ён быў падараваны ў якасці ўзнагароды за добрую службу Імператарам Паўлам Першым. У 1816 годзе пачалася пабудова царквы і ў 1819 годзе храм быў асвечаны ў імя Св.Духа. Ствараючы яго, памешчык хацеў прыцягнуць да храма Боскага невялікую мясцовую паству. Разам з тым ён адвёў спецыяльнае памяшканне (адзін са старых флігеляў) у сваім маёнтку для навучання сялянскіх дзяцей. Але такімі мерамі цяжка было дамагчыся якіх-небудзь станоўчых, спрыяльных вынікаў”.

Павел Пароменскі не хавае мэты Пушчыных: іх задача - абрусіць навакольную грамаду (“обрусіть окружающее общество”), абрусіць беларусаў і яўрэяў.

І вось момант ісціны, мае землякі, прачытайце яго ўважліва! Цытуем: “Вакол Парыч знаходзіліся ўніяцкія цэрквы і каталіцкія касцёлы, і здаўна тут вялася прыхаваная і яўная прапаганда Рымскага пасаду (“престола”). Уся мясцовасць каля Парыч - Стужкі, Беліца, Брожа, Дуброва, Дземітковічы, Качай-Балота - былі пад Біскупам. У Астроўчыцах, Чэрніне, Каралевай Слабадзе былі ўніяцкія цэрквы, а ў Малімонах у памешчыка Прушаноўскага і ў Шацілках - каталіцкія касцёлы. У саміх Парычах неаднаразова з'яўляліся каталіцкія ксяндзы, але часова”.

Дык дзе тут праваслаўе, землякі? Няма! Чмусьці Павел Пароменскі забыў пра мноства яўрэйскіх сінагог, якія былі ў Парычах. Неяк непрыгожа замоўчваць такія рэчы. Яўрэі - гэта ўвогуле не людзі для праваслаўя, а іх вера - не вера?

Павел Пароменскі піша далей: “У такіх умовах воляю лёсу з’явіўся (ў 1835 годзе) у маёнтку Парычы новы ўладальнік - Міхаіл Іванавіч Пушчын. Абстаноўка не магла на яго рабіць ўцешнага ўражання. На ўласныя вочы ён убачыў у сваіх аднаверцаў - прыгонных сялянах і служылых людзях - дзіўную рэлігійную апатыю, поўную абыякавасць у адносінах да праваслаўнай царквы і пытаннях веры. Але што было самае сумнае, дык гэта тое, што нават асобы, пастаўленыя самім званнем стаяць на варце інтарэсаў праваслаўя і народнасці, духоўныя людзі, - заставаліся, відаць, зусім спакойнымі гледачамі гаротнага становішча царквы і ахвотна падтрымлівалі сувязі з багатымі польскімі памешчыкамі, шукаючы ў іх апору і цэнячы іх ласкай і ўвагай. У цеснай сувязі з гэтай з’явай рэлігійнага індэферынтызму стаялі агульная матэрыяльная незабяспечанасць і нізкі ўзровень разумовага развіцця народнай масы”.

Падобна, што Пароменскі, паддаўшыся на Пушчынскія грошы, звычайную беларускую шматканфесійнасць, рэлігійную цярпімасць, талерантнасць спрабуе выдаць за загану, зноў схіляючы чытача на бок расійскага праваслаўя. У гэтай цытаце падкрэсліваецца, што на той час праваслаўе, якое было мізэрным, прынеслі расійскія чыноўнікі Пушчыны з Расійскай імперыі – дзяржавы, што анексавала нашы землі. І гэтага факту не выразаць, не высякчы сякерай з гісторыі нашага раёну. Хіба прамаўчаць, схаваць, не згадваць. На фоне сённяшняй праваславізацыі беларусаў Шацілкавіцкага-Светлагорскага раёна можна нават выдаць гэты факт за вялікае дасягненне, калі ты прыхільнік выключна праваслаўнай Беларусі, “рускага свету”.

Пра “нізкі ўзровень разумовага развіцця народнай масы” насельніцтва Парыччыны! Спадар, Пароменскі, спадары Пушчыны, а што прыгонныя сяляне сярэдняй Расіі, фактычна такія ж рабы, як і беларусы, былі носьбітамі адукаванасці, гэткія светачы сапраўднай праваслаўнай веры? Не веру!

