Найти тему
Наш край

Прозвішчы Калінкавіцкага раёна адапелятыўнага паходжання

Оглавление

Аналіз семантыкі і структуры прозвішчаў — цікавая, каштоўная і цяжкая справа, што прызнаецца многімі антрапанімістамі. Ён, на думку А. Суперанскай, «дае значную інфармацыю, якая ўяўляе цікавасць для гісторыкаў, этнографаў, сацыёлагаў, а таксама лінгвістаў. Пры параўнанні лексічных палёў, па якіх размяркоўваюцца асновы прозвішчаў у розных мовах, можна зрабіць вывады пра агульнасць або, наадварот, рознасць нацыянальных культур асобных народаў» [1, с. 81].

Прозвішчаў адапелятыўнага паходжання ў беларускай мове даволі многа. Гэта група складае прыкладна каля паловы ўсіх прозвішчаў. Вядомы антрапаніміст М.В. Бірылаадзначае, што «з пункту погляду гісторыі мовы адапелятыўная антрапанімія з’яўляецца захавальнікам, кансервантам лексікі папярэдніх эпох, дае матэрыял для больш глыбокага вывучэння гістарычнага слоўніка, моўных узаемасувязей» [2, с. 4]. Згодна з гэтым у якасці асноў для ўтварэння прозвішчаў магла выкарыстоўвацца лексіка, якая адлюстроўвае самыя разнастайныя галіны жыццядзейнасці народа і акаляючай яго рэчаіснасці — быт, заняткі, становішча ў сям’і і грамадстве, фізічныя, разумовыя і маральныя якасці, пачуцці, сацыяльны ўклад, жывёльны і раслінны свет і пад. У гэтым сэнсе антрапанімія, утвораная ад апелятыўнай лексікі, з’яўляецца кладоўкай гісторыка-культурнай спадчыны, дае каштоўны матэрыял для вывучэння агульнай гісторыі народа.

Намі сабрана і прааналізавана каля дзвюх тысяч прозвішчаў жыхароў Калінкавіцкага раёна. Фактычны матэрыял сведчыць, што ўсе прозвішчы паходзяць ад двух класаў лексікі: адапелятыўнага і аданамастычнага паходжання. Найбольш прадуктыўна ў якасці матывацыйнай базы задзейнічана апелятыўная лексіка.

Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!

Багацце і стракатасць асноў прозвішчаў адапелятыўнага паходжання жыхароў Калінкавіцкага раёна нагадваюць энцыклапедыю мовы. Яны адлюстроўваюць дачыненне чалавека да навакольнага асяроддзя і разнастайных заняткаў, сведчаць аб стане сацыяльнага і культурнага жыцця грамадства ў пэўны гістарычны перыяд, даносяць характар узаемаадносін паміж людзьмі.

У складзе прозвішчаў Калінкавіцкага раёна найбольш часта сустракаюцца словы, звязаныя з назвамі жывёльнага свету. Сярод іх можна вылучыць: назвы свойскіх жывёл: Баранаў, Баранцаў, Буланаў, Булановіч (ад буланы ‘светла-жоўты з чорным хвастом і чорнай грываю (пра масць коней)’ [3, с. 67]); Быкаў, Бычкоў, Жарабцоў, Казлоў, Казлоўскі, Трусевіч, Цапаў (цап   ‘казёл’ [3, с. 436]), Целеш (целеш ‘цяля’ [4, с. 195]), Бабук (рус. ‘земляны заяц, тушкан’ [3, с. 29]), Барсук, Барсукоў, Баброў, Бірукоў (рэг. бірук ‘адзінокі воўк, які жыве па-за стаі’ [4, с. 34]), Вількін (параўн. польск. wilk ‘воўк’ [3, с. 87]), Волкаў, Зайцаў, Кажанаў (кажан ‘лятучая мыш’ [3, с. 167]), Кротаў, Куцанкоў (рус. куцан ‘маркач, нялегчаны баран’ [3, с. 236]), Лісіцын, Лосеў, Мядзведзеў, Мядзведзька, Мядзведкаў, Медзвядкоў, Мышанкоў, Норкін (заал. ‘норка’ [3, с. 300]), Сабалеўскі, Собалеў, Хамякоў (хамяк ‘палявая жывёла з доўгім перыядам спячкі’ [4, с. 211]), Шашкоў (шашок ‘тхор’ [3, с. 472]); назвы насякомых: Біндзюкоў (укр. биндюк ‘чмель’ [3, с. 54]), Блахін, Жукаў, Жукоўскі, Казека (рэг., рус. ‘вош’ [3, с. 168]), Камароў, Караедаў (караед ‘шкоднік лясоў, дробны жук, які грызе кару і драўніну’ [5, с. 278]), Мухін, Мятлікаў (разм. мятлік ‘матылёк’ [5, с. 355]), Паплеўка, Паплеўкін (рус. поплёвка ‘вялікая пакаёвая муха’ [3, с. 314]); назвы земнаводных: Казюлькін (рус, казюля ‘змяя’ [3, с. 169]); назвы свойскіх птушак: Індзюкоў (рэг., рус. индюк ‘індык’ [3, с. 164]), Гусакоў, Гусеў, Квакуха (‘курыца з куранятамі’ [3, с. 197]), Куранкоў (рус. куран ‘індык’ [3, с. 232]), Курачкін, Курачэнка(рэг. курач ‘курыца, якая не нясецца і мае выгляд пеўня’ [3, с. 232]), Куркоў, Курчанка (рус. курч ‘кураня’ [6, с. 173]), Певень, Петушкоў, Пеўнеў, Пырко (параўн. рэг. пырка ‘курачка’ [3, с. 341]; пырка ‘індык, кура’ [6, с. 264]); назвы дзікіх птушак: Арлоў, Арляннікаў, Вараб’ёў (Вераб’ёў), Варонкін (ад варона [3, с. 83]), Галкін, Галко, Галкоў (ад галка [3, с. 99]), Глушакоў, Голубаў, Голубеў, Дзятлаў, Драздоў, Дудак(рэг. ‘драфа’ [3, с. 139]; драфа ‘буйная стэпавая птушка з доўгай шыяй і моцнымі нагамі’ [5, с. 184]), Жураўлёў, Жураўчанка (рэг. жураў ‘журавель’ [3, с. 148]), Зуеў(рус. рэг. зуй ‘балотная птушка з сямейства кулікоў’ [4, с. 85]; зуй ‘хворы кулік’, ‘дзіця-гарэза’ [6, с. 125], Кавулькін (укр. памянш. кавулька ‘зязюля, кукушка’ [3, с. 166]), Какушкін (рус. кокушка тое ж, што кукушка ‘зязюля’ [4, с. 102]), Каршуноў, Каршукоў, Коршунаў, Коршыкаў (рэг. каршук ‘коршак’ [3, с. 19]), Крумкачоў, Кулікаў, Кулікоў, Куліткін, Лебедзеў, Лебедзь, Лебядзенка, Пагарцаў (укр. погарець ‘птушка ўдод’ [3, с. 304]), Пугачоў (пугач ‘філін, які палохае сваім крыкам’ [4, с. 162]), Сакалоў, Сокалаў, Сакалоўскі, Сарокін, Селязнёў (бел. рэг., рус, укр. селезень ‘качур’ [3, с. 370]), Сініцкі, Слукін (рус. слука ‘птушка вальдшнеп, слонка’ [3, с. 382]), Стрыжанкоў (ад стрыж [3, с. 393]), Сураў (магчыма ад сур ‘сурок’ [6, с. 306]), Сычоў(сыч ‘птушка з сям’і савіных’ [7, с. 145]), Удодаў, Хулапаў (рэг. хулапа ‘палявы голуб’ [3, с. 435]), Чайкоў, Чаплін, Чаплінскі (ад чапля [4, с. 216]), Чыж, Чыркоў, Чырок (чырок ‘невялікая вадаплаўная птушка, разнавіднасць качкі’ [4, с. 220]), Шпакаў, Шчыглоў (шчыгол [3, с. 488]); Ястрабкоў; назвы рыб: Акуневіч, Карасёў, Карасік, Карпоўскі, Карпянкоў, Карпянок (ад карп [3, с. 187]), Ляшчоў (ад лешч [3, с. 251]), Плоткін, Рыбачкін, Рыбачкоў, Рыбянкоў, Судакоў (ад судак [5, с. 635]), Шчукін, Шчучкін (бел. рэг., рус, укр. шчука ‘шчупак’ [3, с. 488]), Ракаў, Рачкоў (рачко, рачок ‘памянш ад рак’ [4, с. 167]).