І давайце шчыра скажам, што памешчык Прушаноўскі з Малімонаў, якога вы згадваеце ў кнізе, альбо Шацілы-Манкевічы з Шацілавіч – гэта не палякі. А апалячаныя літвіны-беларусы, жыхары тутэйшых земляў. Але каталікі. А шляхцічы з Каралеўскай Слабады – уніяты, яны хто? Таксама палякі ці хто? Хто яшчэ вам патрэбны у якасці негатыўнага вобраза, каб апраўдаць распаўсюд праваслаўя?

Далейшае чытаць сорамна за Паўла Пароменскага, бо накіравана супраць станаўлення беларускага народа як асобнай нацыі. У ім расійскі памешчык Міхаіл Пушчын паказаны як гэтакі ратавальнік жыхароў Парыччыны праз праваслаўе, расійскую мову, каб яны атрымалі “выхаванне ў дусе праваслаўя і рускай народнасці”.

“Трэба было паклапаціцца аб знешнім становішчы сялян і духавенства, вывесці іх з матэрыяльнай залежнасці ад не рускага грамадства, палепшыць іх побыт, выклікаць давернае стаўленне да рускіх памешчыкаў, адкрыць доступ у школу, развіць духоўныя запыты, прыцягнуць да праваслаўнага храму, прымусіць палюбіць яго, выхаваць пачуццё нацыянальнай самасвядомасці”, - піша ў кнізе Павел Пароменскі.

Асабліва крывадушна гучаць радкі, што сялян і духавенства трэба “вывесці з матэрыяльнай залежнасці ад не рускага грамадства”. Я так разумею, гэта азначае загнаць у залежнасць да Пушчыных і праваслаўя? Плаціць бабло толькі папам і Пушчыным?

“Прыцягнуць да праваслаўнага храму, прымусіць палюбіць яго, выхаваць пачуццё нацыянальнай самасвядомасці” – адкрыта піша Павел Пароменскі. Дзякуй за шчырасць!

Зрабіць з беларуса выключна праваслаўнага расійца, манкурта, выхаваць пачуццё расійскай праваслаўнай свядомасці – кажучы сённяшняй мовай – патрыёта “рускага свету”, вядома, праваслаўнага.

Мэта напісанай кнігі Паўлам Пароменскім – праспяваць дыфірамбы афіцыйнай палітыцы Расійскай імперыі – русіфікацыі, праваславізацыі Беларусі, асіміляцыі беларускага насельніцтва на захопленых землях. Запэўніць беларуса, што ён “рускі”, прыгнечаны каталіцызмам, уніяцтвам і іншымі верамі, “забіты, адырваны гістарычнымі ўмовамі ад блізкіх зносін са старэйшым сваім братам-вялікаросам”. У прыватнасці, праспяваць дыфірамбы расійскім памешчыкам Міхаілу і Марыі Пушчыным, як праваднікам гэтай палітыкі.

Павел Пароменскі ў кнізе “Парыцкая жаноцкая Святой Марыі Магдалены вучэльня духоўнага ведамства (зацемкі з нагоды 50-гадовага юбілея)”, выдадзенай у Санкт-Пецярбурзе ў 1910 годзе, тыражуе створаныя ў Расійскай імперыі міты пра беларусаў і Беларусь, стаўшы на бок тагачаснай афіцыйнай палітыкі па русіфікацыі народаў, якія пражывалі на колішніх землях Вялікага Княства Літоўскага.

Віктар Раманцоў

31.07.2019

Чытайце пра Пушчыных таксама:

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/spce-spakoina-spadary-akupanty-5ca7c0370bc03a00b3ff40e3

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/pushchynydzekabrysty--mae-zemliak-5dc6b4e34eb2430b60f6ba0d

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/na-siadzbe-pushchynyh-u-parychah-vyialeny-reshtk-dvuh-budynka-drugoi-palovy-hh-stagoddzia-5cd5c1942b514100b39e432c

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/statisticheskoe-i-inventarnoe-opisanie-imeniia-parichi-prinadlejascego-kollejskomu-sekretariu-puscinui-shestiu-ego-sestram-5ca649c7b59e2e00b3fcecbc

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/mhal-pushchyn-u-regianalnym-vymiarenn-dekanstrukcyia-gerachnaga-vobraza-5ca643913aaf7b00b2c31a4f

https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/pusciny-v-parichah-kolonizatory-rusifikatory-ksenofoby-antisemity-5c7a6e2d52a2d900b354c028