Словы, якія абазначаюць назвы частак цела і покрыва цела чалавека і жывёлін, сустракаюцца ў прозвішчах: Бардзюгоў, Бардзюкоў, Бардукоў (укр. бордюг, бордюх ‘бурдзюк’, ‘страўнік жывёліны’ [3, с. 42]), Бародка, Глазкоў, Дзебаў (параўн. рэг. дзёб ‘дзюба’ [3, с. 128]), Капытаў, Капытоў, Ключыненка, Ключынскі, Космыкаў (космы, косма ‘пасма валасоў’ [6, с. 159]), Костачка, Костачкін, Корхаў (устар. бел. корх ‘кулак’, ‘удар кулаком’ [3, с. 214]), Крылоў, Лапацін, Лычкоў (ад лыка ‘лыч — свіное рыла’ [6, с. 188]), Наско, Носка (ад нос [3, с. 297]), Рагавой, Ражкоў, Рогаў (ад рог [3, с. 351]), Лапін, Лапіцкі, Чачын (тат. чэч ‘волас, валасы’ [3, с. 449]) і інш.

Значная колькасць прозвішчаў утвараецца ад назваў раслін і іх частак, назваў пладоў: Арбузаў, Арэшанка, Асонаў (разм. форма ад насон ‘расліна, тое ж, што дзікі мак’ [4, с. 148]), Бакунаў, Бакуноў (ад рэг. бакун ‘сорт тытуню’ [7, с. 38]), Баравік, Баравікоў(‘назва грыба [3, с. 41]); Буракоў (ад бурак [3, с. 68]), Верасавы, Верасаў (ад верас [3, с. 85]), Вінаградаў, Галайдаў (рэг. галайда ‘назва гатунку ячменю’ [3, с. 97]), Грыбоўскі, Драп (параўн. драпа ‘дзікая рэдзька’ [6, с. 102]), Каліна, Канапелькін, Капусцін, Качанаў, Коласаў, Лапухоў, Малінаў, Малінін, Маліноўскі, Махавік (грыб ‘махавік’ [3, с. 280]), Нявейкаў, Нявейкін (рус. невейка ‘нявеенае збожжа з мякінай’ [3, с. 301]), Пастарнакаў (пастарнак ‘агародная і дзікарослая расліна з прыемным пахам, караняплод з жоўтымі кветкамі, ужываецца як прыправа’ [5, с. 449]), Прышчэпаў (прышчэп ‘прышчэпленая расліна’ [6, с. 522]), Рабіна, Ракіцкі (ад ракіта [3, с. 348]), Рамашкін, Садаў, Садкоў, Садоўскі (ад сад [3, с. 360]), Сасноўскі, Струкаў (ад струк [3, с. 393]), Шаройкін (ад рэг. шаройка ‘абдзіркі з грэчкі’ [3, с. 468]), Шышкоў, Ягадкін і інш.

Прафесіі і розныя віды дзейнасці, заняткі людзей, назвы службовых і ваенных асоб адлюстраваны ў пашыраных прозвішчах Алейнікаў (алейнік ‘той, хто робіць алей’ [3, с. 20]), Аўчыннікаў (‘аўчыннік, майстар, які вырабляе аўчыны’ [3, с. 27]), Ахотнікаў (рэг. ‘паляўнічы’ [3, с. 27]), Баброўнікаў (ст. бел. баброўнік ‘лавец баброў’ [3, с. 29]), Баннік, Баннікаў, Банны, Басаў (ад слова бас ‘самы нізкі мужчынскі голас, а таксама спявак з такім голасам’ [5, с. 83], Бліннікаў (бліннік ‘чалавек, які выпякае ці прадае бліны’ [3, с. 56]), Бондар, Бондараў (бондар ‘майстар, які робіць бочкі’ [7, с. 117]), Бортнік (‘пчаляр, які займаецца бортнымі пчоламі’ [7, с. 118]), Варажбітаў, Варажбітоў(варажбіт ‘той, хто займаецца варажбой’ [5, с. 106]), Васкабойнікаў, Васкабойны ( васкабойнік ‘той, хто робіць свечкі’ [8, с. 28]), Веракса (рус. варакса ‘пэцкаль, хаўтуршчык’, параўн. рус. вараксаться ‘пэцкацца, вазіцца’ [3, с. 82]), Ганчароў(ганчар ‘той, хто вырабляе гліняную пасуду [3, с. 101]), Грабеннікаў (грабеннік ‘чалавек, які вырабляе грэбні’ [4, с. 62]), Дворнік, Дзехцяроў (дзягцяр, дзяхцяр ‘той, хто робіць дзёгаць’ [4, с. 67]), Дудараў (ад дудар ‘музыка, які грае на дудзе’ [3, с. 139]), Жарносенка (параўн. жарнасек ‘чалавек, які насякае жорны’ [5, с. 199]), Жывадзёраў (жывадзёр ‘той, хто забівае і здымае скуру з забітай жывёлы’ [5, с. 201]), Залатароў (залатар ‘майстар па вырабу розных рэчаў з золата; ювелір’ [9, с. 235]), Званцаў (званец ‘царкоўны званар’, ‘званочак’ [4, с. 83]), Каваленка, Кавалёў, Кавалькоў, Кавальскі, Кавальчук, Кажамякін (‘аўчыннік, майстар, які вырабляе шкуры [3, с. 167]), Кажэўнікаў (устар. кажэўнік ‘гарбар’ [3, с. 168]), Казакоў (рус. рэг. казак ‘батрак, які наймаўся на год на працу’ [4, с. 90]), Казюкін (казюк ‘тульскі збройнік, які працуе на дзяржаўных заводах’ [4, с. 91]), Калеснікаў, Канавалаў, Канавальчык (ад канавал ‘знахар. які лечыць коней’ [5, с. 271]), Капачоў (ад капач [3, с. 179]), Карабельнікаў, Катляроў (катляр ‘кацельны майстар’, ‘чалавек, які вырабляе посуд з медзі і інш.’ [4, с. 107]), Кашавараў (кашавар ‘повар у воінскай часці або (уст.) у рабочай арцелі’ [5, с. 286]), Кісельнікаў (кісельнік ‘чалавек, які гатуе на продаж кісялі’ [4, с. 99]), Клікуноў (ст. бел. клікун ‘начны стораж’ [3, с. 206]), Ключнікаў (ключнік ‘слуга ў панскім маёнтку, у распараджэнні якога знаходзіліся прадукты харчавання і ключы ад месц іх захоўвання’ [9, с. 702]), Коўшар (устар. бел. ковшарь ‘майстар, які вырабляе каўшы’ [3, с. 193]), Краўцоў (ад кравец ‘спецыяліст па шыццю адзення, пераважна мужчынскага’ [5, с. 299]), Крупадзёраў, Кузняцоў, Кузнячэнка, Куратнікаў(куратнік ‘той, хто даглядае курэй’ [3, с. 232]), Кухараў, Кухарэнка, Кушнераў, Кушняроў (кушнер ‘скарняк’ [6, с. 175]), Мазайлаў (мазаць ‘той, хто мажа’ [3, с. 266]), Маставы (‘збіральнік падаткаў за праезд праз мост’ [4, с. 134]), Матросаў, Меднік (‘спецыяліст па вырабу і рамонту медных рэчаў’ [4, с. 340]), Мельнікаў, Мірошнікаў (мірошнік ‘млынар’ [4, с. 132]), Міснікаў (міснік ‘місачкін’ [3, с. 285]), Музыка, Музыкін, Музычкін, Мяснікоў, Налівайка (укр. налйвайко ‘налівальшчык, той, хто налівае’ [3, с. 296]), Партны (рэг. ‘кравец’ [3, с. 315]), Пісьменнікаў, Ратнікаў (ад ратнік ‘радавы салдат дзяржаўнага апалчэння’ [10, с. 100]), Рашэтнікаў (‘той, хто вырабляе рэшата’ [7, с. 140]), Рэзнікаў (ад укр. різник ‘прадавец мяса, мяснік’ [10, с. 101]; ад разнік ‘той, хто займаецца рэзаннем жывёлы, мяснік’ [5, с. 546]), Рубан (ад рубіць ‘секчы’ [3, с. 353]), Рудкоўскі, Рудніцкі (руднік, той, хто здабывае ці плавіць руду [3, с. 355]), Рыбакін, Рыбакоў (ад рыбак [3, с. 356]), Сальнікаў (разм. сальнік ‘гандляр салам’ [3, с. 582]), Седляраў, Седляроў (укр. сідляр ‘той, хто вырабляе сёдлы, сёдзельнік’ [3, с. 403]), Скрыпнік (рус, укр. скрипник ‘скрыпач’ [3, с. 380]), Слесараў, Смаляроў (рэг. смаляр ‘той, хто працуе ў смалярні, смалакур’ [3, с. 384]), Сталяроў, Сторажаў, Стукалаў (стукала ‘той, хто прывык стукаць чым-небудзь’ [4, с. 190]), Ткачоў, Фабрыкант, Фабрычкін, Шапавалаў (шапавал ‘майстар, які вырабляе валеннем шэрсці капелюшы і інш. рэчы’ [5, с. 754]), Шаўцоў (шавец ‘майстар па шыццю і рамонту абутку’ [5, с. 753]) Швараў (швар ‘кравец’ [4, с. 225]), Шведаў, Швец (швед, швец ‘кравец’ [4, с. 225]), Шкляраў, Шкляроў, Шклярэўскі (шкляр ‘работнік шкляной прамысловасці’ [5, с. 758]), Школьнік (ст. бел. ‘кіраўнік школы’ [3, с. 475]), Шорнікаў(рэг, рус. шорнік ‘рымар’ [3, с. 479]), Шынкароў, Шынкарэнка (шынкар ‘уладальнік шынка’ [5, с. 768]) і інш.

Не засталіся не заўважанымі і прылады працы чалавека, прадметы бытавога ўжытку і іх часткі, назвы: Абуховіч (абух ‘тупая частка сякеры, процілеглая лязу’ [4, с. 145]), Абушэнка (абух [3, с. 16]), Барылаў (ст. бел. барила ‘бочачка’ [3, с. 43]), Болцікаў, Брундукоў (рус. брундук ‘адна з вяровак парусных снасцей’ [3, с. 61]), Булаўка(булава ‘кароткае жазло з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара’ [5, с. 96]), Гакаў(гак ‘востры шып у падкове’ [5, с. 140]), Голікаў (голік ‘венік без лісця’ [4, с. 59]), Гунькоў (рэг. гунька ‘пакрывала на каня’ [3, с. 121]), Жыгалкін (рэг. жыгала ‘металічны прут, якім кавалі выпальваюць дзіркі ў дрэве’ [3, с. 149]), Зыбін (зыба, зыбка ‘калыска’ [6, с. 125]), Кадушкін (кадушка ‘невялікая кадзь’ [5, с. 262]), Камкоў(камка ‘шаўковая тканіна’ [6, с. 133]), Капылоў (капыл ‘нешта вертыкальнае, напрыклад, брусок, які злучае палазы з санямі’ [4, с. 105]), Каробушка, Каробушкін(памянш. каробушка ад каробка [3, с. 186]), Клецаў (рэг. клёц ‘зуб бараны’ [3, с. 206]), Кужалеў, Кужэльны (кужаль ‘валакно ачэсанага лёну, а таксама ніткі з такога валакна’ [5, с. 306]), Куўшынаў, Лемешаў (ад лемеш ‘рэжучая частка плуга’ [10, с. 62]), Лубачкін (бел. лубка ‘кошык з луба, лубянка’ [3, с. 257]), Лямцаў, Лямцоў (лямец ‘тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з шэрсці, воўны’ [5, с. 325]), Папруга, Папругін, Папружкін (папруга ‘частка збруі для ўмацавання падсядзёлка на спіне каня’ [5, с. 439]), Рагачоў (рэг. рагач ‘ражон, палка’ [3, с. 345]), Скоблікаў (скобель ‘цяслярская прылада для скаблення’ [4, с. 183]), Судніковіч (рэг. суднік ‘шафа для кухоннай пасуды’ [3, с. 397]), Сундукоў (ад сундук [3, с. 398]), Табакін (разм. табака ‘тое, што і тытунь’ [5, с. 649]), Тачылаў, Тачылін, Тачылкін (тачыла ‘тачыльны камень, а таксама станок для навострывання рэжучых інструментаў’ [5, с. 655]), Файкін, Файкоў (бел. рэг., рус. файка ‘люлька’ [3, с. 423]), Хатылеў (рэг. хатыль ‘катомка’, ‘кошык з бяросты’ [3, с. 428]), Чашаў, Чашачкін, Чашын, Шыцікаў (ад рус. рэг. шыцік ‘разнавіднасць лодкі на Поўначы і ў Сібіры’ [10, с. 171]), Шустаў (рус., укр. шуст ‘прыстасаванне для выраўнівання ствала стрэльбы’ [3, с. 485]) і інш.

Працяг чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.